Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадрыд хоча пачаць «гішпанізацыю» Каталёніі са школаў


Пры дапамозе ўвядзеньня 155-га артыкулу Канстытуцыі ўрад Гішпаніі мае намер паступова пачаць навучаньне ў школах Каталёніі на гішпанскай мове, паведамляе 16 лютага газета EL Pais.

Міністар адукацыі Гішпаніі Іньіга Мэндэс дэ Віга, які да заканчэньня фарміраваньня новага каталёнскага ўраду курыруе ў Каталёніі пытаньні адукацыі, вывучае спосабы даць гішпанскім грамадзянам магчымасьць абіраць навучаньне на гішпанскай мове ў Каталёніі, што будзе азначаць пазбаўленьне каталёнскай мовы статусу асноўнай мовы адукацыі ў публічных школах Каталёніі.

Прапануецца ўключыць у анкету пры запісе дзяцей у школу пытаньне аб мове, на якой хоча вучыцца дзіця. Да гэтага часу Жэнэралітэт Каталёніі не даваў такога выбару бацькам, і ўсё навучаньне аўтаматычна праводзілася па-каталёнску. Гэта называлася «тактыкай моўнага пагружэньня». Гішпанская вывучалася ў школах як другая мова.

«Такім чынам, мова, якая цудам захавалася за тры стагодзьдзі рэпрэсіяў і якая мае каля 10 мільёнаў носьбітаў ва ўсім сьвеце, будзе пастаўленая ў Каталёніі ва ўмовы свабоднай канкурэнтнай барацьбы з мовай, на якой гавораць паўмільярда чалавек, ствараецца велізарная маса поп-культуры, здымаюцца тысячы фільмаў і г.д. Да чаго прывядзе свабодная канкурэнцыя Кока-Колы зь цёткай, якая прадае хатні ліманад, можна здагадацца...», — камэнтуе сытуацыю блогер Павел Кірылёнак, які жыве і працуе ў Каталёніі. Павел родам зь Беларусі, таму ведае, да чаго прыводзіць падобнае «раўнапраўе» моваў.

«І яшчэ адзін момант, — дадае Павел. — Калі каталёнцы пытаюцца, ці будзе гэтае правіла дзейнічаць на тэрыторыі ўсёй Гішпаніі — гэта значыць, ці змогуць каталёнскія бацькі дзесьці ў Мадрыдзе або Сэвільі выбраць для свайго дзіцяці навучаньне на каталёнскай, на іх глядзяць, як Ленін на буржуазію. Такім чынам, правіла свабоднага выбару дзейнічае толькі ў адзін бок — бок гішпанізацыі каталёнцаў, і ніяк не ў адваротным кірунку».

Заява міністра адукацыі падштурхнула каталёнскіх палітыкаў прыскорыць працэс фармаваньня ўраду, каб прадухіліць зьмены ў адукацыйнай праграме.

Размовы аб прадстаўленьні магчымасьці навучаньня на гішпанскай мове ў Каталёніі вядуцца даўно. Яшчэ папярэдні міністар адукацыі Гішпаніі ў 2012 годзе рабіў заявы аб намеры «гішпанізаваць каталёнскіх навучэнцаў», каб яны «ганарыліся тым, што зьяўляюцца як каталёнцамі, так і гішпанцамі», што выклікала бурны пратэст ва ўрадзе Каталёніі.

Новы парлямэнт Каталёніі выбраў сьпікера — прыхільніка незалежнасьці

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG