Ужо праз два месяцы Андрэ Бём, выкладчык нямецкай мовы й літаратуры ў Германскай службе акадэмічных абменаў (DAAD) у Гарадзенскім дзяржунівэрсытэце імя Янкі Купалы і перакладчык беларускай літаратуры на нямецкую мову, ад’язджае ў Нямеччыну. Будзе працаваць пры ўнівэрсытэце, дзе ён некалі вучыўся — у горадзе Бохуме.
«Я вяртаюся на сваю радзіму, — сказаў ён. — Буду там рабіць праект, зьвязаны не зь Беларусьсю, а з Усходняй Эўропай».
Пры гэтым Бём не зьбіраецца перарываць сувязі зь Беларусьсю. Наадварот, у ягоных плянах — вярнуцца да перакладаў беларускай літаратуры на нямецкую мову.
Я буду вяртацца сюды, інтэнсіўна займацца беларускай літаратурай і перакладаць.
«Я буду вяртацца сюды, інтэнсіўна займацца беларускай літаратурай і перакладаць. Я даўно нічога не перакладаў і хачу ўзяцца за гэта. Мне вельмі падабаюцца творы Сяргея Календы і Наталкі Бабінай».
У Гародні за супрацоўнікамі больш сочаць, чым у Менску
Бём пражыў у Беларусі 10 год. З 2005 па 2010 гады Бём працаваў выкладчыкам DAAD у БДУ, а з 2011 году займаў такую самую пасаду ў Гарадзенскім дзяржунівэрсытэце імя Янкі Купалы.
«У Гародні было спакайней, — сказаў Бём. — Нельга сказаць, што ў Менску жыцьцё для мяне было больш цікавым, чым у Гародні».
Праўда, у Гародні, кажа Андрэ, больш сочаць за тым, чым займаюцца супрацоўнікі ўнівэрсытэту.
«У Гародні сачылі за тым, што я раблю. У Менску я быў адным у вялікай масе людзей, а ў Гародні — адзін немец, які там пастаянна жыве».
Бяз мора і гор турыстаў складана зацягнуць у Беларусь
Па словах Бёма, за доўгі час жыцьця ў Беларусі ён аб’ехаў амаль усю краіну. Сярод любімых гарадоў, апрача Гародні, дзе ён цяпер жыве, называе Полацак, Гомель і Мазыр. А любімыя мясьціны для актыўнага адпачынку — Браслаўскія азёры.
Пры гэтым ён сумняецца, што Беларусь можа прывабіць шмат заходнеэўрапейскіх турыстаў.
«Трэба быць трошкі авантурыстам, каб прыехаць у Беларусь. Без уласнага аўтамабіля тут вельмі цяжка кудысьці даехаць».
Некалі ў сваім блогу Бём параўноўваў Беларусь і паўночную Нямеччыну. Абодва рэгіёны, як лічыць ён, вельмі падобныя геаграфічна. А гэта не спрыяе таму, каб нямецкія турысты ехалі ў Беларусь.
Зацікавіць турыстаў можна хіба толькі азёрамі і вандроўкамі па прыродзе.
«Я думаю, немцаў цяжка сюды запрасіць ня толькі таму, што яны ня ведаюць, што такое Беларусь. Цяжка таму, што нямецкі і беларускі ляндшафт практычна не адрозьніваюцца. Больш за тое, тут няма гор і мора. Палі й лясы — гэта вельмі падобна. Зацікавіць турыстаў можна хіба толькі азёрамі і вандроўкамі па прыродзе».
Самім жа беларусам, многія зь якіх часьцей вандруюць за мяжой, чым па сваёй краіне, Бём вельмі рэкамэндуе наведаць прынамсі ўсе абласныя цэнтры.
«Беларусы вельмі любяць вандроўкі, але аддаюць перавагу падарожжам у Нямеччыну ці ў Францыю, тым больш што гэта вельмі блізка».
Беларускамоўных стала менш, але яны больш сьвядомыя
Першы раз у Беларусі Андрэ Бём пабываў яшчэ ў 1996–1997 гадах як турыст. На ягоную думку, за гэты час краіна моцна зьмянілася, але толькі павярхоўна.
«У Менску, у Гародні ідзе будоўля. Гарады растуць, а вёскі, на жаль, зьнікаюць. Вельмі шмат розных кавярняў і рэстаранаў. І цяпер, як мне падаецца, больш даступныя цэны, чым раней».
Зьмянілася, як ён лічыць, і моўная сытуацыя. Пры тым, што беларускамоўных людзей становіцца менш, усё больш людзей размаўляюць на беларускай мове сьвядома.
Вырасла маладое пакаленьне, якое ўжо сьвядома і спэцыяльна ўжывае беларускую мову і ганарыцца гэтым.
«Вырасла маладое пакаленьне, якое ўжо сьвядома і спэцыяльна ўжывае беларускую мову і ганарыцца гэтым. Такой моладзі раней было менш, чым цяпер».
Андрэ Бём вядомы шырокаму колу беларусаў найперш як перакладчык. Дзякуючы яму па-нямецку загучалі творы Алеся Разанава, Зьмітра Вішнёва, Альгерда Бахарэвіча, Віктара Жыбуля, Андрэя Хадановіча, Ігара Бабкова.