Урад Беларусі прапанаваў крыху лібэралізаваць крымінальнае заканадаўства. Улады так доўга ішлі шляхам узмацненьня жорсткасьці пакараньня, што цяпер можна трохі пагуляць у гуманізацыю.
Агулам прапануецца каля сотні зьменаў у розныя артыкулы, значная частка якіх тычыцца проста ўдакладненьня фармулёвак. Але на некаторыя зьмены варта зьвярнуць пільнейшую ўвагу.
Найперш кідаецца ў вочы адмена аднаго важнага «палітычнага» артыкула Крымінальнага кодэксу. Гэта сумнавядомы артыкул 193-1, які караў за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Ён зьявіўся ў 2005 годзе. Тады, пасьля перамогі «памаранчавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне, напужаныя беларускія ўлады прынялі шэраг законаў, якія мэдыі назвалі «антырэвалюцыйнымі». Лукашэнка не хаваў намеру зьнішчыць апазыцыю як кляс, як зьяву. Новыя законы фактычна крыміналізавалі апазыцыйную дзейнасьць. Бо прыняцьцю новага артыкула 193-1 спадарожнічала цягам 2003–2007 гадоў хваля прымусовых ліквідацый партый, грамадзкіх аб’яднаньняў у судовым парадку.
Гэты артыкул, як і любы «палітычны» закон, улады прымянялі выбарачна. За пэрыяд з 2005 па 2012 год 18 сябраў незарэгістраваных арганізацый былі асуджаныя па артыкуле 193.1. Пяцёра зь іх — да пазбаўленьня волі. Асноўная частка асуджаных — гэта чальцы «Маладога фронту». Але пацярпелі і прадстаўнікі незарэгістраваных рэлігійных арганізацый.
Існаваньне гэтага артыкула ў Крымінальным кодэксе ўвесь час выклікала вострую крытыку з боку міжнароднай супольнасьці. Яго патрабавалі адмяніць Рада Эўропы, Эўрапарлямэнт, Камітэт ААН па правах чалавека.
«Партнэрства», «Малады Фронт», «Вясна». Каго зачапіў артыкул 193.1, які хочуць лібэралізаваць
Апошнія гады гэты артыкул не прымяняўся, хоць сілавыя органы пэрыядычна пагражаюць ім незалежным актывістам. У межах палітыкі нармалізацыі адносін Беларусі з ЭЗ прадстаўнікі беларускіх уладаў шмат разоў абяцалі эўрапейцам адмяніць гэтую заканадаўчую норму. І вось нарэшце, здаецца, працэс пайшоў. Думаю, гэта прымеркавана да міжнароднага форуму «Менскі дыялёг», які мае адбыцца наступным тыднем. Там чакаецца шмат замежных экспэртаў, плянуецца, што выступіць Лукашэнка.
Але адмена артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу не азначае, што за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ня будуць караць. Пакараньне пераносіцца ў Адміністрацыйны кодэкс. Прапануюць штрафаваць за такую дзейнасьць на суму да 50 базавых велічыняў (на момант публікацыі гэта 1225 рублёў). Так што ў гэтым пляне лібэралізацыя адносная.
Яшчэ адно паслабленьне тычыцца той сфэры, якая апошнімі днямі набыла значнае грамадзкае гучаньне. Маецца на ўвазе галадоўка маці людзей, асуджаных паводле «наркатычных» артыкулаў. Яны патрабавалі зьменшыць жорсткасьць пакараньня за правапарушэньні, зьвязаныя з наркотыкамі. Улады абяцалі, нават сам Лукашэнка выказваў гатоўнасьць паслабіць меры пакараньня.
І вось цяпер высьветлілася, што ў выніку атрымаўся пшык. Урад прапануе чыста сымбалічнае зьмякчэньне пакараньня. Прадугледжана зьнізіць мінімальныя пакараньні з 5 да 3 гадоў турмы за выраб, набыцьцё, захоўваньне і перавозку з мэтай продажу наркотыкаў; з 8 да 6 гадоў — за тое самае групай асобаў або ў буйным памеры. Калі раней прадугледжвалася магчымасьць канфіскацыі маёмасьці, то цяпер будуць абмяжоўвацца буйнымі штрафамі. Не адменена пакараньне за захоўваньне (чытай: спажываньне) наркотыкаў.
«Не стае акту гуманнасьці», — лідэрка руху «Маці 328» пра зьмены ў Крымінальны кодэкс
Супраць рэальнай лібэралізацыі ў гэтай сфэры выступілі МУС, іншыя праваахоўныя структуры. І гэта цалкам лягічна. Бо жорсткасьць пакараньня — візытоўка, адметны знак любога аўтарытарнага рэжыму.
Комплекс дэкрэтаў і ўказаў па лібэралізацыі бізнэсу, прынятых у канцы мінулага году, патрабуе зьмяніць у гэтым кірунку шмат якія законы, у тым ліку і Крымінальны кодэкс. Некаторыя захады прапанаваныя ўрадам. Так, за прадпрымальніцкую дзейнасьць без спэцыяльнага дазволу прапануюць зьменшыць максымальны тэрмін пазбаўленьня волі з 3 да 2 гадоў. За наўмыснае банкруцтва — з 3 да 2. За раскрыцьцё камэрцыйнай таямніцы максымальнае пакараньне — з 5 да 3. Дробязь, а бізнэсоўцам прыемна.
І, нарэшце, лыжка дзёгцю. Крымінальная адказнасьць за паклёп і абразу (артыкулы 188 і 189) уводзіцца «зь першага разу». Бо дасюль за гэтае правапарушэньне першы раз прадугледжвалася толькі адміністрацыйная адказнасьць.
Мяркуючы па ўсім, такім чынам улады імкнуцца прыструніць, узяць пад кантроль інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. Новы закон аб СМІ прадугледжвае адмову ад ананімнасьці ў камэнтарах. А падвышэньне адказнасьці за паклёп і абразу — наступны крок. Маўляў, цяпер моцна думайце, перш чым камэнтаваць дзейнасьць кіраўніка дзяржавы ды іншых службовых асоб.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.