Парлямэнт Украіны прыняў пастанову аб звароце да Патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея аб наданьні аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.
«За» прагаласавалі 245 дэпутатаў Вярхоўнай Рады, супраць было пададзена 20 галасоў, адзін дэпутат устрымаўся. Яшчэ 66 дэпутатаў у галасаваньні ўдзелу ня бралі.
Раней законапраект быў ухвалены камітэтам Вярхоўнай Рады па пытаньнях культуры і духоўнасьці.
Дэпутат ад партыі «Ўдар» Марыя Маціёс, прадстаўляючы ў Радзе законапраект, заявіла:
«Калі ёсьць незалежная дзяржава, у ёй павінны быць незалежнымі дух і вера», — паведамляе «Страна.ua».
Прадстаяцель Канстантынопальскай праваслаўнай царквы Варфаламей, які носіць таксама тытулы Сусьветнага патрыярха і архіепіскапа Канстантынопалю — Новага Рыму, зьяўляецца «першым сярод роўных» у герархіі аўтакефальных праваслаўных цэркваў.
Украінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату) уваходзіць у склад Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), дзе мае статус самакіравальнай і валодае правамі шырокай аўтаноміі, але не аўтакефаліі (ня ёсьць незалежнай).