(па-расейску — па-беларуску)
- петух — пéвень
- (жёлтый) цыплёнок — (жоўтае) кураня́
- цыплята, утята, гусята, индюшата — кураня́ты, качаня́ты, гусяня́ты, індычаня́ты
- домашний гусь — свойская гусь (від)
- гусыня — гýска (самíца)
- гусак — гусáк (самец)
- домашняя индейка — свойскі інды́к (від)
- индейка/индюшка — інды́чка (саміца)
- индюк — інды́к (самец)
- селезень — кáчар
- утка — кáчка
Слоўнік-мінімум для пачаткоўцаў — на відэа:
А для зацікаўленых — больш падрабязна.
Тая Кура-шчабятура па садочку ходзіць дый ходзіць!
За кадрам відэа засталася кýрыца (у літаратурнай мове націск такі, толькі на паўночным усходзе куры́ца) або проста кýра. Вывела куранят — квактýха.
А Кура-шчабятура — пэрсанаж нашай культавай інтэрактыўнай песьні. Тут яна ў выкананьні „Крамбамбулі“:
Сярод герояў песьні — і Кáча-дробна-скача, і Індык-дык-дык-дык-дык, і Гýся-сюся-сюся.
Чаму „гýся“?
Беларускія і расейскія абагульненыя назвы пэўных біялягічных родаў і/ці відаў маюць розны граматычны род.
Па-расейску домашний гусь — мужчынскага роду. А беларуская свойская гусь — жаночага роду. Каб удакладніць пол, ужываем словы гусáк і гýска.
Падобна розьняцца расейская і беларуская назвы вялікай птушкі віду Meleagris gallopavo: домашняя индейка — але свойскі інды́к.
(Так ня толькі для птушак. Felis catus: рас. кошка домашняя, але бел. кот свойскі; Canis familiaris: собака домашняя, але сабака свойскі.)
Кáчар, крыжак, крыжачок
Самец кáчкі — кáчар (так у бальшыні беларускіх гаворак; селязéнь ёсьць, але толькі на ўсходзе). Качар трапіў у прыказкі: Кáчар курыцы ня пáра прыблізна адпавядае расейскаму выразу „Гусь свинье не товарищ“. Ад гэтага ж слова — назва Качэрычы (цяпер раённы цэнтар, крэатыўна перайменаваны бальшавікамі ў Кіраўск).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не Акцябарскі, а Рудобелка; не Дзяржынск, а Койданаў; ня Кіраўск, а КачэрычыАдна зь дзікіх качак Anas platyrhynchos (рас. кряква) завецца крыжанка або крыжак.
Вось жа назва народнага танца „Крыжачок“ не ад фэхтаваньня крыжакоў — рыцараў Нямецкага ордэну, а ад рухаў крыжака — качкі. Ад назвы танца ў савецкі час у рамках дазволенага патрыятызму пайшлі назвы цукерак, „продукта из шпика“ і ўрэшце любімага сацыяльна надзейнымі людзьмі пойла. У постсацрэалістычным сьвеце два вобразы — танца і пітва — зьядналіся ў адзін, змрочны. Так яго бачыць гурт Zet:
„Крыжачок, чок-чок-чок, танец Сьмерцi...“
Неіндыйскі індык, некалькуцкі калакут, нетурэцкі turkey
Гэтай птушцы не пашанцавала: у розных мовах Старога Сьвету яе назвы пайшлі ад геаграфіі, але яны памылковыя. Індыка прывезьлі зь ягонай роднай Амэрыкі, але эўрапейцы паблыталі яго з цацаркай, якая трапляла ў Эўропу і зь Індыі. (Зрэшты, мо назва птушкі ад Вэст-Індыі, як эўрапейцы — зноў жа памылкова — называлі новаадкрытыя амэрыканскія Карыбы.)
„Індыйскім“ коранем называюць калядную птушку і па-француску, і па-турэцку, і ў многіх іншых мовах. А ў ангельскай гэта turkey (ад Turkey ‘Турэччына’) — зноў жа праз колішнюю блытаніну з цацаркай і з геаграфіяй. Індык-turkey да таго дадзеў Турэччыне, што сёлета яна запатрабавала ад ААН памяняць сваю афіцыйную назву на іншых мовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: „Цю́ркіе“? Турэччына дбае пра сваё імя ў сьвеце — дбайма і мы пра сваёУ старабеларускай мове эпохі ВКЛ ён быў калакут. Так і ў слоўніку Вацлава Ластоўскага. Назва (у нямецкай мове Kalekut) таксама індыйскага радаводу — ад бэнгальскага порту Калькута, або Кальката. Ёсьць і „ярчэйшы“ варыянт галагут (ґалаґут — з выбухным [g]).
Ужывалі і прыметнік: галагуцкі певень, галагуцкія куры. Як толькі індыкі зьявіліся ў гаспадарках беларусаў, то дзякуючы сваёй характэрнасьці трапілі ў вобразную мову. Іх згадвае аўтар сатырычных „Ліста да Абуховіча“ і „Прамовы Мялешкі“ XVII ст.: „Надуўся ў Сэнаце, як пятух галагуцкі, а праўды не пытай, усё баламутня“. Тут Піліпа Абуховіча, які бяздарна здаў маскоўцам Смаленск, параўноўваюць яўна з індыком (бо „надуўся“).
А вось ХХ стагодзьдзе, верш Максіма Лужаніна:
І раптам дасьць у трубы,
Задраўшы галаву,
Высокі, белагруды,
Як жораў, галагут.
Гэта ўжо відавочна певень. Сапраўды, паступова галагутамі, галагуцкімі пачалі называць ня толькі індыкоў, але і курэй рэдкіх ці вялікіх пародаў, напрыклад галашыек, галяндзкіх — сугучча каранёў спрыяе.
Дзіцяняты
Назвы маладых істот у беларускай літаратурнай мове ніякага роду: (малое) кураня́, качаня́, гусяня́, індычаня́. Дапускаецца і варыянт куранё і г.д. (як у сярэднебеларускіх гаворках).
Скланяюцца гэтыя словы асабліва, з устаўкай -ят-/-яц-: няма (каго?) кураняці, далі зерня (каму?) таксама кураняці, квактуха неадлучна (пры кім?) пры кураняці, але шмат клопату з гэтым (кім?) куранём. У множным ліку кураняты.
Засталося куранятка ля плота адно. Раптам бачыць — узляцеў на плот певень, выцягнуў шыю — вось так — і на ўсё горла закрычаў: „Ку-ка-рэ-ку! — і паважна азірнуўся па баках. — Ці ж я ня зух, ці ж я не чабятух!“
Кураняці гэта спадабалася. Яно таксама выцягнула шыю — вось так — і колькі было моцы запішчэла: „Пі-пі-пі-пі-пі! Я таксама зух! Я таксама чабятух!“
Але спатыкнулася і плюхнулася ў лужыну.
(„Куранятка“ Карнея Чукоўскага. Пераклад з расейскай)
У гаворках вакол Менску і Гомля можна пачуць назву пыляняты, а выклічнік для падзываньня куранятаў — пыль-пыль-пыль! А ёсьць яшчэ піскляты (на паўночным усходзе), курчаты (на Віленшчыне).
Як яны размаўляюць
Носьбіты розных моваў чуюць крыкі ды воклічы птушак розна.
Хрэстаматыйны прыклад: польскі певень крычыць kukuryku, літоўскі — kakariekū, крымскататарскі — kokarekkok, грузінскі — ყიყლიყო (qiqliqo). Пад Барсэлёнай пеўні сьпяваюць па-каталянску quiquiriquic, ангельскія, як вядома, — cock-a-doodle-doo! Ёсьць яшчэ больш сакавітыя варыянты: gaggalagaggalagó па-ісьляндзку, éirigí éirigí па-ірляндзку, ü-ürü-üüü па-турэцку; урэшце, віетнамцаў будзіць раніцой мэлядычная песьня ò ó o.
Беларускі певень крычыць кукарэ́ку, кукарэкае. Але зважае і на дыялектныя адрозьненьні. Таксама разнастайныя перайманьні іншых птушыных галасоў.
Курачка звычайна сакоча або квокча: ко-ко! (падняпроўская крыху іначай: „кох-кох-кох“). Але выдае іншыя функцыянальныя гукі: калі зьнесла яйка, то кудахча, кудакча (палеская кудкудача), кудакае. Калі падзывае куранятаў, то клохкае.
Качкі крáкаюць: кра-кра — на большай частцы тэрыторыі беларускае мовы. На Меншчыне і ў паўднёва-заходніх гаворках і на Заходнім Палесьсі квакаюць, квачуць. На Полаччыне крахаюць. Гусь (калі не шчыкаецца) кажа ґа-ґа(з выбухным гукам [g]) — ґаґоча, ґáґае, ґéґае.
Для непаўторных воклічаў індыка ў беларускай мове ёсьць непаўторны дзеяслоў кулдыя́чыць, бо крычыць ён кулды-кулды! Адсюль іншае тлумачэньне зьяўленьня слова калакут/галагут — як экспрэсіўнага гукаперайманьня.
Як іх падзываюць
Стандартную беларускую куру можна пазваць ціп-ціп-ціп, а таксама цíпа-цíпа (вось жа русізм „ціпа“ — „он ціпа не хацел“ — па-беларуску гучыць дваіста :-)).
Сажэўскую куру трэба падзываць пыр-пыр-пыр, палескую — цю-цю-цю або пуць-пуць (невыпадкова putė па-літоўску ‘курачка’ — агульны архаічны корань прынамсі балта-славянскай, калі не праіндаэўрапейскай пары).
Курэй або куранятаў падзываюць яшчэ пыль-пыль, а таксама пуль-пуль — у беларускіх гаворках гістарычнай Віленшчыны.
А вось па-азэрбайджанску куранят падзываюць cib-cib („джіб-джіб“), як у шырокавядомай дзіцячай песеньцы Cücələrim („Мае кураняты“; Qəmbər Hüseynli — Tofiq Mütəllibov, 1949). Сьпявае „Крамбамбуля“ (салістка Гюнэш Абасава) на мове арыгіналу і па-беларуску:
Ціп-ціп, кураняткі,
Ціп-ціп-ціп-ціп, кураняткі,
Вы малыя кураняткі,
Дзеткі белай куркі-маткі.
Качак падзываюць вуць-вуць, вуль-вуль-вулечкі. Агульнабеларускі варыянт для гусей — гуль-гуль, але віленская гусь адгукаецца на зю-зю-зю, ад Клецку да Клімавічаў і ад Полацку да Брагіна — на це-це-це, браслаўская — на жуль-жуль.
Як іх адганяюць
І тут для розных птушак розныя воклічы. Часам яны нават утвараюць сыстэму, якую зафіксаваў у сваёй роднай вёсцы Буцькаўшчыне (Полаччына) Пётра Садоўскі, — пэўна, вельмі архаічную, з зашыфраваным магічным сэнсам. „Прыстаўка“ а- (ясна, што разам з адпаведнай інтанацыяй, а то і жэстам) робіць падзывальнае слова адганяльным:
— куранят падзываюць пылі-пылі, а адганяюць апыля! апыль!
— качак падзываюць вуць-вуць, а гоняць прэч авуць!
— гусей падзываюць гуль-гуль, вуль-вуль, а гоняць агыля! агыль!
— гусянят падзываюць зюль-зюль, адганяюць азюль!
Наагул жа свойскіх птушак чуюць, падклікаюць, адганяюць на ўсім абшары беларускае мовы па-рознаму. Запамінайма гэтыя словы, перадавайма дзецям і ўнукам — бо і гэта частка нашага моўнага багацьця.