Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самі вінаватыя: Мінадукацыі адказала на пэтыцыю аб дыскрымінацыі беларускамоўных дзяцей


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўніца Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна на прэс-канфэрэнцыі 19 лютага расказала пра сваё бачаньне прычынаў малой колькасьці беларускамоўных дзіцячых садкоў, піша БелаПАН.

«Можа быць, іх [беларускамоўных садкоў. — РС] ня столькі, колькі нам хацелася б бачыць, — заявіла Ірына Булаўкіна. — Але гэта таксама залежыць ад нас з вамі, ад грамадзтва і ад таго, якая колькасьць дзяцей зьбіраецца, каб для іх адкрыць тую ці іншую групу.

Нават калі няма ўмоваў для стварэньня беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку, наколькі я ведаю са сваёй практыкі, створаны неабходныя ўмовы, каб разьвіваць беларускамоўнае асяродзьдзе. У прыватнасьці, праводзяцца ранішнікі, заняткі зь дзецьмі на беларускай мове, чытаньне беларускай літаратуры…»

І са школамі вінаватае таксама не міністэрства, кажа яго прадстаўніца

На той жа прэс-канфэрэнцыі Булаўкіна прызнала недахоп беларускамоўных школаў у гарадах. Беларускамоўных школаў па краіне 46,6%, згадала яна, але бальшыня ў сельскай мясцовасьці. Чаго чыноўніца не казала, дык таго, што гэтыя школы невялікія — па-беларуску вучацца толькі 13,3% дзяцей.

Гэтую праблему «адсочваюць» і «вырашаюць на нарадах», але адказнасьць ускладаюць на мясцовыя органы ўлады — рашэньні прымаюцца «ў залежнасьці ад эканамічнай сытуацыі» і адпаведна заявам бацькоў (перад фармаваньнем першых клясаў у бацькоў пытаюць пра мову навучаньня, яны «маюць права падаць заяву аб прыёме ў школу зь беларускай мовай навучаньня», ім «заўсёды тлумачаць заканадаўства»), сьцьвярджае чыноўніца.

Паводле Булаўкінай, «ужо другі год» адбываецца пераход на вывучэньне беларускай і расейскай мовы ў роўных аб’ёмах у 1–4 клясах (пакуль расейскай болей). Некалі ў расейскамоўных школах Беларусі прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Геаграфія Беларусі» выкладаліся па-беларуску, але ад 2006/2007 навучальнага году іх перавялі на расейскую мову. Булаўкіна сьцьвярджае, што калі «набіраецца група вучняў», якія хочуць вывучаць гэтыя прадметы па-беларуску, то «ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы».

Чыноўніца дадала, што распаўсюд беларускай мовы мае быць справай ня толькі ўстановаў адукацыі і культуры, але і сацыяльнай сфэры, «каб бацькі чулі беларускую мову ў крамах, на пошце, паўсюль, дзе людзі стасуюцца адно з адным», бо гэта заўсёды бацькі вырашаюць за дзяцей, на якой мове апошнім навучацца.

Пэтыцыя была не зусім пра тое

Зварот, зь якім, верагодна, зьвязана выказваньне Булаўкінай, набраў на Petitions.by амаль дзьве тысячы подпісаў. У ім гаварылася аб праблемах з уладкаваньнем дзяцей у беларускамоўныя садкі, але не праз малую колькасьць ахвочых, а праз заканадаўчую дыскрымінацыю. Афіцыйнага адказу на зварот пакуль не паступала.

Як дыскрымінуюць беларускамоўных. Падрабязна пра пэтыцыю

Адзначалася, што бацькам проста не даюць выбіраць мову навучаньня, калі яны становяцца ў чаргу на ўладкаваньне дзяцей у садок (у адпаведных блянках няма пункта пра пажаданую мову, як няма і беларускамоўных блянкаў), улады не дасьледуюць колькасьць беларускамоўных дзяцей («не прадугледжаны» збор такой статыстыкі), беларускамоўныя групы штогод адкрываюць у іншых садках – бацькі ня ведаюць аж да 1 верасьня, дзе ў гэтым годзе будуць беларускамоўныя групы.

У цяперашняй сытуацыі выходзіць, што беларускамоўныя дзеці часьцей не сабраныя ў беларускамоўныя групы, а «раскіданыя» па расейскамоўных, таму міжволі пераходзяць на расейскую мову. Адваротная сытуацыя, калі расейскамоўныя дзеці «беларусізуюцца» ў беларускамоўных групах, фактычна немагчымая. Дзіцячыя псыхолягі з боку дзяржавы папросту не цікавяцца тым, што бывае зь дзецьмі, якія на паўдня трапляюць у іншамоўны асяродак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG