Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці прэзыдэнтаў: шляхі прасоўваньня ва ўладу


Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем
Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем

Аляксандар Лукашэнка ўсё часьцей зьяўляецца на публіцы з 5-гадовым Мікалаем. Для Эўропы — выключны выпадак, калі першая асоба так рэклямуе пазашлюбнага сына.


Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка ўсё часьцей зьяўляецца на публіцы ў суправаджэньні 5-гадовага сына Мікалая. Зь ім перад тэлекамэрамі ён браў удзел у суботніку, езьдзіў па чарнобыльскіх рэгіёнах і на Алімпіяду ў Пэкін, галасаваў Міколкавай рукой падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Напярэдадні Лукашэнкі вярнуліся з саміту кіраўнікоў СНД у Бішкеку, дзе малодшы быў прадстаўлены кыргыскім урадоўцам. Варта нагадаць, што і астатнія сыны Лукашэнкі — стала ў бацькавым полі зроку. Старэйшы Віктар — прэзыдэнцкі дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, сярэдні Дзьмітрый — кіраўнік Прэзыдэнцкага спартовага клюбу. Ці прымальная для Эўропы практыка рэклямаваньня ды “прасоўваньня” ва ўладныя структуры дзяцей першых асобаў?

Аляксандар і Віктар Лукашэнкі
На тэрыторыі былога СССР пакуль толькі аднойчы сын заступіў на пасаду бацькі-прэзыдэнта — неўзабаве пасьля сьмерці кіраўніка Азэрбайджану Гейдара Аліева ягонае месца заняў Ільхам Аліеў. У астатніх выпадках прэзыдэнты імкнуцца выправіць дзяцей далей ад радзімы — перадусім каб даць адукацыю ў прэстыжных ВНУ ці ўладкаваць на працу ў пасьпяховыя бізнэс-структуры.

У ніводнай суседняй зь Беларусьсю краіне дзеці прэзыдэнтаў не “засьвечаныя” на палітычным небасхіле. Праўда, раз-пораз хтосьці трапляе ў сьвецкія ці крымінальныя хронікі — як Андрэй Юшчанка, 22-гадовы сын прэзыдэнта Ўкраіны, аматар адпачынку на шырокую нагу. Аднак на гэтым удзел чальцоў сям’і Юшчанкаў у жыцьці дзяржавы, сьцьвярджае кіеўскі піяр-мэнэджэр Алена Казачэнка, і сканчаецца:

“У прынцыпе, Віктар Юшчанка ня ходзіць зь дзецьмі дзеля таго, каб засьвяціцца на публіцы. Увогуле ў яго пяць дзяцей, два большых ад першага шлюбу і трое малых ад другога.
Кацярына, Віктар і Віталіна Юшчанкі
Дарэчы, самаму малодшаму ў 2004 годзе, падчас падзеяў на Майдане, было крыху больш за год. Часам зьяўляецца ягоная Віталіна на якіхсьці культурных мерапрыемствах, бо тут няма, самі разумееце, ніякіх ні суботнікаў, ні санкцыянаваных дзён здароўя. Прынамсі, на нейкіх публічных мерапрыемствах я кіраўнікоў краіны зь дзецьмі ня бачыла. Было неяк, што аднойчы зь Юліяй Цімашэнкай езьдзіла ў Брусэль яе дачка, але гэта было па лініі Эўрапейскай народнай партыі. То бок надзвычай рэдка тут першыя асобы зьяўляюцца на людзях зь сям’ёй”.

У Беларусі сытуацыя прынцыпова іншая. Нягледзячы на фармальна абвешчаную вайну пратэкцыянізму, дзеці Лукашэнкі атрымалі не апошнія ў дзяржаве пасады. Віктар Лукашэнка ўладкаваны дарадцам прэзыдэнта ў Радзе бясьпекі, Дзьмітрый атрымаў пад сваю каманду спэцыяльна заснаваны Прэзыдэнцкі спартовы клюб, які, сярод іншага, кантралюе прыбыткі ад аднаго з сэктараў азартных гульняў — розыгрышаў “Спортлато”. Але калі старэйшыя сыны трапляюць у прыцэл аб’ектываў эпізадычна, то малодшы за апошні час стаў сапраўднай “зоркай” — апошнія паўгоду Аляксандар Лукашэнка намагаецца пры кожным зручным выпадку паказаць сваё дзіця,
Нягледзячы на фармальна абвешчаную вайну пратэкцыянізму, дзеці Лукашэнкі атрымалі не апошнія ў дзяржаве пасады.
пра існаваньне якога краіна даведалася толькі сёлета.

Зрэшты, яшчэ раней Лукашэнка інтрыгаваў журналістаў, заяўляючы, што наўрад ці Беларусьсю будуць кіраваць Віця ці Дзіма, а вось самы малодшы — “унікальны чалавек”. Цяпер Міколку пяць гадоў, а ягоная маці, на прызнаньне самога Лукашэнкі, не Галіна Радзівонаўна, якая засталася ў Рыжкавічах, а “лекарка”. Ужо не сакрэт, што гэта Ірына Абельская; адразу яна лекавала асабіста прэзыдэнта, а потым, да нараджэньня Міколкі, узначальвала так званую “лечкамісію”. Цяпер працуе на шараговай пасадзе ў 9-м менскім шпіталі, аднак, як кажуць у кулюарах установы, рыхтуюцца дакумэнты на тое, каб зацьвердзіць Абельскую кіраўніцай клінікі. Чуткі пра тое, што маці нібыта ня мае магчымасьці бачыцца з сынам і з прычыны псыхалягічнага зрыву быццам трапіла ў псыхіятрычны шпіталь, супрацоўнікі “дзявяткі” не пацьвярджаюць.

Увогуле для Эўропы гэта выключны выпадак, калі першая асоба так рэклямуе пазашлюбнага сына. Прыкладам, у суседняй Польшчы такія факты калі і здараюцца, то іх старанна хаваюць. Супрацоўніца Пятай праграмы вяшчаньня на замежжа Польскага радыё Яланта Сьмялоўская кажа, што ў выпадку з кіраўніком Польшчы Лехам Качыньскім існуюць падобныя прычыны, з-за якіх асабістае жыцьцё сям’і не выносіцца напаказ:

“Не было асабліва чым і хваліцца, таму што ягоная дачка разьвялася з мужам і нарадзіла дзіця іншаму. Так што ў гэтым сэнсе нічога добрага сказаць нельга. Дарэчы, калі Квасьнеўскі быў прэзыдэнтам і іхная дачка была яшчэ ў
Для Эўропы гэта выключны выпадак, калі першая асоба так рэклямуе пазашлюбнага сына.
ліцэйскім узросьце, то яны яе вельмі моцна хавалі ад журналістаў, ад газэтаў. Яна толькі цяпер, калі бацька перастаў быць прэзыдэнтам, выступіла на тэлебачаньні ў праграме “Танец зорак”. Прыкладам, сын Валэнсы цяпер у парлямэнце, але ён быў туды абраны. Але каб каго зь дзяцей прасоўвалі на пасады, то не прыгадваю, каб нешта было. Дарэчы, у гэтым сэнсе вельмі моцна ідзе крытыка партыйных рашэньняў, ня тое што сямейных. Калі кіраўнік нейкай партыі вылучае на высокія пасады свайго чалавека ў пэўных дзяржаўных установах, то нават гэта вельмі моцна крытыкуецца”.

Не асабліва пускаюць пабочных у прыватнае жыцьцё і расейскія лідэры. Дзьве дачкі цяперашняга прэмер-міністра Ўладзімера Пуціна — 23-гадовая Марыя і 22-гадовая Кацярына — пад завесай поўнай сакрэтнасьці. Нягледзячы на статус бацькі, яны не “тусуюцца”, ігнаруюць тэлекарцінку. Цягам 8-гадовага прэзыдэнцтва Пуціна было толькі вядома, што дзяўчаты вучацца: у 2005-м яны сталі студэнткамі Санкт-Пецярбурскага ўніверсытэту, адпаведна — біялягічнага і ўсходняга факультэтаў. Не дае нагоды для размоваў і цяперашні прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў. У прэсе прасьлізнула, што ягоны 12-гадовы сын Ільля наведвае школу, месцазнаходжаньне якой трымаецца ў таямніцы. Толькі аднойчы ў інтэрвію Мядзьведзеў сказаў, што “Ільля хоць і не выдатнік, але разумны, стараецца бацькоў не засмучаць”.

У сумежных дзяржавах не становяцца набыткам галоснасьці нават тыя старонкі біяграфіі палітыкаў, якія дэманструюць іх найлепшыя чалавечыя якасьці. Літоўскі радыёжурналіст Ёнас Лаўрынавічус кажа, што прэзыдэнт Валдас Адамкус уласных дзяцей ня мае, але пры гэтым падняў на ногі трох дзяцей свайго брата і трох дзяцей сястры сваёй жонкі. Аднак палітычных дывідэндаў на гэтым ніколі не зарабляў:

“Ён выгадаваў гэтых дзяцей, якія засталіся без бацькоў, калі жыў яшчэ ў Злучаных Штатах. Пра гэта пісалі, калі ён першы раз ішоў на прэзыдэнта, у 1998 годзе. То бок у гэтым сэнсе чалавек 100-працэнтова чысты і высакародны. Сярод міністраў, канечне, ёсьць моманты нэпатызму, неаднойчы пападаліся гэтыя “залатыя дзеткі” на розных махінацыях. Можна ўзгадаць дзяцей былога міністра транспарту Бальчыціса альбо віцэ-міністра транспарту Шакаліса, адзін трапіўся нават на наркотыках. То бок дзеткі такіх людзей, натуральна, карыстаюцца нейкімі льготамі. Хто-ніхто кажа, што юрыдычны ўнівэрсытэт у Літве — месца, дзе яны стала “пасьвяцца”. Але Адамкус — гэта ўвогуле іншая пляніда. Гэта чалавек, які быў інкарпараваны ў літоўскую палітыку, калі шукалі нейкага балянсу сілаў паміж правымі і левымі, таму што яны на той момант былі проста непрымірымыя”.

Прасоўваньне дзяцей па кар’ернай лесьвіцы — звыклая справа для афрыканскіх краінаў ды шэрагу азіяцкіх рэгіёнаў. Аднак у Эўропе з такой зьявай заўсёды змагаліся як з непрымальнай для цывілізаванага сьвету. Беларусь, відавочна, гатовая ламаць “састарэлыя” стэрэатыпы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG