Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не зьбіраецца падманваць выбарцаў


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Першы раз Лукашэнка ўзгадаў пра тэрміны прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году. Прызначаючы кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў 14 кастрычніка, ён заявіў:

«Падладжвацца пад выбары, як мне прапаноўваюць (тут ужо ўсё пішуць, пачынаючы ад некаторых апазыцыянэраў) — давайце правядзем не ў лістападзе наступнага году, як належыць, калі тэрмін канчаецца, а ў сакавіку, маўляў, цяпер абстаноўка адпаведная, рэйтынг у дзейнага прэзыдэнта ледзь не 90%, давайце правядзем. Гэта будзе падман нашых выбарцаў і насельніцтва. Мы не павінны гэтага рабіць, тым больш падстаўляцца там, дзе ня трэба, пад крытыку. Мы выйдзем да народа і скажам проста, што змаглі зрабіць. Што не змаглі — зробім. Хоча народ — няхай галасуе, ня хоча — ня трэба. Няхай абіраюць іншага чалавека. Павінна быць усё сумленна. На гэта трэба арыентавацца, настройвацца і не падладжвацца ні пад якія выбары. Жыцьцё павінна ісьці сваім парадкам. Мы павінны ў аснову нашай палітыкі пакласьці сумленнасьць і справядлівасьць. Больш нічога ня трэба. Паняцьці сумленнасьці і справядлівасьці сталі ўжо не псыхалягічнымі, а эканамічнымі».

У гэтых развагах цікавыя некалькі момантаў. Найперш зьвернем увагу на тэзіс, што «рэйтынг у дзейнага прэзыдэнта ледзь не 90%». Гэта арыенцір для мясцовай вэртыкалі і выбарчых камісіяў. Каб не было разнабою пры падвядзеньні вынікаў галасаваньня. Тут павінен быць парадак.

Цяпер пра сумленнасьць, справядлівасьць і нежаданьне падманваць выбарцаў. У 2006 годзе выбары адбыліся на чатыры (!) месяцы раней за тэрмін. У 2010-м — за паўтара месяца да гранічнай даты. І неяк пра падман выбарцаў тады не задумваліся.

Пляны правядзеньня выбараў у лістападзе наступнага году сьведчаць пра ўпэўненасьць Лукашэнкі ў сваіх сілах. Чаго не было падчас дзьвюх папярэдніх кампаніяў.

Напярэдадні выбараў 2006 году апазыцыя нечакана аб’ядналася і вылучыла адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Той пачаў езьдзіць па рэгіёнах, ягоны рэйтынг хутка рос. Да таго ж Аляксандар Казулін нечакана выскачыў, як чорт з табакеркі. Гэта напружвала, стварала няўпэўненасьць. І тады Лукашэнка вырашыў паламаць стратэгію апазыцыі, зьмяшаць карты і прызначыць выбары на сакавік, а не на ліпень, як прадугледжвалася заканадаўствам і, дарэчы, як спачатку плянавалася. Каб апанэнты апынуліся ў цэйтноце.

У час мінулай прэзыдэнцкай кампаніі ўлады разьлічылі, што правесьці выбары перад Новым годам будзе для іх выгадней, бо людзі, занятыя перадсьвяточнымі клопатамі, менш схільныя думаць пра палітыку, выбарчыя фальсыфікацыі, рэпрэсіі ды іншае. Таму і правялі іх ня ў лютым 2011 году, а 19 сьнежня 2010-га.

Цяпер нейкіх вялікіх пагрозаў Лукашэнка не адчувае

Цяпер нейкіх вялікіх пагрозаў Лукашэнка не адчувае. На тле ўкраінскіх падзеяў давер беларускага насельніцтва да ўлады і рэйтынг Лукашэнкі расьце. Прыярытэтнымі ў сьвядомасьці людзей сталі не сацыяльна-эканамічныя праблемы, а пытаньні бясьпекі. Павялічыўся запыт на стабільнасьць, парадак, цьвёрдую ўладу і моцную руку. Расейскія субсыдыі наступным годам у памеры каля 2,5 млрд даляраў даюць страхоўку ад фінансавага абвалу на ўзор 2011 году. Пазыцыя Захаду адносна беларускай дыктатуры заўважна памякчэла. Пуціну пакуль не да Беларусі, яму б расхлябаць украінскі крызіс і канфлікт з ЗША і ЭЗ. Апазыцыя па-ранейшаму ў стане летаргічнага сну. Адзінага кандыдата не відаць нават на даляглядзе.

А датэрміновыя выбары ўсё ж ствараюць пэўную нязручнасьць. Не юрыдычнага характару, бо знакаміты юрыст Лідзія Ярмошына абгрунтуе любую прававую недарэчнасьць. Нязручнасьць гэтая хутчэй палітычнага кшталту. Тое, што датэрміновыя выбары скарачаюць пяцігадовы тэрмін прэзыдэнцкага кіраваньня, мусіць, ня варта асабліва браць пад увагу. Бо Лукашэнка ўпэўнены, што будзе займаць сваю пасаду пажыцьцёва, таму гэтая акалічнасьць ня мае значэньня.

Справа ў тым, што Лукашэнка ўвесь час пазыцыянуе сябе як моцнага палітыка, які не баіцца ніякіх супернікаў. Да таго ж ён усіх запэўнівае, што карыстаецца бязьмежнай падтрымкай народу (вы ж чулі — 90% рэйтынг). І калі такі палітык, прызначаючы датэрміновыя выбары, пускаецца ў такія праставатыя хітрасьці, то ён разбурае свой вобраз у вачах абывацеля, намэнклятуры, дый замежных гульцоў. Бо гэта прыкмета слабасьці, бо сапраўды моцным такія хітрыкі не патрэбныя.

Усё сказанае вышэй зусім не азначае, што ўжо нічога ня можа памяняцца. Як вядома, Лукашэнка — гаспадар свайго слова: можа даць, можа забраць назад. Калі зьявяцца нейкія рэальныя пагрозы, то ён можа ўсё перайграць.

Давайце зноў вернемся да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Тады старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заяўляла, што выбары адбудуцца 16 ліпеня 2006 году. Потым сам Лукашэнка казаў, што, маўляў, правядзем выбары летам наступнага году. Пад гэтую дату прымеркавалі беларуска-расейскія вайсковыя манэўры, адмыслова перанесьлі «Славянскі базар», зрабілі шэраг іншых падрыхтоўчых крокаў. А потым усё памянялі, перанесьлі выбары на 19 сакавіка, бо спужаліся апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG