Рэдакцыю Радыё Свабода ў Празе наведаў малады чалавек, Адрыен Бадуэн (Adrien Beauduin) з Бэльгіі. Паколькі гаварыў ён з намі свабодна па-беларуску, мы не маглі не пацікавіцца, адкуль у яго веданьне беларускай мовы. Атрымалася наступная гутарка.
РС: Адрыен, якім чынам вы навучыліся беларускай мове?
Адрыен Бадуэн: Калі я быў у Беларусі, я пазнаёміўся зь беларускамоўнымі студэнтамі і падумаў, што мне трэба вывучыць беларускую мову. Таму што я не хацеў прымушаць іх гаварыць па-расейску са мной. Я ўжо ведаў расейскую мову, трошкі польскую, вось і ўзяўся за беларускую. Потым я закахаўся ў беларускамоўную дзяўчыну, зь якой трэба было размаўляць толькі па-беларуску. Таму я навучыўся вельмі хутка.
РС: Вы вывучылі мову для дзяўчыны, а потым – што?
Адрыен Бадуэн: Потым проста закончылася наша знаёмства. Было складана, было шкада, але што зробіш...
РС: Значыць, яна з вамі не пераехала ў Бэльгію вывучаць францускую мову?
Адрыен Бадуэн: Не, не атрымалася.
РС: А калі вы спачатку сутыкнуліся з тымі студэнтамі і пастанавілі вывучыць мову, то вывучалі яе па падручніках ці проста ў размовах?
Адрыен Бадуэн: Пяць гадоў таму было даволі складана вывучаць беларускую мову. Цяпер з гэтым крыху лепш, ёсьць больш слоўнікаў і падручнікаў. Ёсьць падручнік «Размаўляйце са мной па-беларуску»; ёсьць «Беларуская мова з задавальненьнем», вельмі добрая кніга; ну і перакладныя слоўнікі зь нямецкай і ангельскай таксама вельмі дапамагалі.
РС: Чым вы займаецеся ў Бэльгіі – вы філёляг па адукацыі?
Адрыен Бадуэн: Не, мая спэцыяльнасьць – палітоляг. Я цікавіўся Ўсходняй Эўропай, яе гісторыяй, палітыкай, а таксама мовамі гэтага рэгіёну.
РС: Вы сказалі, што ведаеце расейскую, са мной свабодна размаўляеце на беларускай. Ведаеце яшчэ іншыя мовы гэтага рэгіёну?
Адрыен Бадуэн: Няблага ведаю польскую, таксама чэскую, паколькі цяпер жыву ў Празе. Лёгка чытаю па-ўкраінску, таму што гэтая мова падобная да беларускай.
РС: А ў Бэльгіі якой мовай вы карыстаецеся на штодзень?
Адрыен Бадуэн: Я жыву ў сталіцы, Брусэлі. Там амаль усе размаўляюць па-француску. Там таксама шмат іншаземцаў, зь якімі я размаўляю па-ангельску. І час ад часу размаўляю на нідэрляндзкай – гэта наша другая дзяржаўная мова.
РС: Дзе вы вывучылі нідэрляндзкую мову? Яна была абавязковым прадметам у школе?
Адрыен Бадуэн: Так. Але справа ў тым, што я шмат гадоў жыў у Квэбэку, у Канадзе, бо туды пераехалі мае бацькі. Таму я шмат па-нідэрляндзку ў школе не навучыўся. Але калі вярнуўся ў Бэльгію, я стаў вывучаць нідэрляндзкую мову, таму што трэба ведаць усе дзяржаўныя мовы сваёй краіны.
РС: Мы наогул чуем пра Бэльгію як пра цэнтар Эўропы, дзе месьцяцца інстытуты Эўразьвязу, але няшмат ведаем пра краіну як такую. Часта кажуць, што францускамоўныя валёны і нідэрляндзкамоўныя флямандцы – гэта па сутнасьці два асобныя грамадзтвы, дзьве розныя краіны. Што вы пра гэта скажаце?
Адрыен Бадуэн: Я думаю, вы маеце рацыю. З часу, як мы ў Бэльгіі зрабілі гэтую фэдэралізацыю [Бэльгія стала фэдэральнай дзяржавай у 1993 – РС], мы правялі моўную мяжу: па адзін бок размаўляюць толькі па-француску, па-другі – толькі па-нідэрляндзку. Зрабілі так, што мы няшмат кантактуем адны з аднымі, і ў нас дэ факта дзьве краіны. І гэта трошкі шкада.
РС: Гэта даволі парадаксальна, бо для астатняй Эўропы Бэльгія – якраз сымбаль эўрапейскага яднаньня...
Адрыен Бадуэн: Так, гэта цяжкі парадокс, зьвязаны з нашай гісторыяй. Але я думаю, што людзі ў Беларусі добра разумеюць, што найцяжэй навучыцца жыць якраз з суседзямі.
РС: Ці Бэльгія можа распасьціся на дзьве незалежныя краіны, ці ўсё ж затрымаецца на этапе сёньняшняй фэдэралізацыі?
Адрыен Бадуэн: Я думаю, гэта магчыма. Мы становімся штораз больш рознымі. Таксама ёсьць эканамічныя розьніцы паміж рэгіёнамі. З аднаго боку фэдэралізацыя як быццам дазваляе краіне заставацца ў цэласьці. Але з другога – мне ўсё роўна, ці будзе фэдэралізацыя, ці дзьве краіны, бо для мяне, як я сказаў, гэта ўжо цяпер дзьве асобныя краіны. І адзінае, мабыць, што нас пакуль аб’ядноўвае, гэта футбол.