Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента» Ўладзімер Фясенка.
«У цэлым, калі ацэньваць склад ураду, дык я вам працытую меркаваньне аднаго прадстаўніка ўкраінскага бізнэс-асяродзьдзя, які сказаў, што яго аптымізм пасьля ўчорашняга галасаваньня павялічыўся. Гэта зьвязана з тым, што гэты склад ураду выглядае больш працаздольным, чым мінулы.
Калі першы ўрад Яцанюка, які быў сфармаваны пасьля Майдану, быў такі рэвалюцыйна-экспэрымэнтальны, то сёньняшні склад ураду хутчэй рэфарматарска-экспэрымэнтальны: гэта спалучэньне прафэсійных палітыкаў і прафэсійных мэнэджэраў-тэхнакратаў. Яны больш прафэсійна падрыхтаваныя, але, канечне, гэта не гарантуе вынік, таму што ім давядзецца прымаць няпростыя і балючыя рашэньні; непазьбежна ўзьнікне вельмі моцная ідэалягічная і палітычная барацьба вакол рэформаў, будзе супраціў. Але новы ўрад будзе проста вымушаны займацца рэформамі», — падкрэсьлівае экспэрт.
Фясенка кажа, што галоўнай сэнсацыяй новага складу Кабінэта міністраў, пра якую, праўда, было вядома яшчэ да галасаваньня ў Вярхоўнай Радзе, стала ўваходжаньне ва ўрад трох міністраў, якія яшчэ два дні таму былі замежнікамі. Цяпер прэзыдэнт Пятро Парашэнка даў ім украінскае грамадзянства.
«Фактычна гэта новы спосаб фармаваньня ўраду — рэкрутынг, пошук мэнэджэраў, у тым ліку замежных. Вось гэта стала галоўнай нечаканасьцю, і вакол гэтага пытаньня ідуць дыскусіі. Адзначу, што, як гэта ні парадаксальна, значная частка грамадзтва, асабліва прыхільнікаў сёньняшняй улады, ставіцца да гэтага пераважна станоўча. Гэта зьвязана з тым, што ў нас замежным рэфарматарам давяраюць крыху больш, чым айчынным», — кажа экспэрт.
Фясенка таксама адзначае, што двое зь міністраў-замежнікаў — міністар фінансаў Натальля Ярэська і міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Айварас Абрамовічус — ужо ня першы год працуюць ва Ўкраіне. Што тычыцца прызначэньня былога міністра аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны Грузіі Аляксандра Квіташвілі на пасаду міністра аховы здароўя Ўкраіны, то ў гэтым, на думку Фясенкі, ёсьць свая лёгіка:
«На жаль, у нас ў Міністэрстве аховы здароўя вельмі шмат бізнэс-канфліктаў і, напэўна, міністар, які не зьвязаны з нацыянальным кантэкстам, у тым ліку палітычным і бізнэс- кантэкстам, ён будзе больш незалежным. І гэта вельмі важна для таго, каб пераадольваць карупцыю ў гэтым міністэрстве», — тлумачыць палітоляг.
Фясенка адзначае, што новы Кабінэт міністраў у цэлым выглядае больш здольным пераадолець карупцыю:
«Адзначу яшчэ адзін момант са спасылкай на людзей дасьведчаных: зьнешне гэты ўрад выглядае, скажам акуратна, менш схільным да карупцыі, чым папярэдні. Але шмат будзе залежыць ад прэм’ера: прэм’ер у нас сымбалізуе сувязь старога і новага, хаця сёньня ён дастаткова папулярны. Але ад таго, наколькі прэм’ер-міністар будзе разам з прэзыдэнтам дапамагаць міністрам пераадольваць існыя праблемы, змагацца з карупцыяй, — ад гэтага будзе шмат залежыць посьпех рэформаў».
Раней украінскія журналісты і палітолягі неаднаразова зьвярталі ўвагу на тое, што перамовы наконт стварэньня парлямэнцкай кааліцыі і фармаваньня Кабінэта міністраў праходзілі складана, але, на думку Фясенкі, нельга казаць, каб яны зацягнуліся. Экспэрт зьвяртае ўвагу на тое, што перамовы ішлі ў той момант, калі Вярхоўная Рада яшчэ не працавала, а ў першы дзень працы новага парлямэнта былі адразу абраны і прэм’ер-міністар, і старшыня Рады. Празь пяць дзён парлямэнт прагаласаваў за новы Кабінэт міністраў, што сьведчыць аб тым, што паміж галоўнымі палітычнымі сіламі ў Вярхоўнай Радзе былі захаваныя ўсе балянсы.
Большасьць міністраў ад „Блёка Парашэнкі“ — гэта тэхнакраты, а не палітыкі; гэта сьведчыць пра тое, што стаўка робіцца як раз не на палітычныя мэты, а на правядзеньне рэформаў
«У новым складзе ўраду таксама захаваныя балянсы. У прыватнасьці, усе пяць партыяў-удзельніц кааліцыі будуць мець ва ўрадзе свайго прадстаўніка. Тут няма арытмэтычнай адпаведнасьці колькасьці фракцыяў і колькасьці месцаў ва ўраде: напрыклад, партыя Юліі Цімашэнкі „Бацькаўшчына“, якая мае найменшую фракцыю ў парлямэнце, атрымала дзьве міністэрскія пасады, а „Радыкальная партыя“ Алега Ляшко і „Самапомач“, якія маюць больш дэпутатаў у Радзе, атрымалі па адной міністэрскай пасадзе. Але прадстаўленыя ўсе. Каля паловы месцаў ва ўрадзе атрымалі прадстаўнікі „Блёку Пятра Парашэнкі“ — у іх найбольшая фракцыя ў парлямэнце і ў іх самы вялікі кадравы патэнцыял. Большасьць міністраў ад „Блёка Парашэнкі“ — гэта тэхнакраты, а не палітыкі; гэта сьведчыць пра тое, што стаўка робіцца як раз не на палітычныя мэты, а на правядзеньне рэформаў. Але „Народнаму фронту“, які атрымаў чатыры міністэрскія пасады ва ўрадзе, ня ўлічваючы прэм’ера, атрымалася заняць тыя пасады, за якія яны змагаліся: міністар ўнутраных спраў, міністар юстыцыі, вельмі важная пасада міністра Кабінэта міністраў (фактычна кіраўніка апарату ўраду), ну і акрамя таго пасада віцэ-прэм’ера па гуманітарнай палітыцы. Так што, на мой погляд, балянс захаваны, і бакі ў прынцыпе задаволеныя», — лічыць палітоляг.
Разьмеркаваньне ўлады працягнецца ў парлямэнце, дзе трэба будзе вызначыцца з намесьнікам старшыні Вярхоўнай Рады і кіраўніцтвам парлямэнцкіх камітэтаў, але, паводле слоў Фясенкі, там «на 90% ужо ўсё вырашана».