Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі б я выйшаў да войска з сынам, падумалі б, што я дурны"


Былы міністар абароны генэрал Павал Казлоўскі пра ўдзел сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая ў вучэньнях “Восень-2008”.


Мікалай Лукашэнка быў у такой самай вайсковай форме, як і бацька, назіраў за вучэньнямі празь цёмныя акуляры, разам з бацькам прымаў рапарты генэралаў, пабываў у цэнтры стратэгічнага ўпраўленьня ўзброенымі сіламі, куды нават не пусьцілі журналістаў.





Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі назваў гэта спэктаклем:

“Першае ўражаньне, што гэта нейкі спэктакль. Я памятаю яго пасаж, калі ён сказаў, што вось мой пераемнік, які зойме пасьля мяне пасаду прэзыдэнта.

І калі мне сказалі ўчора, што калі ішоў парад войскаў пасьля вучэньняў і прэзыдэнт прымаў гэты парад, то сын ягоны ў палявой форме побач прыкладаў руку да галаўнога ўбору, я вельмі зьдзівіўся такому глупству. Галоўнакамандуючы — для чаго побач зь ім сын? Калі для вайскоўцаў гэта заўсёды была вельмі ўрачыстая працэдура. Калі б я выйшаў да гэтага войска са сваім сынам маленькім, то падумалі б, што я дурны. Бо гэта такая афіцыйная працэдура падвядзеньня вынікаў вучэньня. У працэдуры ён староньні. Пашылі пад яго памер палявую вайсковую форму.

У мяне няма камэнтару, як у генэрала, як у чалавека, які ўсё жыцьцё аддаў войску. Мне сорамна бачыць такія нюансы. Я ведаю, афіцэры, якія сёньня служаць у войску, гэта ўспрымаюць вельмі неадназначна — скажам культурна так.

Я быў у войсках ЗША, Францыі, Нямеччыны, Малдовы. Дзе я ні быў, я ня бачыў такога”.

Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка часта зьяўляецца на публіцы ў суправаджэньні малодшага сына. Абодва Лукашэнкі пабывалі на саміце кіраўнікоў СНД у Бішкеку, дзе малодшы быў прадстаўлены кыргыскім урадоўцам.

Таксама кіраўнік краіны разам з 5-гадовым Мікалаем перад тэлекамэрамі браў удзел у суботніку, езьдзіў па чарнобыльскіх рэгіёнах і на Алімпіяду ў Пэкін, галасаваў Міколкавай рукой падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG