Усё больш схіляюся да перакананьня, што ў Беларусі няма і ніколі не было цалкам, 100-адсоткава нацыянальных беларускамоўных школ — у тым выглядзе, як існуюць, напрыклад, расейскамоўныя школы ў Расеі ці польскамоўныя — у Польшчы.
У свой час я дзесяць год адвучыўся ў дзьвюх фармальна беларускамоўных школах. Гэта былі 70–80-я гады мінулага стагодзьдзя. У гарадзкіх школах беларуская мова на той час была ўжо фактычна вынішчаная, а вось на вёсцы яшчэ ў многіх мясьцінах жыла. Было шмат настаўнікаў старэйшага і сярэдняга веку, якія добра валодалі беларускай, карысталіся ёй ня толькі на ўроках. Амаль па ўсіх прадметах выкарыстоўваліся беларускамоўныя падручнікі.
Але фактычна школы былі дзьвюхмоўныя. У чым гэта выяўлялася? Маладыя настаўнікі матэматыкі, фізыкі, біялёгіі, якіх выпускаў Гарадзенскі пэдынстытут, на беларускай мове размаўлялі кепска, на ўроках часта пераходзілі на расейскую. Але паколькі падручнікі былі толькі беларускамоўныя, то мы, дзеці, рыхтавалі хатнія заданьні і адказвалі, як правіла, па-беларуску. Вялікіх непаразуменьняў гэта не выклікала, хоць з боку, напэўна, выглядала дзіўнавата: настаўнік гаворыць на адной мове, вучань — на другой.
Па шэрагу прадметаў беларускамоўных падручнікаў увогуле не існавала, толькі маскоўскія, па-расейску
Па шэрагу прадметаў беларускамоўных падручнікаў увогуле не існавала, толькі маскоўскія, па-расейску (замежныя мовы, пачатковая вайсковая падрыхтоўка, працоўна-вытворчае навучаньне, сьпевы). Адпаведна, і ўрокі гэтыя вяліся па-расейску.
Пераважна расейскамоўнымі была таксама пазаклясная праца ў гуртках, урокі фізкультуры, абавязковыя палітынфармацыі, піянэрскія і камсамольскія сходы і г.д. Ну і, вядома, праграма расейскай мовы і літаратуры нічым не адрозьнівалася ад расейскамоўных школ.
Такім чынам, дэ-факта гэта былі дзьвюхмоўныя школы, хоць дэ-юрэ і лічылася інакш.
Ня думаю, што становішча ў сёньняшніх беларускамоўных школах істотна іншае: яны таксама фактычна дзьвюхмоўныя.
Беларуская мова зусім не перашкодзіла многім маім колішнім аднаклясьнікам паступіць у ВНУ і тэхнікумы розных профіляў і працягнуць навучаньне (натуральна, на расейскай мове: беларускамоўных унівэрсытэтаў і вучэльняў у Беларусі як не было, так і няма). Практычна ніхто зь іх, жывучы ў гарадах, ня мае патрэбы карыстацца на працы і ў побыце беларускай мовай. Але што адметна: калі сустракаюся зь імі і размаўляю па-беларуску, амаль усе на працягу 10–15 хвілінаў таксама пераходзяць на беларускую — мову нашага школьнага дзяцінства. Некаторыя робяць гэта зь яўным задавальненьнем. І гэта вельмі адрозьнівае іх ад нашых равесьнікаў, якія вучыліся ў гарадзкіх расейскамоўных школах. Весьці размову па-беларуску тыя, як правіла, ня ў стане.
Калі ў вас няма сваёй мовы — навошта дзяржава?
Калі 23 гады таму ўлады задумвалі і праводзілі моўны рэфэрэндум, было абсалютна відавочна, якія будуць наступствы ўвядзеньня так званага «дзьвюхмоўя». Фармальна абвяшчалася роўнасьць моў, фактычна ствараліся ўмовы для працягу палітыкі русыфікацыі. Аўтары ідэі ставілі на мэце менавіта гэта. Тэза пра роўнасьць была крывадушнай дымавой заслонай. Гэта рабілася сьвядома і мэтанакіравана, не без удзелу вонкавых сілаў. Былі адпаведныя палітычныя ўмовы: вяліся няспынныя размовы пра ўсё больш цесны расейска-беларускі саюз, адна за адной ствараліся то «супольнасьць», то «саюз», то «саюзная дзяржава»; у Аляксандра Лукашэнкі былі рэальныя шанцы на месца ў маскоўскім Крамлі...
Мова ўсё больш становіцца фактарам нацыянальнай бясьпекі. І гэта дае ёй новы шанец
Якую мэту ў справе выкараненьня мовы ставілі — такой і дамагліся. На пачатку 90-х гадоў у беларускамоўных (а фактычна — дзьвюхмоўных) школах навучалася да 70 адсоткаў беларускiх дзяцей. Цяпер — толькі 13 адсоткаў. Праўда, калі глядзець на колькасьць школ, то тут суадносіны іншыя: беларускамоўнымі лічацца каля 48 адсоткаў школ. Але трэба мець на ўвазе, што пераважная большасьць іх — малакамплектныя вясковыя школкі. Каб стварыць новы беларускамоўны кляс, у адпаведнасьці з заканадаўствам бацькі павінны зьбіраць подпісы, абіваць чыноўніцкія парогі, прасіць і прыніжацца. Адпаведны і плён. Вось зьвесткі Мінадукацыі пра навучаньне па-беларуску ў адным з найбуйнейшых беларускіх гарадоў — Магілёве (насельніцтва — 380 000 чалавек): «З улікам запытаў бацькоў у Магілёве па-беларуску навучаецца 7 вучняў: у сярэдняй школе № 1 — тры вучні, у сярэдняй школе № 34 — чатыры вучні. Праблема ў тым, што бацькі ня вельмі ахвотна імкнуцца аддаваць сваіх дзяцей ва ўстановы адукацыі зь беларускай мовай навучаньня». А адкуль брацца той ахвоце — з такімі пэрспэктывамі беларускай мовы, якая амаль выціснута з грамадзкага ўжытку?
Сёньня ў Беларусі і вакол яе — зусім ня тая сытуацыя, якая была ў сярэдзіне 90-х. Пра «саюзную дзяржаву» мала хто ўспамінае. Шанцаў на ўдзел у расейскіх прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка фактычна ня мае. А вось пагроза страціць дзяржаўную незалежнасьць пасьля анэксіі Крыму і вайны ў Данбасе набывае для Беларусі ўсё больш рэальныя абрысы. «Калі вы ня маеце сваёй нацыянальнай мовы, значыць, вы — частка „русского мира“. А калі так — то навошта вам дзяржаўная незалежнасьць?» Тое, што гэтыя пытаньні пакуль што гучаць толькі на расейскіх шавіністычных сайтах, зусім не азначае, што заўтра яны не загучаць з Крамля. Мова ўсё больш становіцца фактарам нацыянальнай бясьпекі. І гэта дае ёй новы шанец.
«Дзьвюхмоўе» фіктыўнае і рэальнае
Здаецца, многія нацыянальна арыентаваныя чыноўнікі ў Беларусі гэта цьвяроза асэнсоўваюць і ўсьведамляюць. Мяне вельмі ўсьцешыла ідэя гісторыка, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, які ў сваім выступе на ІІ зьезьдзе беларускіх навукоўцаў у сьнежні мінулага году прапанаваў ва ўсіх рускамоўных школах выкладаць гуманітарныя дысцыпліны на беларускай мове, а дакладныя — пакінуць на рускай.
Фактычна гэта магло б прывесьці да паступовага ператварэньня расейскамоўных школ у дзьвюхмоўныя (дарэчы, у поўнай адпаведнасьці з Канстытуцыяй і дзейным беларускім заканадаўствам). Праводзячы рэфэрэндум 1995 году, вы ж абяцалі, што ў дзяржаве будзе рэальнае дзьвюхмоўе? Дык варта хаця б праз чвэрць стагодзьдзя выканаць абяцанае.
Калі ўвесь гуманітарны блёк навук будзе выкладацца па-беларуску, па беларускамоўных падручніках (геаграфія, гісторыя, грамадазнаўства, мастацкае выхаваньне ды інш.), гэта вельмі істотна можа выправіць сытуацыю. Хоць імгненна становішча мовы, канечне ж, ня зьменіць. І для многіх настаўнікаў напачатку даставіць дадатковыя праблемы. І некаторыя бацькі і вучні, магчыма, будуць не ў захапленьні. Але рэальна гэта прывядзе да значна лепшага веданьня моладзьдзю беларускай мовы. Гэта быў бы, можа, першы за многія дзесяцігодзьдзі рэальны крок да рэальнага дзьвюхмоўя. Рэальнае, а не дэкляратыўнае дзьвюхмоўе — гэта калі выпускнік любой беларускай школы можна лёгка падтрымліваць нязмушаную размову на любой зь дзьвюх дзяржаўных моў. А ня так, як цяпер, калі ў адказ на пытаньне, зададзенае па-беларуску, кожны другі ўладальнік атэстата аб поўнай сярэдняй адукацыі няўцямна маўчыць, вытрашчыўшы вочы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.