Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Паротнікаў: Гандаль аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскіх базаў аднаўляецца


Ілюстрацыйнае фота. Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017». 14 верасьня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017». 14 верасьня 2017 году

Якія наступствы для Беларусі будзе мець магчымае разьмяшчэньне ў Польшчы бранятанкавай дывізіі войскаў ЗША? На пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў палітоляг, заснавальнік «Belarus securety blog» Андрэй Паротнікаў.

— Андрэй, што трэба ўлічваць, гаворачы пра магчымую амэрыканскую базу ў Польшчы?

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

— Найперш, разважаючы пра наступствы для нас, трэба ўлічваць геаграфію. Шмат будзе залежаць ад таго, дзе разьмесьціцца гэтая база — у глыбіні Польшчы ці пад нашымі межамі. Але, хутчэй за ўсё, гэта не адно месца, а 3-5, бо кожная амэрыканская брыгада будзе мець уласную базу.

Другі момант — як адрэагуе Расея. Можна чакаць, што зноў пачнуцца размовы пра сумесны адказ на прасоўваньне NATO на ўсход у межах беларуска-расейскага вайсковага супрацоўніцтва. Да гэтага часу была пэўнасьць, што расейскіх базаў ня будзе. У красавіку міністар абароны Андрэй Раўкоў выступаў на міжнароднай канфэрэнцыі аб праблемах бясьпекі ў Маскве і там заявіў, што ў адказ на разьмяшчэньне дадатковай вайсковай структуры NATO на ўсходзе пралічвалася мэтазгоднасьць разьмяшчэньня сілаў, па сутнасьці, стварэньне расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі. І зрабілі выснову, што немэтазгодна. Асаблівых вайсковых пераваг гэта не дае, паколькі дадатковыя часткі могуць быць хутка перакінутыя на тэрыторыю Беларусі, калі ўзьнікне патрэба, а палітычных складанасьцяў прыбаўляе.

Лукашэнка можа паспрабаваць шантажаваць Захад магчымасьцю разьмясьціць у сябе дадатковыя вайсковыя аб’екты з Расеі, калі ня пойдуць яму насустрач у цэлым шэрагу пытаньняў.

Але цяпер ня выключана, што зноў вернуцца да гэтай тэмы. Лукашэнка можа паспрабаваць шантажаваць Захад магчымасьцю разьмясьціць у сябе дадатковыя вайсковыя аб’екты з Расеі, калі ня пойдуць яму насустрач у цэлым шэрагу пытаньняў.

— «Менскі дыялёг», ранейшыя сустрэчы, дзе вялася гаворка пра бясьпеку ў рэгіёне, асобны статус Менску, давер і інвэстыцыі — хіба Лукашэнка ўжо не таргуецца?

— Папраўдзе, яму асабліва няма чым і таргавацца, бо ўсе гэтыя мантры пра донара бясьпекі, пра «Менскі працэс 2.0» — толькі словы. Пакуль ён іх прамаўляе, той жа Азэрбайджан перахоплівае ініцыятывы, Менск рызыкуе застацца ні з чым. А наперадзе прэзыдэнцкія выбары, якія, мяркую, пройдуць паводле максымальна жорсткага сцэнару. І вось у межах падрыхтоўкі да выбараў Менск і думае пра тое, як нэўтралізаваць магчымыя нэгатыўныя наступствы. Калі, прыкладам, будуць ціснуць на кандыдатаў, кагосьці з прынцыповых сапернікаў не рэгістраваць, узьнікнуць пратэсты.

Каб нівэляваць жорсткую рэакцыю Захаду, новыя пагрозы санкцый беларускія ўлады рыхтуюць старую мантру: «Ня хочаце размаўляць з Лукашэнкам — будзеце размаўляць з Пуціным, бо бачыце, тут вось базы Масква патрабуе разьмясьціць». Маўляў, трэба на нешта заплюшчыць вочы. То бок вяртаньне на старое кола.

— Расейскія дэпутаты нэгатыўна адрэагавалі на супрацу Польшчы і ЗША, але кіраўніцтва краіны пакуль маўчыць. Можа, Расея сама ўстрымаецца ад сустрэчных прапаноў Менску наконт базаў?

— Гэта магчыма. Яны ж таксама ня дурні, зацікаўленыя ў тым, каб ізаляваць Лукашэнку ад Захаду, не даваць яму такіх козыраў, а значыць, могуць пачакаць зь ціскам. Проста будуць чакаць, калі ён сам сарвецца на чарговыя рэпрэсіі падчас выбарчай кампаніі, і адпаведна скарыстаюць гэта дзеля ізаляцыі Беларусі. Каб ужо потым размаўляць з Лукашэнкам зусім зь іншых пазыцый. Як Масква тут сябе павядзе, прадказаць цяжка, бо ў іх ёсьць розныя варыянты.

