Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі 2017 году: скарачэньне насельніцтва, праца на склад, зьніжэньне ўраджаю бульбы


Беларускі нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў экспэртнае заключэньне пра сацыяльна-эканамічны стан Рэспублікі Беларусь за 2017 год.

У ім прыводзяцца зьвесткі пра разьвіцьцё прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту, гандлю ды іншых галін.

Колькасьць насельніцтва і лік занятых зьменшыліся

Колькасьць насельніцтва Беларусі апусьцілася ніжэй за 9,5 мільёна чалавек — да 9 мільёнаў 491 тысячы. На пачатку 2000-х лічба перавышала 10 мільёнаў.

Колькасьць занятых у эканоміцы — 4 мільёны 350 тысяч, або 98,7% ад паказьнікаў гадавой даўнасьці. Афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных — амаль 23 тысячы.

ВУП і прадукцыйнасьць працы вырасьлі

Згодна са справаздачай, валавы ўнутраны прадукт у 2017 годзе перавысіў 105 мільярдаў рублёў, рост 2,4%. Прадукцыйнасьць працы па ВУП вырасла на 3,6%. Суадносіны індэксаў прадукцыйнасьці працы і рэальнага заробку — 0,99.

Заробкі вырасьлі, але не да абяцаных 500 даляраў

Намінальны сярэднемесячны заробак у Беларусі ў 2017 годзе, згодна са справаздачай, склаў 836,9 рубля. У сьнежні 2016-га сярэдні заробак складаў 801 рубель.

Мэдыянны заробак па Беларусі за лістапад 2017 году склаў 635,4 рубля. Гэта сума, вылічаная для чалавека «зь сярэдзіны табліцы», калі палова людзей зарабіла больш за яго, а палова — менш. Інакш кажучы, умоўная сярэдзіна паміж прыбыткамі самых багатых і самых бедных.

Пэнсіі таксама крыху вырасьлі

Сярэдні памер пэнсій па ўзросьце за 2017 склаў 314 рублёў, у 2016-м — 292 рублі.

Інфляцыя зьела рост заробкаў і пэнсій

У параўнаньні з 2016 годам павялічыўся індэкс цэнаў. Спажывецкі вырас на 4,6% на фоне сьнежня 2016-га, у будаўніцтве — на 8,5%, у прамысловасьці — на 11,2%, у вытворчасьці сельгаспрадукцыі — на 12,2%.

Прамысловыя запасы вырасьлі

Беларуская эканоміка працягвае ў значнай ступені працаваць на склад, запасы гатовай прадукцыі набліжаюцца ды 4 мільярдаў рублёў — гэта больш за 60% ад сярэднемесячнага аб’ёму прамысловай вытворчасьці.

Жыльлёвая дзяржпадтрымка згортваецца

Па выніках мінулага году ўведзена ў эксплюатацыю 3 мільёны 792 тысячы квадратных мэтраў жыльля. Гэта 88,5% у адносінах да 2016-га. Ад гэтага аб’ёму толькі паўмільёна квадратных мэтраў будаваліся зь дзяржаўнай падтрымкай — 59% ад таго, што было годам раней.

Зьнешні гандаль вырас

Аб’ём зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі цягам студзеня-лістапада 2017 году перавысіў 65 мільярдаў даляраў. Экспарт і імпарт прыблізна ў парытэце — больш за 32 мільярды даляраў. Станоўчае сальда склала 358 мільёнаў даляраў.

Цягам студзеня-сьнежня 2016 году аб’ём зьнешняга гандлю крыху перавысіў 50 мільярдаў даляраў, сальда зьнешнегандлёвага абароту тады было адмоўнае — 4 мільярды даляраў.

Пратэрмінаваныя запазычанасьці вырасьлі

Растуць сумы запазычанасьцяў паміж суб’ектамі гаспадараньня. Паводле ацэнкі, памер пратэрмінаваных разьлікаў перавысіў 10 мільярдаў рублёў, рост 5,6% у параўнаньні з годам раней. Удзельная вага ў гэтым паказьніку набліжаецца да 10% у агульнай сумарнай запазычанасьці.

Стратных прадпрыемстваў стала меней

Колькасьць стратных прадпрыемстваў па выніках 2017 году перавысіла 1200, гэта амаль 17% удзельнай вагі ў агульным аб’ёме. Сума чыстых страт склала звыш 2 мільярдаў рублёў.

Пазалетась такіх праблемных прадпрыемстваў было больш — 1442.

Выручка вырасла

Адчувальныя паказьнікі адзначаныя ў фінансавай дзейнасьці арганізацый. Так, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг дала рост амаль на 12%, прыбытак да падаткаабкладаньня — на 49%, чысты прыбытак — 55%.

Недабраны ўраджай бульбы

Канстатавана зьніжэньне ўраджаю гародніны — у сярэднім 95,8% ад паказьнікаў 2016 году. Найбольшы адкат па бульбе — сабрана 771 тысяча тон, або 96,9%, калі параўноўваць з папярэднім пэрыядам.

Мэдыянны заробак беларуса — 635,4 рубля. Што гэта і чаму так мала

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG