Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэальныя заробкі вырасьлі ўдвая меней за сярэднія ў 2017 годзе


Паводле дакладу аб сацыяльна-эканамічных паказьніках Беларусі за 2017 год, які апублікаваў «Белстат», рэальныя заробкі вырасьлі значна меней за сярэднія налічаныя.

За ўвесь 2017 год сярэдні налічаны заробак беларусаў склаў (без вынятку падаткаў і выплат) 815,2 рубля. На сьнежань 2017 году ён быў роўным 995,3 рубля (паводле цяперашняга курсу, гэта крыху больш за 500 даляраў, але паводле сярэдняга курсу Нацбанку за сьнежань — крыху менш за 500), і гэта на 12,6% больш за лічбы сьнежня 2016 году. Больш за 1000 рублёў налічанага заробку на лістапад мелі толькі 20% беларусаў.

Які рэальны наяўны грашовы даход сярэднестатыстычнага беларуса быў у сьнежні, пакуль не паведамляецца. Але на лістапад 2017-га ў параўнаньні зь лістападам 2016 году рэальныя даходы вырасьлі толькі на 6,2%. На душу насельніцтва толькі грашовых даходаў прыходзілася за студзень-лістапад 551,7 рубля. Беларусы атрымалі «па пяцьсот» даляраў даходу, але не на чалавека, а на сям’ю.

За 2016 год розьніца яшчэ большая: намінальны налічаны сярэдні заробак вырас на 7,3%, а рэальныя даходы ўпалі на 7%.

Пэнсіі вырасьлі нязначна, занятых у эканоміцы стала меней

Сярэдні памер налічаных пэнсіяў за 2017 год вырас на 5,9%, але рэальны памер — толькі на 1,2%. Пры гэтым за сьнежань сярэдні памер пэнсіяў зьменшыўся на 0,1%, рэальны — на 0,3%.

Колькасьць занятых у эканоміцы пры гэтым скарацілася на 1,3% за 2017 год, на 2% за 2016-ы. Штомесяц за прагулы і іншыя парушэньні дысцыпліны звальнялі звыш дзьвюх тысяч чалавек (толькі ў студзені і лютым 1867 і 1577 адпаведна, далей — больш), па некалькі соцень скарачалі (рэкорд у жніўні з 1624 скарочаных ці звольненых празь ліквідацыю кампаніі).

ВУП павялічыўся, аб’ёмы будаўніцтва ўпалі

Валавы ўнутраны прадукт за 2017 год вырас, паводле Белстату, на 2,4%, прадукцыйнасьць працы — на 3,6%. Аб’ёмы вытворчасьці ў прамысловасьці ў грашовым выражэньні падвысіліся на 6,1%, сельскай гаспадаркі — на 4,1%, але вытворчасьць бульбы ў абсалютных аб’ёмах упала на 3,1%, гародніны на 4,2%. Спажывецкія цэны за год («сьнежань да сьнежня») вырасьлі на 4,6%, цэны на прамысловую прадукцыю — на 11,2%, на сельскагаспадарчую — на 12,2%, на бульбу — на 25%, на яблыкі — на 53%.

Заўважна ўпалі за 2017 год аб’ёмы будаўніцтва: мінус 11,5% квадратных мэтраў агулам, мінус 40,7% жытла, збудаванага зь дзяржаўнай падтрымкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG