Сёньня Кірыл Руды працуе паслом Беларусі ў Кітаі. Некалькі месяцаў таму ён выдаў кнігу «Бо так вырашылі мы» — пра эканоміку паводзін беларусаў. У ёй аўтар ставіць бязьлітасныя ацэнкі беларускаму грамадзтву, называе слабыя месцы беларускай мэнтальнасьці і прагназуе, што аўтарытарызм скончыцца тады, калі на яго зьнікне попыт у грамадзтве.
«Беларусам трэба разьвіваць сьмеласьць, адкрытасьць, плюралізм»
— Адной з галоўных праяваў мэнтальнасьці беларусаў вы называеце іх разьяднанасьць. Што ў гэтым незвычайнага, калі сьвет даўно стаў глябальнай вёскай?
— Паводле апытаньня жыхароў 95 краін у рамках усясьветнага і эўрапейскага дасьледаваньняў каштоўнасьцяў (WVS, EVS) за пэрыяд з 1995 па 2005 гады, Беларусь, разам з Чэхіяй і Славеніяй, — адна з краін з самым высокім у сьвеце ўзроўнем скептыцызму да ўлады, рэлігіі, нацыянальнасьці і грамадзкіх нормаў. Адначасова ў Беларусі невысокія паказьнікі імкненьня да свабоды выбару і роўнасьці магчымасьцяў. Адсюль апатыя і абыякавасьць — «нічога ня трэба: ні свабоды, ні несвабоды».
— А якія каштоўнасьці, на вашу думку, маглі б і павінны былі б аб’ядноўваць беларусаў?
— Пры неразьвітым унутраным аб’яднальніку грамадзтва такім вонкавым аб'яднальнікам становіцца дзяржаўнасьць. Да пэўнага ўзроўню разьвіцьця дзяржаўнасьць кансалідуе, стымулюе эканамічны рост, але потым эканоміка трапляе ў пастку і ходзіць па коле.
— Што ў такім выпадку можа дапамагчы выйсьці з такога кола?
— Каб перайсьці ад «я» да «мы», ад індывідуалізму да салідарнасьці, а не да калектыўнага эгаізму, трэба разьвіваць імкненьне да пэўнасьці, сьмеласьці, адкрытасьці, талерантнасьці, плюралізму. Гэтыя каштоўнасьці могуць аб’яднаць грамадзтва, стымуляваць інавацыі і вывесьці эканоміку з «пасткі сярэдняга даходу».
«Двухдумства беларусаў запавольвае эканоміку і хавае памылкі»
— У разьдзеле пра культурную матрыцу беларусаў адной з прычын так званай «п’янай паходкі», або беларускай нявызначанасьці, вы называеце двухдумства. Але ў разьвітых дэмакратычных краінах грамадзтвы часта падзеленыя 50/50, там мяняецца ўлада, мяняюцца сыстэмы. Дык чаму ў нас гэта перашкода для разьвіцьця?
— Сёньня агулам у сьвеце адчуваецца нявызначанасьць. Папулізм кідае выклік дэмакратыі. Але пры гэтым эканамічныя сыстэмы не мяняюцца. Ніхто не адмовіўся ад капіталізму, прыватнай уласнасьці, рынку і канкурэнцыі. Зьмяняецца толькі хуткасьць руху на гэтым шляху. Двухдумства запавольвае эканоміку, хавае памылкі. У сваю чаргу, пэўнасьць дазваляе вучыцца на памылках, не паўтараць іх і паскарацца. Для эканомікі Беларусі двухдумства характэрнае на прыкладзе шэрагу дзяржпрадпрыемстваў. Некаторыя — рэцыпіенты зь бюджэту, чыстыя імпартэры, даўжнікі, з залішнім пэрсаналам, яны «захрасьлі» ў сваёй гісторыі. Яны жывуць дзякуючы нявызначанасьці свайго прызначэньня. І ў сваёй бягучай структуры яны сталі бар’ерам для эканамічнага росту.
— А дзе ўзяць гэтую пэўнасьць, як яна нараджаецца?
— Такая пэўнасьць зьяўляецца дзякуючы адукацыі і навуцы, якія дэмістыфікуюць эканоміку. Ёсьць жа і іншыя кампаніі, якія плацяць падаткі, забясьпечваюць высокакваліфікаваныя працоўныя месцы, чысты экспарт, выходзяць на IPO, напрыклад, EPAM Systems. Гэта і ёсьць сапраўдныя флягманы.
«Трэба вызваліць навуку і адукацыю ад догмаў»
— Часткай беларускага коду вы называеце баязьлівасьць. А як можна зьмяніць мэнтальнасьць людзей, каб яны жадалі нечага большага, чым проста захаваць статус-кво?
— Ёсьць такі анэкдот: «Чаго вы хочаце? — Свабоды. — Дык вы ж на свабодзе». У кожнага свой градус страху. Гістарычная турэмная блізкасьць, адпаведная рыторыка, культура, інфармацыйны фон у цэлым захоўваюць атрыманыя ў спадчыну грамадзтвам нэгатыўныя стымулы. Яны прымушаюць шанаваць цяперашні час, арыентуюць на выжываньне і прыстасаваньне, а яны пераважаюць над свабодай і ініцыятывай.
— Што тады ў выпадку беларусаў можа быць імпульсам для больш амбітных мэтаў?
— Адвага нараджаецца з пэўнасьці і выяўляецца ў салідарным разуменьні, «што добра» і «што дрэнна». Гэта датычыць у тым ліку і немагчымасьці дазваляць свабодзе выбіраць несвабоду. У сваю чаргу, яснасьць мысьленьня і паводзін, як ужо адзначалася, — гэта вытворная ад розуму. А каб розум стаў бясстрашным, трэба вызваліць навуку і адукацыю ад догмаў. Прасьцей кажучы, каб грамадзтва стала адважным, каб павялічыла свае чаканьні, неабходна павялічыць у краіне сярэдні ўзровень адукацыі, сярэдні даход і сярэдні кляс. Гэта дасьць магчымасьць быць больш амбітнымі.
«Тое, што сёньня „загружаецца“ ў чалавека, яго і фармуе»
— За прыманьне рашэньняў беларусамі, паводле вас, адказвае культурная матрыца, якая сфармавалася пад уплывам траўмаў. Але ў сьвеце ёсьць шмат народаў і дзяржаў, якім удалося збудаваць эфэктыўныя сыстэмы, нягледзячы на тое, што ўзровень фобій і траўмаў у іх значна большы. У фінаў вайна таксама займае важнае месца ў гісторыі, расейскае і швэдзкае панаваньне, суворы клімат, дэпрэсіўнасьць. Ізраіль жыве ў стане пэрманэнтнай вайны і з памяцьцю пра Галакост.
— Гэта складанае пытаньне, як фармуецца культурная матрыца. У самой кнізе выкладзены сумнеў ня толькі адносна істотнага ўплыву гісторыі, але і ўвогуле адносна таго, ці існуе культурная матрыца, ці не зьяўляецца яна чымсьці выдуманым, каб тлумачыць складаныя сацыяльна-эканамічныя працэсы. Ёсьць шмат прыкладаў, якія пацьвярджаюць гэты сумнеў: Аргентына, Нямеччына, Італія, Гішпанія, Кітай, Карэя, Расея, Японія. Грамадзтвы ў гэтых краінах у розныя пэрыяды сваёй гісторыі не былі падобныя самі да сябе. Таму, верагодна, гісторыя ня робіць вызначальнага ўплыву на культурную матрыцу.
Узаемасувязь асяродзьдзя пражываньня з культурай сёньня таксама сумнеўная. Можа, раней клімат і геаграфія мелі сваю ролю. Напрыклад, доступ да гандлёвых шляхоў, рэсурсы, суровы клімат у свой час фармавалі ў некаторых грамадзтвах шматкультурнасьць, схільнасьць да прадпрымальніцтва, да інавацый. Але сёньня — з разьвіцьцём навукі, тэхналёгіі, урбанізацыі, адкрытасьці, дэмакратызацыі, росту даходаў — уплыў асяродзьдзя пражываньня на культуру слабее.
— Тады што ў сувязі з гэтым фармуе гэтую культуру і, адпаведна, паводзіны?
— Вызначальны ў фармаваньні культурнай матрыцы — інфармацыйны фон. Усё тое, што сёньня «загружаецца» ў чалавека, яго і фармуе. Калі нас інфармацыйна атачаюць, напрыклад, савецкія сымбалі, культ Другой усясьветнай вайны, то гэта ўплывае і на нашы эканамічныя паводзіны.
«Будучыню трэба шукаць у будучыні, а не ў мінулым»
— У сваёй кнізе вы крытыкуеце кароткатэрміновы арыенцір беларусаў. Вы зьвязваеце яго з арыентацыяй на савецкае мінулае. Але людзі хочуць жыць тут і цяпер, а не спадзявацца, што «хоць дзеці некалі зажывуць». Ці гэты арыенцір на будучыню — не праява папулізму, які вы таксама крытыкуеце?
— Жыцьцё сёньняшнім днём арыентаванае на спажываньне і вядзе да зьнясіленьня неаднаўляльных рэсурсаў: прыродных, фінансавых, інтэлектуальных. Кароткатэрміновы арыенцір узьнікае празь неразьвітасьць інстытутаў, калі даводзіцца самім вырашаць усе пытаньні тут і цяпер, а таксама з прычыны жаданьня задаволіць адкладзеныя патрэбы. Гэта сындром беднасьці. Ён праходзіць пасьля дасягненьня пэўнага ўзроўню разьвіцьця, насычэньня, і тады ў грамадзтве сам нараджаецца доўгатэрміновы арыенцір. Гэта ня зьнешні імпульс.
— Але як абяцаньне дабротаў праз N гадоў можа быць імпульсам і натхненьнем для людзей? Што павінна адбыцца, каб беларусы ў гэта паверылі?
— Арыенцір на будучыню стварае схільнасьць да зьберажэньняў і інвэстыцый, а ня толькі да спажываньня. Вы кажаце пра вырашэньне праблемаў па меры таго, як яны набіраюцца. Але гэта значыць ставіць у адзін шэраг дробныя і буйныя праблемы, не расстаўляць прыярытэты, не плянаваць рэсурсы. Гэта ўжо сапраўды нерацыянальна і безадказна ў адносінах да дзяцей, якім давядзецца пераадольваць наступствы такога «добрага» жыцьця бацькоў.
— Дык калі савецкае мінулае і яго ўплыў на ўласнасьць, сыстэму кіраваньня, прадпрымальніцтва прыносіць такія кепскія вынікі, то апэляцыя да якіх гістарычных каштоўнасьцяў можа зьмяніць сыстэму эканамічных паводзін беларусаў?
— Будучыню трэба шукаць у будучыні, а не ў мінулым. Нашы любыя гістарычныя аналёгіі могуць быць натхняльнымі і рыфмавацца з сучаснасьцю, але калі сур’ёзна, то яны проста недарэчныя ў сёньняшняй эканоміцы. Ёсьць сучасны пасьпяховы ўсясьветны вопыт, які можна выкарыстоўваць, нічога самім не выдумляючы і не аднаўляючы са свайго мінулага. Калі мы станем усясьветнымі лідэрамі ў якой-небудзь сфэры, тады зможам прапагандаваць уласны вопыт, спасылаючыся, магчыма, і на гістарычныя каштоўнасьці.
«Наша грамадзтва, якое часам само ня ведае, чаго яно хоча»
— Да нэгатыўных рысаў беларусаў вы адносіце патэрналізм. Але патэрналізм ёсьць і ў Кітаі, краіне, якая сваёй дамінацыяй ахоплівае ўвесь сьвет і дэманструе посьпехі ў эканоміцы.
— Паміж нашым і кітайскім, ці азіяцкім, патэрналізмам ёсьць адрозьненьні. Па-першае, Дэн Сяопін пры правядзеньні палітыкі рэформаў і адкрытасьці амаль ня слухаў думкі грамадзтва, якое яшчэ не адышло ў той час ад культурнай рэвалюцыі. Або Лі Куан Ю ў Сынгапуры. У ягоным пакаленьні толькі адзінкі мелі адукацыю. Каго там было слухаць? Абодва гэтыя лідэры-патэрналісты рабілі стаўку на перадавы вопыт, адукацыю і ўкаранялі тое, што давала плён.
— Тады ў чым сакрэт іх эканамічнага посьпеху?
— Посьпех быў дасягнуты дзякуючы пэўнасьці, куды павінна была рухацца эканоміка — да рынку і адкрытасьці, і патэрналізму, то бок кантролю за рухам наперад без адскокаў назад. У нас сёньня ў большай ступені, чым тады ў Кітаі і Сынгапуры, прыслухоўваюцца да думкі грамадзтва, якое часам само ня ведае, чаго яно хоча. І, дарэчы, кітайскае грамадзтва менш патэрналісцкае ў адносінах да дзяржавы, чым беларускае. У Кітаі дарагое мэдыцынскае забесьпячэньне, дашкольная адукацыя, дэкрэтны адпачынак усяго 3 месяцы. Разьлічваць даводзіцца перш за ўсё на сябе. Гэта павышае схільнасьць да зьберажэньняў, доўгатэрміновага плянаваньня, прадпрымальніцтва. У выніку сёньня больш за 60% ВУП Кітаю стварае малы і сярэдні прыватны бізнэс.
«Незалежнасьць сама па сабе не гарантуе дабрабыту»
— Вы кажаце пра важнасьць пачуцьця самастойнасьці. Чаму тады незалежнасьць, рэформы, пэўнасьць у заходнім вэктары, асуджэньне камунізму, стаўка на сваю гісторыю не разьвязалі, напрыклад, праблемаў краін Балтыі? Адтуль выяжджаюць сотні тысяч людзей, больш за 10% маладога насельніцтва, людзі расчароўваюцца ў элітах.
— Незалежнасьць сама па сабе не гарантуе дабрабыту. Гэта розныя характарыстыкі, якія прыносяць розныя вынікі. Рабіць самому ня значыць рабіць лепш. Дыскусія пра ўзаемасувязь паміж незалежнасьцю і дабрабытам вяртае нас да пытаньня пра кароткатэрміновы і доўгатэрміновы арыенціры грамадзтва. Незалежнасьць можна атрымаць хутка, а каб грамадзтву стаць багатым — патрэбны час. У гэтым лёс нашага пакаленьня. Для нас сатысфакцыяй можа стаць сам шлях і яго праходжаньне, а ня вынік, які атрымае наступнае пакаленьне. Калі хочаце хуткага выніку, то давядзецца эміграваць у разьвітую ўжо краіну, як гэта адбылося, напрыклад, з краінамі Балтыі. Калі хочаце стрымаць эміграцыю, прыцягнуць новыя фінансавыя і чалавечыя рэсурсы, тады неабходная арыентацыя на будучыню, упэўненасьць у разьвіцьці, відавочнасьць няспынных паляпшэньняў.
— У часткі беларусаў ёсьць пачуцьцё, што незалежнасьць не прынесла ім чаканых зьменаў. А можа, у гэтым ёсьць рацыя і народ проста мудрэйшы, чым прафэсары зь іхнымі тэорыямі, што свабодны народ і дзяржава змогуць усё?
— Што тычыцца мудрасьці народу, то ў яе можна паверыць і прытрымлівацца гэтай мудрасьці, калі ёсьць прызнаныя ў сьвеце вынікі гэтай мудрасьці. Тады і навукоўцы будуць вывучаць гэты пасьпяховы вопыт і будаваць на ім свае тэорыі. Але пакуль гэта падобна да папулізму і дэмагогіі.
— Ці зьменіцца мэнтальнасьць беларусаў, а праз гэта і правілы прыняцьця рашэньняў, у выніку зьмены пакаленьняў? Ці ўсё ж новае пакаленьне разьвіваецца па інэрцыі?
— Зьмена пакаленьняў можа прывесьці да зьмены каштоўнасьцяў, калі ў новага пакаленьня ёсьць больш магчымасьцяў, чым у папярэдняга, каб успрымаць і замацоўваць новыя каштоўнасьці. Напрыклад, калі ёсьць доступ да больш высокіх тэхналёгій, даходаў, ведаў, новай інфармацыі, арыенціраў. Але для эканомікі важней параўноўваць ня розныя пакаленьні адной краіны, а адно пакаленьне розных краін. «Хочацца жыць лепш за іншых, а ня лепш, чым раней». Таму пытаньне — у хуткасьці зьменаў каштоўнасьцяў у Беларусі і ў іншых краінах. Калі ў нас яны павальнейшыя, то і эканоміка будзе адставаць. Калі ў нас яны стануць хуткімі, то ёсьць шанец дагнаць і перагнаць іншыя грамадзтвы.
— А ці маглі б вы прывесьці пасьпяховыя прыклады, калі грамадзтвы за кароткі час здолелі хутка зьмяніць сябе і эканоміку? Пад уплывам чаго гэта адбывалася і што было імпульсам да пераменаў?
— Пасьпяховых прыкладаў эканамічнага «раскадаваньня» шмат. За 20 апошніх гадоў «стрэліла» Грузія, якая, паводле ацэнак знаёмых азіяцкіх бізнэсоўцаў, шмат па якіх умовах вядзеньня бізнэсу ўжо апярэдзіла Ганконг. Або Эстонія, на якую ў частцы IT-тэхналёгій пачалі раўняцца ЗША. Новы імпульс зьявіўся ва Ўзбэкістане. Пры гэтым час, неабходны для зьменаў, скарачаецца. Сынгапуру на гэта спатрэбілася 25 гадоў. Шанхаю і паўднёва-ўсходнім правінцыям Кітаю — 20, усходнеэўрапейскім краінам — менш.
— А з чаго трэба пачынаць?
— Пачынаць пераўтварэньні можна з чаго заўгодна, галоўнае, каб зьявіўся давер, які аб’ядноўвае. Недастаткова напісаць новы закон, які будзе прадпісваць жаданую рэальнасьць у краіне. Людзі павінны паверыць і самі падтрымліваць пастаяннасьць пераменаў. І ў гэтым трэба пераканаць ня толькі сябе і сваіх знаёмых. Доўгатэрміновы давер, які аб’ядноўвае ўсё грамадзтва, фармуецца не ў сваім коле, а як давер у адносінах да незнаёмцаў. Гэта падмурак для зьяўленьня «мы», якія будуць падтрымліваць устойлівы запыт на ўстойлівае разьвіцьцё.