17 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытаньні новую рэдакцыю Жыльлёвага кодэксу. Абмеркаваньне атрымалася нечакана дынамічным і цікавым. Да другога чытаньня кодэкс можа істотна зьмяніцца. Свабода адабрала найбольш цікавыя прапановы дэпутатаў.
Пакідаць жыльлё ў «радавым гнязьдзе»
Адразу два дэпутаты зь Менску — Тацяна Сайганава і Валер Варанецкі — узьнялі пытаньне аб кватэрах для гараджан, чые дамы ў прыватным сэктары зносяць.
«Людзей палохае пэрспэктыва пераезду ў спальныя раёны або нават у гарады-спадарожнікі. Можа, варта замацаваць у кодэксе норму, што ў такіх выпадках новае жыльлё прадстаўляецца ў тым жа раёне гораду», — зьвярнулася да міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі спадарыня Сайганава.
«2018 год — год малой радзімы. І гэта распаўсюджваецца ня толькі на вёскі. І ў Менску людзі хочуць жыць тамсама, дзе жылі іхныя бацькі, бабулі і дзядулі, то бок у сваіх радавых гнёздах», — кажа спадар Варанецкі.
Міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандар Церахаў, які прадстаўляў новую рэдакцыю Жыльлёвага кодэксу, паабяцаў над гэтым падумаць. І прывёў такі прыклад: калі зносяць дом, умоўна кажучы, у Фрунзенскім раёне сталіцы, то і новую кватэру ўлады павінны выдзеліць «у межах той жа адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі».
Зьнізіць памер пені за спазьненьне з аплатай паслуг ЖКГ
Дэпутатка Вольга Палітыка прапанавала зьменшыць памер пені, якая налічваецца за спазьненьні пры аплаце паслуг.
«Памер пені нібыта малы — 0,3% за дзень. Але ж гэта 109% гадавых. У нас нідзе няма такіх крэдытных ставак. Часам здараецца, што пеня набягае да таго ж самага памеру, што і асноўная запазычанасьць. Я лічу, што менавіта ў Жыльлёвым кодэксе нам трэба ўвязаць памер пені і стаўку рэфінансаваньня Нацбанку», — сказала яна.
Міністар з дэпутаткай не пагадзіўся. Ён казаў, што насельніцтву і без таго даецца адтэрміноўка ў аплаце, бо за паслугі можна плаціць аж да 25 чысла наступнага месяца. А з абласьцей прыходзяць прапановы нават павялічыць пеню. Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка з гэтай нагоды сказаў, што запазычанасьць за камунальныя паслугі дасягнула 75 мільёнаў даляраў. «А нам жа трэба разьлічвацца за расейскі газ», — падкрэсьліў ён.
Адмовіцца ад папяровых жыровак
Вольга Палітыка таксама прапанавала адмовіцца ад папяровых жыровак. Пры аплаце праз інтэрнэт-банкінг і АРІП (Адзіную разьлікова-інфармацыйную прастору) чалавек павінен бачыць усю структуру налічэньня і плацяжу за паслугі ЖКГ. Цяпер гэтага няма.
Міністар падтрымаў гэтую навэлу. Праўда, для гэтага спатрэбяцца новыя фінансавыя ўліваньні. Але яны не такія значныя. Да таго ж друк папяровых жыровак таксама патрабуе пэўных выдаткаў. Церахаў лічыць, што гэтую праблему можна вырашыць нават сёлета.
Стварыць жыльлёва-камунальную інспэкцыю
Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Улаховіч нагадаў міністру пра ідэю стварыць жыльлёва-камунальную інспэкцыю.
І да гэтай прапановы Аляксандар Церахаў паставіўся станоўча.
«Калі мы з вамі выпрацуем такую рэдакцыю да другога чытаньня, то ўсе падтрымаюць», — упэўнены міністар.