30 чэрвеня стартуе летняя школа беларускай мовы. Не для суайчыньнікаў. Беларускую вучаць іншаземцы, на ёй пішуць вершы і навуковыя працы, прызнаюцца ў каханьні і бароняць правы чалавека. Хто і навошта — у падборцы Свабоды.
Анхэла Эсьпіноса
Пачынаць з былога амбасадара Швэцыі Стэфана Эрыксана было б трывіяльна. Ён самы вядомы і ўплывовы іншаземец, які вывучыў беларускую мову. За вядомасьць зь ім пачынае спаборнічаць гішпанка Анхэля Эсьпіноса. Ураджэнка Малагі ўжо выдала зборнік беларускамоўных вершаў, стала ганаровым сябрам Саюзу пісьменьнікаў і зьбірае сотні лайкаў пад белмоўнымі допісамі ў фэйсбуку.
Анхэля некалькі разоў была ў Беларусі, навучаецца ў Варшаве і плянуе далей пісаць па-беларуску. І перакладаць беларусаў на гішпанскую. Мову яна вывучыла за два гады з дапамогай падручнікаў у інтэрнэце.
Сіёры Кіясава
Вы ведаеце беларусаў, якія за адзінаццаць месяцаў вывучылі японскую? Менавіта столькі часу заняў адваротны рух у Сіёры Кіясавы, каб вывучыць беларускую. Японка прыехала ў Менск на гадавую стажыроўку, ня ведаючы ані слова на мове, а зьяжджаючы, магла чытаць Барадуліна ў арыгінале.
Вярнуўшыся ў Японію, яна арганізавала курсы беларускай мовы. Іх наведвала каля двух дзясяткаў чалавек. Дарэчы, менавіта такія курсы, «Мова ці кава» ў Менску, натхнілі Сіёры на вывучэньне мовы.
Такійскія курсы маюць посьпех — як мінімум адзін суайчыньнік Сіёры, Юсуке Касівагі, ужо добра валодае мовай, а яна сама выдала падручнік беларускай мовы для японцаў. Таму чакаем новых гісторыяў.
Сьвятлана Вранава
Можа, чэхам беларуская даецца ня так складана, як гішпанцам або японцам, але каб перакладаць з мовы — трэба ведаць яе дасканала. Як Сьвятлана Вранава з Пардубіц.
Чэшка вывучыла беларускую, чытаючы Біблію і слухаючы хрысьціянскія сьпевы. А пераклала «Залаты век Беларусі» Станіслава Акінчыца і «Люблю Беларусь» Паўла Севярынца. Першую кнігу яна выдала на сродкі, якія дапамаглі сабраць сябры а над перакладам другой працавала паўтара года — Севярынец ужывае шмат мэтафараў і імёнаў.
З Чэхіі паходзіць і Ліда Вацкова, якая размаўляе на мове зь сярэдзіны нулявых і працуе зь беларускімі недзяржаўнымі і праваабарончымі арганізацыямі. А правы чалавека ў Беларусі бароніць беларускамоўны швэд Марцін Угла. Бароніць з-за мяжы, бо ўезд у Беларусь яму забаронены.
Джордж Крол
Былы амбасадар ЗША ў Беларусі мову вучыў у Вашынгтоне, Беларусь называе другой радзімай, а сябе — «тутэйшым», бо род ягоны выводзіцца з Рэчы Паспалітай.
У 2003-м ён зьдзівіў журналістаў, павітаўшы іх па-беларуску ў менскім аэрапорце, а сваё апошняе інтэрвію ў якасьці амбасадара ў 2006-м даў цалкам па-беларуску. Дарэчы, для Радыё Свабода.
Джастын Ралей
Крол — не адзіны амэрыканец, які вывучыў беларускую. Амэрыканка Джастын Ралей абараніла дысэртацыю па мэдыцыне, працавала ў шпіталі і аднойчы пачула беларускую мову. І «захварэла» на яе. Каб вылекавацца, Джастын перасекла акіян, прыляцела ў Менск і вывучыла беларускую. Урокі маўленьня, дарэчы, ёй давала народная артыстка Зінаіда Бандарэнка.
Адрыен Бадуэн
Навошта беларусу размаўляць па-беларуску? Як мінімум, каб навучыць мове бэльгійца. Менавіта так адбылося з Адрыенам, які прыехаў у Беларусь, пазнаёміўся зь беларускамоўнымі студэнтамі і празь іх вучыў мову, бо не хацеў прымушаць размаўляць зь ім па-расейску.
А пасьля закахаўся ў беларускамоўную дзяўчыну, зь якой размаўляў толькі на мове. Так і вывучыў. Каханьне прайшло, а мова засталася.
Табіяс Вайман
Падобная гісторыя была і зь немцам Вайманам, які прыехаў у Беларусь вучыць расейскую, а займеў беларускамоўных сяброў і мову. Вучыўся тут у лінгвістычным унівэрсытэце, а цяпер жыве паміж Вільняй і Бэрлінам ды працуе праграмістам. Мова наблізіла яго ня толькі да Беларусі, але і да Ўкраіны — падчас Эўрамайдану Табіяс супрацоўнічаў з прэсавым цэнтрам пратэстоўцаў як перакладчык.
Яшчэ адзін немец, Рубэн Більвард, беларускую вывучыў, каб разумець Статут ВКЛ. Марцін Шон-Чанішвілі «беларусізаваў» расейскамоўную беларускую жонку. А яшчэ адну немку, Надзін Лашук, «зьбеларусізаваў» ейны будучы муж-беларус, адмовіўшыся размаўляць па-расейску. Ажаніліся, гадуюць дзіця і размаўляюць па-беларуску.
Со Цзыўай
Ён не жыве ў Беларусі, ня мае беларускай каханай, а зь Беларусьсю яго яднае ўніяцкая царква... у Лёндане. Мову ён толькі вучыць і мае мару чытаць беларускую паэзію ў арыгінале. Таксама ён дасьледуе беларускую архітэктуру, наведвае беларускія імпрэзы ў брытанскай сталіцы і мае мноства сяброў-беларусаў. Якія, дарэчы, называюць яго проста Рафаэлем, бо так прасьцей вымаўляць. А ён размаўляе зь імі па-беларуску.
Пётрэк Дудановіч
Што паляку вывучыць беларускую? Проста. А арганізоўваць на працягу дзясятка гадоў беларускія імпрэзы, быць актывістам «Вольнай Беларусі» ў Варшаве, ладзіць фэстываль беларускага кіно «Бульбамуві» і канцэрты гуртоў у Польшчы і наагул быць незаменным сябрам беларускай тусоўцы ў гэтай краіне? Гэта Пётрэк Дудановіч, які паходзіць зь Беласточчыны, вывучаў беларускую ў Варшаўскім унівэрсытэце, а ўдасканальваў яе зь беларусамі па ўсім сьвеце — напрыклад, пішучы на мове свае падарожныя нататкі для беларускіх СМІ.