Як паведамляе Нацыянальны банк Беларусі, уплыў на сьнежаньскую дынаміку аказала плянавае пагашэньне вонкавых і ўнутраных абавязаньняў на суму большяк паўмільярда даляраў.
У той жа час паступалі сродкі ад продажу Нацбанкам і Міністэрствам фінансаў Беларусі аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, ад экспартных мытаў на нафту і нафтапрадукты, крэдыт Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, крэдыт ураду Расеі.
У цэлым па выніках 2017 году, як адзначае Нацбанк, прырост рэзэрваў склаў 2 мільярды 388 мільёнаў даляраў.
Арыенцір —10 мільярдаў даляраў
Згодна з «Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год», аб’ём міжнародных рэзэрвовых актываў на 1 студзеня 2019 году з улікам пагашэньня ўнутраных і вонкавых абавязаньняў не павінен апусьціцца ніжэй за 6 мільярдаў даляраў.
Раней Нацыянальны банк заяўляў, што мінімальны ўзровень рэзэрваў, на які варта арыентавацца Беларусі ў будучыні, — 10 мільярдаў даляраў. Такі ўзровень задавальняў бы міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, крэдытораў і дазваляў бы краіне пазычаць сродкі на замежных рынках капіталу на больш выгадных умовах.
Сумарная дзяржаўная запазычанасьць Беларусі перавысіла 20 мільярдаў даляраў і складае 39,3% ВУП. На гэтыя мэты ідзе блізу 10% дзяржаўнага бюджэту, у зьвязку з чым даводзіцца скарачаць сацыяльныя выдаткі.