У Лукашэнкі прайшла чарговая нарада, на якой абмяркоўваўся праект шматпакутнага прэзыдэнцкага дэкрэту. Ён вядомы як дакумэнт аб увядзеньні «прыгоннага права» для намэнклятуры.
Гэты дэкрэт анансаваўся кіраўніком дзяржавы яшчэ ўвесну. Прэзыдэнт гаварыў пра яго, выступаючы з пасланьнем у Нацыянальным сходзе. Той выступ быў прысьвечаны ўрокам украінскага крызісу. Лукашэнка зрабіў выснову, што прычынай краху рэжыму Януковіча была карупцыя і неэфэктыўнасьць эканомікі. А ў Беларусі з гэтымі двума пытаньнямі выявіліся вялікія праблемы, зь якімі трэба было нешта рабіць. І беларускі кіраўнік нічога лепшага не прыдумаў, як яшчэ больш рашуча рабіць стаўку на тыя мэтады кіраваньня, якія выкарыстоўваліся апошнія 20 гадоў. То бок узмацніць дысцыпліну і адказнасьць, што зьяўляецца абсалютна лягічным у рамках той адміністратыўнай мадэлі кіраваньня, якая існуе ў Беларусі.
Нарада па гэтым пытаньні была 12 жніўня. Тады Лукашэнка растлумачыў сэнс падрыхтаванага дэкрэту: «Нельга мірыцца з сытуацыяй, калі, праваліўшы справу, бяздарны і, горш за тое, нячысты на руку кіраўнік спакойна перасаджваецца з аднаго сытнага і цёплага месца ў іншае. Пра гэта не аднойчы ўжо сказана. Сёньня гаворка ідзе пра тое, каб гэта набыло форму нарматыўна-прававога акту... Гаворка ідзе ня толькі пра тое, што звольнены кіраўнік ня можа працаваць на дзяржаўных пасадах, але і ў прыватную структуру ўладкавацца кіраўніком таксама ня можа».
У незалежных мэдыях шмат гаварыцца пра сыстэму «прыгоннага права» адносна шараговых працаўнікоў. Узгадваецца і кантрактная сыстэма, і забарона звальненьня працаўнікоў у дрэваапрацоўчай галіне. Але важна падкрэсьліць, што «прыгоннае права» распаўсюджваецца і на чынавенства. Яно таксама апынулася ў вельмі моцнай залежнасьці ад вярхоўнага кіраўніка. Амаль як расейскае дваранства ад цара да канца ХVIII стагодзьдзя. Дваране павінны былі абавязкова служыць, найперш у войску.
Цяперашняя залежнасьць беларускай намэнклятуры праяўляецца ў розных формах. Чыноўнік, які, як палічыць Лукашэнка, ня справіўся з заданьнем, можа апынуцца ў турме. Як прыклад, незайдросны лёс дырэктара заводу «Барысаўдрэў» Уладзімера Мальцава. Прэзыдэнт загадаў пасадзіць, і цяпер пракуратура з судом круцяцца ў пошуках, за што зачапіцца, каб выканаць загад.
Яшчэ адна з формаў «прыгону» — гэта, як ні падасца дзіўным, тыя намэнклятурныя пасёлкі ў Драздах, Вясьнянцы
Яшчэ адна з формаў «прыгону» — гэта, як ні падасца дзіўным, тыя намэнклятурныя пасёлкі ў Драздах, Вясьнянцы, пра якія шмат піша «Наша ніва». З аднаго боку, гэта прывілей, гонар. А зь іншага боку, пасяленьне там азначае, што ты назаўжды прывязаны да рэжыму і нікуды ўжо ня выскачыш, ня вылузаесься з лукашэнкаўскай абоймы. Як на падводнай лодцы. Калі што — патонеш разам зь ім. Прывязаць вышэйшых чыноўнікаў да сябе катэджам — гэта геніяльная задума. Цяпер хочаш — ня хочаш, але будзеш служыць аддана.
На той нарадзе 12 жніўня Лукашэнка даручыў дапрацаваць дакумэнт цягам трэцяга кварталу, каб з чацьвёртага кварталу ён ужо ўступіў у дзеяньне. Але графік сарваны. Цяпер кіраўнік краіны ставіць новую задачу: паводле ягонага даручэньня дэкрэт павінен уступіць у сілу з новага году. Сам Лукашэнка тлумачыць гэтую затрымку так: «Двойчы ў мяне на стале знаходзіўся праект дакумэнта па гэтым пытаньні, і двойчы мы адхілялі яго. У апошні раз мы бачылі: так, з кіруючых кадраў мы патрабуем, і мы павінны патрабаваць у гэтых умовах. Але таксама мы канстатавалі: перш чым патрабаваць з кіраўніка, яму трэба выразна акрэсьліць яго правы, дадаць улады».
Выбарчая кампанія — гэта той рэдкі выпадак, калі прэзыдэнт залежыць ад намэнклятуры
Думаю, што затрымка з падпісаньнем згаданага дэкрэту выклікана тым, што Лукашэнка ня можа намацаць тонкую мяжу паміж пернікам і бізуном у стаўленьні да намэнклятуры. З аднаго боку, на чынавенства трэба моцна ціснуць, пэрыядычна і паказальна рэпрэсаваць. Каб баяліся і бяздумна выконвалі загады. А зь іншага боку, ня трэба перагінаць палку. Калі моцна закручваць гайкі, можна сарваць разьбу, выклікаць калі ня бунт, то ціхі сабатаж. Хоць гэта і гучыць у сёньняшніх беларускіх умовах амаль неверагодна. Але выбарчая кампанія — гэта той рэдкі выпадак, калі прэзыдэнт залежыць ад намэнклятуры, ад таго, як вэртыкаль правядзе галасаваньне на падкантрольнай тэрыторыі.
Усё ж у рэшце рэшт гэты дэкрэт, мусіць, будзе падпісаны. Але ці дасьць ён патрэбны эфэкт? З гледзішча дасягненьня адзінства намэнклятуры, яе палітычнай ляяльнасьці, думаю, асаблівых праблемаў ня будзе. Ужо падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году перабежчыкаў зь яе шэрагаў у бок апазыцыі не было. Цяпер тым больш ня варта чакаць гэтага. Бо рэжым Лукашэнкі ўмацаваўся на тле ўкраінскага крызісу. Чынавенства ня бачыць альтэрнатывы.
Але дэкрэт ня здолее вырашыць другую задачу — павысіць эфэктыўнасьць існай сацыяльнай мадэлі. Сам Лукашэнка прызнае крызіс кіраванасьці. Вось ён кажа падчас нарады: «Выканальніцкая дысцыпліна ў нас знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні — прытым па ўсіх кірунках і на ўсіх паверхах улады». А ён жа 20 гадоў толькі і рабіў, што ўмацоўваў дысцыпліну самымі жорсткімі мэтадамі. І вось вынік.