21 траўня набылі моц законы Ўкраіны пра дэкамунізацыю публічнае прасторы. Законы грунтуюцца на дакумэнтах ААН, АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, напр., на рэзалюцыі апошняй аб ліквідацыі спадчыны колішніх камуністычных таталітарных рэжымаў. Неадкладная дэкамунізацыя ва Ўкраіне разглядаецца як частка палітыкі бясьпекі дзяржавы. Украінскі закон "Пра асуджэньне камуністычнага й нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарных рэжымаў і забарону прапаганды іхнае сымболікі" стасуецца і геаграфічных назваў паселішчаў ды вуліц.
Мяняюцца назвы, скіраваныя на прапаганду таталітарных рэжымаў, іхнай ідэалёгіі й сьвятаў, органаў бясьпекі ды іншых сілавых структураў, дзеячоў (акрамя дзеячоў навукі і культуры, якія не былі прафэсійнымі прапагандыстамі накшталт Горкага ці Фадзеева).
А што ў нас падпадае пад гэтыя крытэры? Пачну з больш значных гарадоў. Сёньня ў Беларусі прынамсі тры раённыя цэнтры і адпаведна раёны носяць яўна прапагандысцкія таталітарныя назвы.
Пачну з Акцябарскага.
Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам
Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам
Рубрыка на Радыё Свабода прысьвечаная беларускай мове і культуры. Думайце па-беларуску! Слухаць на Soundcloud
Фармальна мястэчка абыймае былыя вёскі Карпілаўку, Рудню і Рудобелку. Назва Рудобелка сама па сабе непаўторная, інфармацыйна насычаная (бо ад радовішчаў балотнай жалезнай руды, як назвы Рудодзіма, Рудамэйка, Рудакопішча). Белка ў народнай тапанімічнай намэнклятуры, паводле тапаніміста Івана Яшкіна, — 'нягрузкае недрыгвістае верхавое балота'. Ідэнтычныя паводле будовы назвы знаходзім у Літве: Rū̃dbalis, Rūdbalỹs, Rū̃dpelkis — таксама ад руды і балота.
Хоць Рудобелка вядомая з 15 ст., але яна трапіла нават у камуністычны канон, бо ў колішняй Рудобельскай воласьці ў 1918—1920 гг. праіснавала антынямецкая і антыпольская так званая Рудобельская рэспубліка, партызанскае ўтварэньне, якое кантралявалі бальшавікі. І ўсё роўна тыя ж бальшавікі двойчы Рудобелку пераймяноўвалі: спачатку ў 1920 — яе воласьць у Акцябарскую, а потым у 1954, далучыўшы да Рудобелкі яшчэ дзьве вёскі, назвалі і саму яе Акцябарскі ў гонар свайго перавароту. Гучыць па-беларуску немілагучна і чужародна. Нездарма менавіта ў Акцябарскім нават у наш час зьяўляюцца такія шэдэўры прапаганды, як піянэрскі рэп "Я из деревни".
Спадзяюся, у Рудобелцы такое было б немагчыма.
Найбольш адыёзную камуністычную назву носіць, вядома ж, Дзяржынск.
У 1932 годзе так была зьмененая назва Койданава. Вельмі даўно гэтае паселішча, магчыма, звалася Крутагорʼе. Паданьне зьвязвае яго наступную назву Койданаў зь імем Койдана (Кайдана), татарскага вайскавода, пераможанага тут у XIII ст. Але больш рэалістычная легенда — што назва ад імя татарскага ж вайскавода, ляяльнага ВКЛ, які тут меў рэзыдэнцыю з канца XIV ст. Тут жа ён і пахаваны. Паступова Крутагорʼе было паглынутае Койданавым паселішчам, мяркуе гісторык Анатоль Валахановіч. Назва Койданаў фіксуецца з 1442 году, потым яе падладзілі да расейскіх формаў накшталт "Орехово-Зуево", зрабілі Койданава. Ды і яно засталося толькі як назва чыгуначнай станцыі, апетая гуртом "Бонда" ў песьні на верш койданаўца Адама Глёбуса.
Ну а хто такі Фэлікс Дзяржынскі — стваральнік ЧК і канцлягераў — асабліва тут тлумачыць ня трэба.
Трэцяя камуністычная назва раённага цэнтру — Кіраўск.
Ён менш заўважны, бо крыху ўбаку ад трасы Менск-Гомель. Але назва Кіраўск таксама пахавала пад сабой старадаўнія тапанімічныя рарытэты.
Ужо ў XVI ст. гэта было вялікакняскае сяло Качэрычы, потым фальварак, цэнтар воласьці Бабруйскага павету. Назва ад прашчура зь мянушкай ці нават дахрысьціянскім беларускім імем Кáчар. У 1935 годзе бальшавікі ва ўсім СССР пераймяноўвалі ўсё што можна ў гонар акурат застрэленага камуністычнага дзеяча Сяргея Кірава (які да таго ў сваю чаргу масава расстрэльваў так званых контррэвалюцыянэраў, у тым ліку сьвятароў і вернікаў). Так і фальварак Качэрычы перайменавалі ў Кіраўск, утварылі Кіраўскі раён, але з цэнтрам у суседняй вёсцы Старцах, якую пазьней пераназвалі ў Кірава. Потым перанесьлі цэнтар Кіраўскага раёну ў пасёлак Кіраўск, а ў 1955 Кіраўск абʼядналі зь вёскай Кіравам. Тэатар тапанімічнага абсурду.
Але, як некалі сьпяваў Андрэй Мельнікаў, "вернем лясы і паркі, вернем свае фальваркі, і калісьці непазьбежна адрадзім усю краіну…"
Дарэчы, вёска Старцы папала пад раздачу з дадатковай матывацыяй. Маўляў, старцы — гэта жабракі, назва абразьлівая, вось Кірава неабразьлівая. Але, як сьведчыць гісторыя, тут людзі жылі заможна. Увогуле дзіўна было б, каб назва вёскі паходзіла ад жабракоў, яны ж кампактна не жывуць. Папраўдзе возны Бабруйскага замку, які меў двор у Качэрычах, даў сваім людзям, якія вартавалі замак, а таксама зьбіралі падаткі зь сялянаў, як тады належала, па дзьве валокі зямлі. А словам старац у старабеларускай мове сапраўды называлі службовую асобу — старасту, зьбіральніка падаткаў. Напрыклад, старац сярэбраны адказаваў за збор падаткаў у воласьці. Бываў і старац мядовы ды іншыя.
Болей пра напоўненасьць спрадвечных беларускіх назваў — іншымі разамі. А пакуль што пачысьцім гістарычную памяць ад таталітарных напластаваньняў:
не "Акцябарскі", а Рудобелка;
не "Дзяржынск", а Койданаў;
ня "Кіраўск", а Качэрычы.