— Масква ж можа ўзмацніць сваю групоўку ў Калінінградзе, пра што ня раз папярэджвала. Гэта адбудзецца?

— Яны могуць гэта зрабіць, але гэта будзе толькі палітычная дэманстрацыя, у вайсковым сэнсе павелічэньне групоўкі ў Калініградзкай вобласьці ня мае сэнсу. Бо гэта маленькі анкляў, што б расейскія палітыкі ні казалі; ён прастрэльваецца навылет нават цяперашнімі сродкамі польскага войска. У іх ёсьць ракетныя комплексы, якія могуць працаваць на ўсю глыбіню гэтага анкляву. Зараз і Літва зьбіраецца закупляць сабе такія комплексы. Так што ў ваенным сэнсе Калінінград — гэта пастка, якую ўтрымаць можна толькі адным шляхам — прабіўшы да яе калідор. А калідор можа быць толькі зь Беларусі.

— У Польшчы ўжо стаіць некалькі вайсковых частак ЗША. Як вам здаецца, наколькі матываваная ў ваенным сэнсе просьба Польшчы да амэрыканцаў наконт яшчэ адной дывізіі?

— Пра матывы лепш спытаць у палякаў. Як мне бачыцца, тут ёсьць і эканамічны чыньнік — пытаньне канкурэнцыі з базамі ЗША, разьмешчанымі ў Заходняй Эўропе. Бо ў Польшчы ўтрымліваць такую базу будзе для амэрыканцаў значна таньней, а амэрыканцы ўсё ж грошы лічыць умеюць. І з польскага боку гаворка пра 2 мільярды можа азначаць рознае. Гэта могуць быць і грошы, але і маёмасьць, якая ўжо існуе: пабудовы, інфраструктура. Ня бачыўшы дакумэнт, цяжка сказаць дакладна. Амэрыканцам гэта сапраўды можа быць больш выгадна, але насамрэч можа быць выгадна і палякам. 12-14 тысяч вайскоўцаў, якія маюць добры заробак у 3-4-5 тысяч даляраў на месяц, якія яго спажываюць на гэтай тэрыторыі, плюс іхныя сем’і.

Гэта сапраўды для мясцовай эканомікі добры прыбытак, тым больш гэта ж ні на год ці два, а гадоў на 20 сама меней. Таму тут можа быць такая сытуацыя, што палякі ўсё добра пралічылі, у тым ліку і з эканамічнага пункту гледжаньня.

Польшча карыстаецца момантам, тым, што ЗША афіцыйна абвясьцілі Расею адным са сваіх галоўных праціўнікаў.

А ў палітычным сэнсе іх крок таксама дакладны: карыстаюцца момантам, тым, што ЗША афіцыйна абвясьцілі Расею адным са сваіх галоўных праціўнікаў. Тым, што расейская палітыка збольшага застаецца безадказнай і авантурыстычнай. Яны ў прынцыпе спрабуюць падвысіць узровень сваёй абароназдольнасьці, а яе можа забясьпечыць толькі вельмі шчыльнае супрацоўніцтва з ЗША.

— Ці закончыцца гісторыя разьмяшчэньнем адной дывізіі войскаў ЗША?

— Ведаеце, звычайна беларусы лічаць, што мы пуп зямлі. Насамрэч ёсьць яшчэ чарнаморскі рэгіён, і гэта два праблемныя пункты для натаўцаў — балтыйскі рэгіён і і чарнаморскі. Там таксама Расея павялічыла сваю прысутнасьць за кошт Крыму, павялічылася агрэсіўнасьць яе паводзінаў, плюс дадаўся фактар нафты. Нафтавыя і газаправоды з Азэрбайджану праз Грузію будуць ісьці ў краіны Азіі. Гэта значыць Расея думае ня толькі пра балтыйскі рэгіён, але і пра чарнаморскі. Таму ў адказ наступнае павелічэньне сілаў NATO ва Ўсходняй Эўропе можа адбыцца недзе ў Баўгарыі — Румыніі. То бок эскаляцыя дачыненьняў Расея — NATO можа быць ня толькі на нашым кірунку. Але агульнае пагаршэньне адносінаў Расеі з NATO закране ўсіх, нельга будзе чакаць, што, калі адбудзецца канфрантацыя ў чарнаморскім рэгіёне, дык у нас усё застанецца выдатна.

— На пытаньне, ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы ў сувязі з прапановай Польшчы Qразьмясьціць у сябе дывізію войскаў ЗША, вы не адказваеце пэўна. Лічыце, што гэта залежыць ад розных чыньнікаў?

— Так. На сёньняшні дзень пазыцыя афіцыйнага Менску агучаная вельмі дакладна: не. Але гэта на сёньняшні дзень. Мы ведаем, што пасьлядоўнасьць і прынцыповасьць — ня самыя галоўныя якасьці нашых уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG