Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў 29 траўня прыбыў у Беларусь для падрыхтоўкі да паседжаньня Найвышэйшага дзяржаўнага савету «Саюзнай дзяржавы» і правёў сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.
Аляксандар Лукашэнка, як піша БЕЛТА, заявіў, што сустрэча напярэдадні паседжаньня расейска-беларускага савету вельмі важная, бо «трэба яшчэ раз абмеркаваць дэталі» і «ўдакладніць, калі трэба, дату», бо Расея «перажывае няпросты пэрыяд фармаваньня ўраду і ўваходжаньня яго ў звычайны рытм працы».
Сяргей Лаўроў «перадаў вітаньне і найлепшыя пажаданьні» ад Уладзіміра Пуціна і расказаў пра папярэднюю сустрэчу зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем. Маўляў, пакуль няма ніякіх перашкодаў, каб мяняць «падыход да гэтага мерапрыемства», на якім маюць зацьвердзіць прыярытэтныя кірункі разьвіцьця «Саюзнай дзяржавы» да 2022 году ўключна.
Лукашэнка пахваліў Пуціна за «ўражальныя» інаўгурацыю і Дзень Перамогі
Пасол Сурыкаў пра «разварот Беларусі тварам да Захаду»: «Расея нармальна да гэтага ставіцца»
Лукашэнка накарміў кітайскага віцэ-прэзыдэнта дранікамі і пельменямі
Паводле Лаўрова, на сустрэчы з Лукашэнкам яны разгледзелі «ўвесь спэктар стасункаў» у «Саюзнай дзяржаве», абмеркавалі эканамічныя праекты і «неабходнасьць пераадольваць тыя праблемы, якія непазьбежна ўзьнікаюць» пры вялікіх аб’ёмах эканамічных сувязяў.
«Размаўлялі і пра дачыненьні паміж нашымі краінамі з аднаго боку і Эўразьвязам і Паўночнаатлянтычным альянсам з другога, — дадаў Лаўроў. — У нас адзіная пазыцыя. Мы саюзьнікі. Мы не шукаем ні з кім канфрантацыі. Хочам разьвіваць раўнапраўныя ўзаемапаважлівыя адносіны на аснове прынцыпаў узаемнай выгады і роўнай непадзельнай бясьпекі, калі ніхто не гарантаваў бы сваю бясьпеку на шкоду бясьпецы іншых. На такіх асновах мы гатовыя весьці дыялёг з усімі краінамі. У тым ліку дыялёг, які зараз пачынае актыўна разьвівацца паміж ЭАЭС і замежнымі партнэрамі».
Ён удакладніў, што Беларусь і Расею непакоіць «актывізацыя дзейнасьці NATO ў краінах Балтыі і Польшчы».
Лаўроў і Макей 29 траўня падпісалі пагадненьне аб «узаемным бязьвізе» на час чэмпіянату сьвету ў футболе ў Расеі і Эўразійскіх гульняў у Беларусі. Паводле Макея, Беларусь і Расея «крок за крокам набліжаюцца» да ўзаемнага прызнаньня візаў – але ад студзеня, калі Беларусь перадала Расеі абноўлены варыянт пагадненьня аб узаемным прызнаньні іх, пра значныя крокі не паведамлялася.