Паводле зьвестак Белстату, валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені 2018 году вырас на 4,6% у параўнаньні са студзенем мінулага году. Тэмпы росту сьнежань да сьнежня былі значна меншыя: толькі 2,4% (але і гэта было нечакана шмат для ўраду).
Вытворчасьць ВУП значна вырасла (студзень да студзеня) у апрацоўчай прамысловасьці (+13%), гандлі (+7,1%) і будаўніцтве (+6,1%), меней вырасла ў падатках на прадукты (+4,7%), у транспарце (+4,3%) і сельскай гаспадарцы (+2,9%), не зьмянілася ў горназдабыўной прамысловасьці, але ўпала ў энэргазабесьпячэньні (–1,9%) і водазабесьпячэньні (–1,8%).
Прычын студзеньскага «скачка» Белстат не тлумачыць. Але намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Чарвякоў заявіў, што гэта «леташні рост заробкаў паўплываў на спажывецкі попыт», піша БелаПАН.
Вынікі 2017 году: скарачэньне насельніцтва, праца на склад, зьніжэньне ўраджаю бульбы
Да таго ВУП Беларусі падаў два гады запар: мінус 3,8% за 2015 год, мінус яшчэ 2,5% за 2016-ы.
![Зьмены ў ВУП Беларусі паводле Белстату (студзень да студзеня, люты да лютага і г.д.)](https://gdb.rferl.org/82C7B600-B4CF-4204-B4D1-4C5A64477679_w1080_h608_b_s.png)
Зьмены ў ВУП Беларусі паводле Белстату (студзень да студзеня, люты да лютага і г.д.)
У Беларусі апошнім часам таксама назіраецца нізкая інфляцыя — па выніках 2017 году яна была найніжэйшая за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі. Прычынамі гэтага могуць быць нізкая інфляцыя ў суседняй Расеі, жорсткая манэтарная палітыка Нацбанку і адсутнасьць інфляцыі попыту на тавары празь нізкія даходы.