Паводле міжнароднай арганізацыі Transparency International, Беларусь сёлета заняла 119 месца са 175 краінаў у рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі, палепшыўшы за год паказчык на 4 радкі. Ці сапраўды карупцыі ў Беларусі стала меней?
Былы судзьдзя і адвакат Гары Паганяйла мяркуе, што карупцыя ў цяперашняй Беларусі застаецца часткай уладнай сыстэмы, не зважаючы на захады барацьбы зь ёй:
«У Беларусі сыстэма ўлады наладжаная гэтак, што яна сама спараджае карупцыю, а ў такіх умовах антыкарупцыйныя захады ня дзейнічаюць ці дзейнічаюць недастаткова. Да 15–20% валавога прадукту ў Беларусі — гэта грошы, якія ідуць на подкуп чынавенства. Асабліва гэта заўважна па рэалізацыі сацыяльна значных праектаў: кожны праект па сутнасьці зьвязаны з карупцыяй. Скажам, праект па добраўпарадкаваньні мяжы — зьвязаны з карупцыяй, мэдыцына — зьвязаная з карупцыяй, мадэрнізацыя эканомікі — зноў падазрэньні ў карупцыі. І гэтак раскрадаюцца мільярды рублёў, якія ідуць на хабар чыноўнікам ад камэрцыйных структураў, якія мусяць асвоіць дзяржаўныя заказы ў межах гэтых праектаў. Усе памятаюць працэс над былым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Васільевым, дзе гаворка ішла пра хабар у 500 тысяч даляраў. Адметна, што працэс хутка зрабілі закрытым, як толькі стала зразумела, што да яго мае дачыненьне ня толькі Васільеў. І гэтак вельмі часта — ідуць працэсы, але закрытыя».
Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак не давярае афіцыйнай беларускай статыстыцы, якой мусяць карыстацца міжнародныя арганізацыі, вызначаючы рэйтынгі карупцыі:
«Як кіраўнік праваабарончай арганізацыі і былы сьледчы скажу, што ня веру дадзеным, паводле якіх карупцыі ў нас нібыта стала меней. Насамрэч карупцыі стала больш, асабліва ў рэгіёнах. У нас дастаткова фактаў, калі карупцыю хаваюць, не заводзяць крымінальныя справы супроць чыноўнікаў па заявах грамадзянаў.
У краіне не працуюць незалежныя арганізацыі, якія маглі б праводзіць маніторынг па карупцыі. Паказчыкі, якімі карыстаюцца ў сваіх аглядах міжнародныя арганізацыі, — гэта тое, што ім дае наша пракуратура. Між тым, туды ня маюць доступу беларускія незалежныя мэдыі, праваабарончыя арганізацыі, каб праверыць іх дадзеныя. У судах шмат справаў па карупцыі слухаюцца ў закрытым рэжыме — вось яшчэ адзін доказ таго, што інфармацыю хаваюць. Беларуская ўлада статыстыку па карупцыі карэктуе, каб прывабіць сюды інвэстараў. Бо лічыцца, што калі ідзе змаганьне з карупцыяй, то пойдуць інвэстары».
У апошнія гады былі пакараныя за карупцыю намесьнік міністра ўнутраных спраў Полудзень, намесьнік генпракурора Архіпаў, былы пракурор Менскай вобласьці Сьнягір, цяпер у Вярхоўным судзе ідзе працэс над былым намесьнікам старшыні Ваеннага суду Тузавым. Хіба гэта не выразныя сыгналы ўлады вышэйшым чыноўнікам адносна пакараньня за карупцыю?
Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў перакананы, што на ўсіх вышэйшых чыноўнікаў улады маюць кампрамат, што ёсьць элемэнтам захаваньня іх ляяльнасьці.
«Перакананы, што адносна ўсіх чыноўнікаў такога клясу дзейнічае апэратыўнае суправаджэньне, і яны пра гэта, дарэчы, ведаюць. Калі вы калі-небудзь кантактавалі з высокімі чыноўнікамі, то мусілі заўважыць, што некаторыя рэчы яны ніколі не прамаўляюць услых. Прыкладам, яны не называюць прэзыдэнта па прозьвішчы, ня кажуць нейкія рэчы, хаця могуць паказаць сваё стаўленьне жэстамі ці ўскінуць позірк у столь, даючы зразумець, што паўсюль мікрафоны. Гэта я пра што? Пра тое, што на кожнага з такіх чыноўнікаў, як на і судзьдзяў ды іншых з пэўнага моманту ёсьць па дзьве валізкі кампрамату. Інакш яны існаваць ня могуць, на афіцыйны заробак яны яўна не жывуць.
Дастаткова паехаць у Дразды і паглядзець на катэджы чыноўнікаў, каб гэта зразумець. А вось зь якой прычыны, паводле якога крытэру таго ці іншага з гэтых чыноўнікаў выцягваюць, каб гэты кампрамат супроць іх ужыць, — гэтага я ня ведаю. Чаму кагосьці зь іх судзяць (дарэчы, цалкам па заслугах), а кагосьці — не, мне не зразумела. Мне зразумела, што калі сапраўды гэтыя валізкі дастаць і па іх усіх завесьці справы, дык давядзецца ўсім ісьці на суд, ці ва ўсялякім разе — большасьці».
Мікалай Казлоў мяркуе, што пакуль няма нармальных выбараў, незалежных мэдыяў і незалежных судоў, барацьба з карупцыяй будзе заставацца імітацыяй сапраўднай антыкарупцыйнай працы.