Трамп і Кім Чэн Ын прыбылі ў Сынгапур. Сустрэча чакаецца 12 чэрвеня а 4-й раніцы паводле менскага часу

Дональд Трамп і Кім Чэн Ын

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональд Трамп прыбыў у Сынгапур 10 чэрвеня для сустрэчы з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам. Той таксама ўжо ў Сынгапуры.

Як пішуць Washington Post і The New York Times, сустрэча чакаецца ў аўторак а 9-й раніцы паводле сынгапурскага часу — у Беларусі гэта будзе 4 раніцы.

Дональд Трамп па прылёце заявіў, што «вельмі верыць» у будучую сустрэчу, але адзначыў, што, ідучы на саміт, ён уступае на «невядомую тэрыторыю», перадае «Голас Амэрыкі». Яшчэ да вылету ён казаў, што верыць у тое, што Кім Чэн Ын «хоча зрабіць нешта значнае для свайго народу».

Трамп і іншыя прадстаўнікі ўраду ЗША заяўлялі, што ім удалося прасунуцца наперад у заплянаваным атрыманьні ад Кім Чэн Ына абяцаньняў адмовы ад усіх наяўных у КНДР ядзерных узбраеньняў і балістычных ракетаў далёкага радыюсу дзеяньня. Гэты прагрэс можа прывесьці да заключэньня мірнай дамовы і фармальнага спыненьня стану вайны на Карэйскім паўвостраве, які захоўваецца каля 70 гадоў.

Таксама Трамп казаў, што пяройдзе да перамоваў аб такім пагадненьні «зь першай хвіліны», спаслаўся на свой досьвед у бізнэс-перамовах. Але наконт Кім Чэн Ына ён адзначыў, што «пра ягоныя асабістыя якасьці нічога невядома».

Дональд Трамп зьбіраецца «раскусіць» Кім Чэн Ына на першай хвіліне размовы

Ён адрынуў заявы крытыкаў пра тое, што, пагадзіўшыся на сустрэчу з паўночнакарэйскім лідэрам, ён зрабіў яму буйную саступку, не атрымаўшы нічога істотнага наўзамен. Трамп адзначыў, што жэстам добрай волі з боку Пхэньяну было нядаўняе вызваленьне «трох закладнікаў» — амэрыканцаў, якія знаходзіліся ў паўночнакарэйскай турме. Паводле Трампа, для яго гэтага было дастаткова, каб працягнуць падрыхтоўку да саміту.

На пытаньне «Голасу Амэрыкі», ці мае ён намер узьняць пытаньні пра абуральныя парушэньні правоў чалавека ў Паўночнай Карэі, у тым ліку сыстэму лягераў для прызнаных «ворагамі дзяржавы», і пра лёс японцаў, якіх паўночнакарэйскія агенты выкрадалі на працягу дзесяцігодзьдзяў, Трамп сказаў: «Мы будзем падымаць усе пытаньні».