Сьцісла:
- Турэччына папрасіла ААН замяніць назву краіны ў замежных мовах на Türkiye.
- Так яна пазыцыянуецца ў сьвеце як моцная дзяржава з уласнымі традыцыямі: пра Турэччыну — па-турэцку.
- Але нефармальна нагадваюць пра аманімію ў ангельскай мове назвы краіны Turkey і назвы індыка turkey (у іншых мовах такога супадзеньня няма).
- Дый ангельская назва птушкі turkey — вынік памылкі: іх паблыталі з афрыканскімі цацаркамі, якіх вазілі ў Эўропу праз Асманскую імпэрыю.
- Апанэнты Эрдагана лічаць ініцыятыву перайменаваньня беспадстаўнай і папулісцкай (налета выбары). Але, значыць, яна мае пэўную падтрымку ў грамадзтве.
- Турэцкая ініцыятыва прыцягнула міжнародную ўвагу да пытаньня экзонімаў, павялічваюцца шанцы мяняць назву Беларусі ў мовах, дзе яна азначае „белая Расея“. Тапанімічная дэкалянізацыя — аргумэнт, мацнейшы за аманімію з індыком.
- Згода ААН на літару з дыякрытычным знакам у Türkiye азначае і магчымасьць у будучыні зарэгістраваць там Biełaruś традыцыйнай беларускай лацінкай.
- ААН і турэцкія дзяржаўныя мэдыя ўвялі Türkiye толькі ў лацінапісьмовых мовах. Для беларускае мовы (прынамсі ў кірыліцы) пытаньне замены назвы не стаіць.
- Беларуская назва Турэччына старажытная, фальклёрная. Назва Турцыя — таксама даўняя, лацінскага паходжаньня.
МЗС Турэччыны афіцыйна папрасіла ААН замяніць назву краіны ў замежных мовах на Türkiye. ААН такія заяўкі адразу выконвае — у межах сваіх паўнамоцтваў, г. зн. ува ўласных дакумэнтах і ў практыцы.
Міністар замежных справаў Меўлют Чавушоглу патлумачыў, што рашэньне «прынята ў рамках крокаў Анкары, накіраваных на павышэньне прэстыжу краіны на міжнароднай арэне».
Сапраўды, кіраўніцтва Турэцкай Рэспублікі, а менавіта прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган, апошнімі гадамі вядзе палітычную лінію апоры на „ўкаранёныя ў гісторыі каштоўнасьці турэцкай нацыі“ і пазыцыянуе Турэччыну ў сьвеце як самастойную сілу. 6 сьнежня 2021 году ён выдаў цыркуляр, дзе ставіць за мэту надалей„рэпрэзэнтаваць досьвед тысячаў гадоў нашае дзяржавы і нацыі ўва ўсіх галінах пад імем Türkiye“.
Чаму?
У Эрдаганавым цыркуляры матыў замены назвы — строга каштоўнасны: краіна мусіць выступаць у сьвеце пад імем, зь якім атаесамляюць сябе самі туркі, каб „найлепш выявіць культуру, цывілізацыю і каштоўнасьці турэцкай нацыі“.
Але дзяржаўная тэлевізійная кампанія TRT нагадала іншы момант, далікатны: па-ангельску краіна называецца Turkey, але гэтаксама — turkey — завецца індык, якога амэрыканцы масава паядаюць на Каляды і на Дзень дзякаваньня. Мала таго, кажуць дзяржаўныя камэнтатары: маўляў, у Кембрыдзкім слоўніку ангельскай мовы можна знайсьці пераносныя значэньні слова turkey — ‘правал справы’ і ‘дурны чалавек’.
У заявах ураду Турэччыны на тэму перайменаваньня ёсьць і словы, што краіна больш ня будзе старацца мяняць імя „для зручнасьці апанаванай ангельскаю моваю дыпляматычнай прасторы“. Інакш кажучы, пра Турэччыну — па-турэцку, а не па-брытанску ці па-амэрыканску.
А птушка зусім не турэцкая
Назва птушкі turkey ў ангельскай мове зьявілася выпадкова, у выніку аблуды. Індыкі ў дзікай прыродзе жывуць на амэрыканскім кантынэнце. Калі заакіянскую вялікую куру пачалі завозіць у Эўропу, яе блыталі з вонкава падобнай афрыканскай цацаркай (анг. guineafowl), якая ў Эўропу трапляла праз асманскія (турэцкія) валоданьні. Так зьявіліся назвы апошняй turkey cock, turkeyhen (турэцкі певень, турэцкая кура), якія скараціліся да turkey і перайшлі на індыка, які да Турэччыны зусім ня мае дачыненьня.
Здаецца, гэта першы выпадак, калі традыцыйную назву краіны ў іншых мовах (экзонім; назва ў сваёй мове — эндонім) патрабуюць памяняць у тым ліку з прычыны „кепскай“ аманімічнасьці толькі ў адной зь іх — бо ў францускай Турэччына — Turquie, у гішпанскай Turquía, у нямецкай Türkei, а індык завецца інакш.
Індык: ці чакаць дэмаршу ад Нью-Дэлі?
Іншым шляхам — з Індыі — цацарку ў Эўропу вазілі партугальскія купцы. Адсюль нашыя назвы тых самых turkey — індыкі (ці калакуты — ад назвы порту Калькуты). Ёсьць і тлумачэньне „індыйскай“ назвы ад Вэст-Індыі, як эўрапейцы спачатку памылкова назвалі новаадкрытыя амэрыканскія Карыбы. „Індыйскім“ коранем называюць калядных птушак і па-француску, і па-турэцку (!), і ў многіх іншых мовах — але Індыя не пратэстуе і не патрабуе мяняць яе іншамоўныя назвы.
Чаго ж, чаго захацелась ім (туркам)?
Да пажаданьня Турэччыны застаецца нямала чыста лінгвістычных пытаньняў. Ня бачыўшы ліста Чавушоглу (і магчымых тлумачальных дадаткаў да яго), раблю высновы з фактаў.
Афіцыйны зварот Турэцкай Рэспублікі да ААН датычыць афіцыйнай жа назвы дзяржавы ў гэтай міжнароднай арганізацыі. Што ж да моўнае практыкі ў асобных дзяржавах, то яны могуць, але ня мусяць ісьці за ААНаўскімі ўзорамі.
Дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы Турэччыны адразу ж пачалі выконваць патрабаваньне Эрдагана. На сайце прэзыдэнта Турэччыны форму Türkiye бачым у ангельскай і францускай яго вэрсіях, а на старонцы МЗС (дзе моўных вэрсіяў больш) — яшчэ і ў нямецкай, гішпанскай, партугальскай. А ў арабскай, кітайскай, расейскай, пэрсыдзкай засталіся традыцыйныя для гэтых моваў назвы краіны. Значыць, Турэцкая Рэспубліка (прынамсі ў гэты момант) зьбіраецца настойваць на ўжываньні формы Türkiye толькі ў мовах лацінскага пісьма.
Апанэнты Эрдагана лічаць гэты крок дзяржаўнага кіраўніцтва недастаткова абгрунтаваным ці нават недарэчным, гавораць, што прэзыдэнт, рыхтуючыся да выбараў 2023 году, проста абыгрывае нацыяналістычныя сантымэнты. Але факт, што немалая частка турэцкага грамадзтва падтрымлівае ідэю і што працэс замены экзоніма пачаўся.
Што горш: Turkey ці Byelorussia?
Ці паўплывае ініцыятыва Türkiye на нашыя просьбы скарэктаваць назву Беларусі ў іншых мовах?
Адроджаная Беларуская дзяржава ў 1991 годзе заклікала сьвет адмовіцца ад назваў Byelorussia, Russie Blanche і падобных, каб засьведчыць: мы больш не правінцыя Расеі, а незалежная краіна:
...Назвы [Рэспубліка Беларусь, Беларусь] трансьлітаруюцца на іншыя мовы ў адпаведнасьці зь беларускім гучаньнем.
(Закон № 1085-XII „Аб назьве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (…)“, 19 верасьня 1991 г.).
У 1992 годзе ў ААН адправілі просьбу, аналягічную турэцкай, — у ангельскамоўных дакумэнтах міжнароднай арганізацыі ўжываць напісаньне Belarus, што і было зроблена.
Наагул назвы дзяржаваў, якія нядаўна дамагліся незалежнасьці, — асобная катэгорыя. 4-я канфэрэнцыя ААН у стандартызацыі геаграфічных назваў (Жэнэва, 1982), прызнаўшы, што новых экзонімаў лепш унікаць, усё ж „рэкамэндуе, каб кожная краіна ўжывала ў сваёй(-іх) мове(-ах) для новых незалежных краін і для краін, якія прымаюць новыя назвы, такія назвы, якія адпавядаюць наколькі мага афіцыйным мясцовым назвам разгляданых краін“.
Гэта рэкамэндацыя, ААН ня можа загадаць. Але ўсё ж паступова, хоць і павольна, у розных мовах сьвету пераходзяць на экзонімы для нашай краіны, блізкія да яе саманазвы Беларусь. Нядаўна на варыянт Belarus перайшла Нарвэгія; на чарзе, як выглядае, Фінляндыя.
Але гучаць скептычныя галасы: маўляў, якая розьніца, як хто нас называе, мы ж не завем Нямеччыну „Дойчляндам“ ці Вугоршчыну — „Мадзярорсаг“. Крытыкі ня ўлічваюць, што, па-першае, самі гэтыя краіны не дамагаюцца зьмены сваіх традыцыйных у суседніх мовах назваў. А па-другое, адмова ад „Белай Расеі“ — частка стратэгіі дэкалянізацыі моўнае прасторы былой Расейскай імпэрыі.
Да чаго нам казус Türkiye?
А вось да чаго. Праблема перадачы назваў дзяржаваў у іншых мовах вярнулася ў міжнародны парадак дня. Калі нават Турэччына, 85-мільённая ўплывовая дзяржава, ня меўшы каляніяльнага прыніжэньня, патрабуе на міжнароднай арэне карэкцыі назвы, — то пагатоў на гэта мае права посткаляніяльная краіна Беларусь.
І яшчэ. У напісаньні Türkiye ёсьць літара з дыякрытычным знакам — Üü (гук — агублены [i]). У афіцыйным сьпісе дзяржаваў — сяброў ААН гэта другі выпадак выхаду па-за стандартную (лацінскую і ангельскую) лацінку пасьля афрыканскай дзяржавы Côte d’Ivoire (Бераг Слановай Косьці), якая ў 1986 годзе настаяла на афіцыйным францускім напісаньні назвы ўва ўсіх лацінапісьмовых мовах. Мо калісьці можна будзе спрабаваць замацаваць назву Biełaruś традыцыйнаю беларускаю лацінкаю прынамсі ў ААНаўскіх сьпісах?
Цю́ркіе?
Ці трэба тэрмінова мяняць беларускую назву краіны над Басфорам? Выглядае, што не.
На сайце амбасады Турэччыны ў Беларусі назва па-расейску не памянялася (беларускай вэрсіі ў іх няма). То пакуль можна ўздыхнуць з палёгкай і ня думаць, як адаптаваць форму Türkiye (вымаўляецца [türkije], націск на першы склад, азначае ‘краіна/зямля туркаў’) да беларускае кірыліцы.
Бо напісаць „Тюркіе“ па-беларуску немагчыма ў прынцыпе: закон „цеканьня“ ня ведае выняткаў. Напісаць „Цюркіе“, вядома ж, можна, але 1) пачатная літара Ц і беларускі мяккі гук [ц’] ужо радыкальна адрозьніваюць такую вэрсію ад турэцкага арыгіналу; 2) такая назва не скланяецца, як і „пэнснэ“. А беларуская ж мова флексійная, назоўнікі, ня здольныя нармальна скланяцца, адчуваюцца як не асвоеныя моўныя сыстэмай. Затое тапонімы Турэччына й Турцыя і скланяюцца паводле законаў беларускае мовы, і словаўтваральна зьвязаныя з этнонімам туркі і прыметнікам турэцкі (які ў поўнай назьве дзяржавы Турэцкая Рэспубліка).
Акрамя таго, па-беларуску адрозьніваюцца туркі (асноўны этнас Турэччыны, носьбіты турэцкай мовы) і цюркі (носьбіты дзясяткаў моваў цюрскай моўнай сям’і — ад турэцкай да якуцкай). Па-турэцку гэта адзін і той самы корань, але нават калі крок Анкары скіраваны на тое, каб цюркаў і туркаў атаясамілі і ў іншых мовах — гэта не падстава нам размываць важнае адрозьненьне.
Турэччына, Нямеччына, Кітайшчына
Словы турак, турчын у старабеларускай мове былі адвеку. А Турэччына як утвораная паводле традыцыйнай мадэлі назва зямлі туркаў — неадменны вобраз у беларускім фальклёры. Калядная велічальная песьня, ваяўнічая, але зь мірным фіналам (в. Галкі Брагінскага раёну, выконвае гурт „Астроўна“):
Ой славен, славен малады Васечка, Сьвяты вечар...
Да й на тры зямлі ваяваць ідзе...
Первая зямля — у Турэччыну...
Другая зямля — у Нямеччыну...
Трэція зямля — у Кітайшчыну...
Ой выйдзі, выйдзі, турэцкі цару...
Ой выйдзі, выйдзі, паваюемся...
Як і сышліся, так і сьселіся...
Пад імі конікі папрыпадалі...
З галовак шапкі паспадавалі, Сьвяты вечар!
Тапонім Турцыя таксама заканамерна ўтвораны ад кораня „турк-“, але ў лацінскай мове: зь сярэднявечнае лаціны слова пераняла польская мова, а зь яе — расейская.
Türkiye і Belarus: падобныя праблемы асваеньня
Мовам з разьвітай сыстэмай скланеньня цяжка асвоіць ня толькі Türkiye, але і Belarus.
Для германскіх і раманскіх моваў, дзе скланеньне амаль зьнікла, для фіна-вугорскіх і тых жа цюрскіх (гэта мовы аглютынатыўныя, у іх граматычныя фарманты мэханічна „прыклейваюцца“ да асновы) форму Belarus успрыняць даволі проста, гэта ўжо адбываецца.
А вось у флексійных мовах — іншых славянскіх, балцкіх, дзе імёны скланяюцца, — узьнікаюць праблемы. І калі гарачыя, але ня дужа кампэтэнтныя галовы патрабуюць ад усіх называць нас Belarus — яны ня ўлічваюць спэцыфікі розных моваў. Напрыклад, па-літоўску Belarus будзе чытацца як назоўнік мужчынскага роду з канчаткам назоўнага склону -us і... коранем Belar- !. Таму і няма простага адказу на пытаньне, чым замяніць цяперашнюю форму Baltarusija (даслоўна — „Бела-расея“), дыскусіі працягваюцца.