Арэшкін: з Пуціным пачалі размаўляць — але размаўляць прыкладна як з Кім Чэн Ынам

Дзьмітры Арэшкін

Уладзімер Пуцін прыняў рашэньне аб спыненьні ваеннай апэрацыі ў Сырыі, таму што ў Расеі вычэрпваюцца рэсурсы.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

— Учора Ўладзімер Пуцін даў загад пачаць вывад расейскіх войскаў з Сырыі, бо «задача, якая была пастаўлена перад Узброенымі сіламі, у цэлым выканана». Ці сапраўды задача была выканана?

— Зразумела, што афіцыйнае тлумачэньне далёка не вычарпальнае, таму што тыя задачы, якія стаялі перад Узброенымі сіламі, наўрад ці можна лічыць вырашанымі. ІДзІЛ ня зьнішчаны, гарантыі захаваньня ўлады ў Асада не атрыманыя, а пазыцыі Турэччыны ў рэгіёне хутчэй узмацняюцца, чым слабеюць. Так што нават паплечнікі Пуціна наўрад ці сумняваюцца ў тым, што сапраўдныя прычыны вываду войскаў варта шукаць у чымсьці іншым.

— У чым? Чаму Пуцін вырашыў вывесьці войскі з Сырыі?

— Рэальныя прычыны могуць быць абумоўленыя некалькімі рацыянальнымі меркаваньнямі.

Па-першае, ствараецца адчуваньне, што ў Пуціна вычэрпваюцца рэсурсы. Пасьля нядаўняй начной нарады па эканоміцы (што вельмі дзіўна — такія тэрміновыя балючыя нарады не праводзіліся ніколі) становіцца зразумела, што ў перадвыбарным годзе абвастраецца эканамічная сытуацыя і неабходныя нейкія радыкальныя рашэньні, якія ў мяккай форме ўжо агучаныя — перш за ўсё, скарачэньне абароннага заказу. Унутраныя праблемы раптам сталі больш актуальнымі, чым зьнешнія. Пуцін зь некаторым раздражненьнем выявіў, што пакуль ён зьдзяйсьняў «подзьвігі» за межамі айчыны, унутры айчыны ўтварылася дзірка, якой ён у перадвыбарчы год дапусьціць ня можа.

Па-другое, гэта ўласна сырыйскія абставіны. Там праблема палягае ў тым, што ў Пуціна цяжкасьці з саюзьнікамі.

Крыніцы паведамляюць, што на сустрэчы кіраўніцтва Ізраіля і Расеі былі прадстаўлены доказы, што зэнітныя комплексы, перададзеныя Расеяй Асаду, незразумелым чынам апынуліся ў руках «Хэзбалы», што сур’ёзна падважвае бясьпеку Ізраіля, і заклапочанасьць гэтай сытуацыяй была Расеі агучана. А Ізраіль — гэта адзіная краіна, зь якой у Пуціна ніколі не было палітычных складанасьцяў (што, дарэчы, прымушае задумацца пра тое, у якой краіне Ўладзімер Уладзімеравіч захоўвае «нажытае непасільнай працай»).

Зэнітныя комплексы, перададзеныя Расеяй Асаду, незразумелым чынам апынуліся ў руках «Хэзбалы»

Калі Асад вядзе такую палітыку, не выконвае абяцаньні і падстаўляе такім чынам Пуціна пад пагрозу ахаладжэньня адносін з Ізраілем, то Асаду трэба даць жорсткі сыгнал.

Плюс аналягічная сытуацыя складваецца з Іранам. Для пуцінскай эканомікі надзвычай важная цана на нафту. У нас Мінэнэрга праводзіць актыўныя кансультацыі з прычыны дамоўленасьцяў нафтаздабыўных краін пра зьніжэньне вытворчасьці і продажу нафты на сусьветным рынку. Але гэтыя дамоўленасьці ў значнай ступені губляюць сэнс, таму што іх не зьбіраецца падтрымліваць Іран, які абяцае выкідваць на рынак столькі нафты, колькі яму трэба. А гэта азначае, што падняць цэны да прымальнага для Расеі ўзроўню, у прыватнасьці, з-за Ірана не ўдаецца.

Ну, і, адпаведна, узьнікае пытаньне: калі расейскія вайскова-касьмічныя сілы забясьпечваюць інтарэсы Асада і Тэгерана, а наўзамен тыя падстаўляюць інтарэсы Масквы, то ці варта працягваць зь імі і далей працаваць? Ці трэба працягваць рабіць выгляд, што ты вядзеш «маленькую пераможную вайну»? Якая да таго ж не прыносіць такіх ужо вялікіх палітычных дывідэндаў, бо далёка ня ўсё насельніцтва Расеі ўпэўнена, што Расеі ёсьць што рабіць у Сырыі — гэта значна менш эфэктыўна ў прапагандысцкім сэнсе, чым сытуацыя ў Украіне.

Карацей кажучы, «не по Сеньке шапка». Цяпер Расеі ў яе цяперашнім стане не па кішэні весьці вайну недзе там далёка, калі рэальныя пагрозы — на ўнутраным палітычным і эканамічным рынку. А галоўнае — год перадвыбарчы. Таму Пуцін, цьвяроза ўзважыўшы шанцы і адчуўшы сыстэмнае пагаршэньне сытуацыі, прыняў рашэньне купіраваць сырыйскі працэс — натуральна, зь пераможным выразам на твары, хоць гэтаму выразу мала хто верыць.

— Украінскі напрамак для Крамля цяпер зноў будзе прыярытэтны?

— Справа ў тым, што расейскія Ўзброеныя сілы ня могуць весьці дзьве вайны, таму аналітыкі, якія думаюць крытычна, падазраюць, што згортваньне ваенных дзеяньняў у Сырыі можа адгукнуцца разгортваньнем ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Там зараз абвастраецца. Незразумела, хто ў гэтым вінаваты. Зьяўляецца рэальная пагроза адсячэньня Горлаўкі ад Данецку, а сілы «ДНР» і «ЛНР» нічога сабой не ўяўляюць — гэта чыста прапагандысцкія войскі. Таму калі Ўкраіна ўчыніць такое глупства, як спробу адваяваць Данбас, то дапамога можа прыйсьці толькі ад Расеі. А адначасова ваяваць і там, і там Пуцін дазволіць сабе ня можа. Гэта самы пэсымістычны сцэнар, але скідаць яго з рахунку таксама ня трэба.

Згортваньне ваенных дзеяньняў у Сырыі можа адгукнуцца разгортваньнем ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне

— А чаго сёньня хоча Пуцін ва Ўкраіне?

— Крэмль задавальняла б тая сытуацыя, якая ёсьць сёньня. Гэта значыць, дэ-факта Данбас знаходзіцца ў замарожаным стане, пры гэтым ключавыя пазыцыі застаюцца ў Крамлі і ў патрэбны момант туды можна падліць газы ці, наадварот, антыфрызу — у залежнасьці ад канкрэтных тактычных інтарэсаў. Гэта якраз тое, што трэба — неўрэгуляваны замарожаны канфлікт, якіх у сьвеце дзясяткі. І Маскву такая сытуацыя задавальняе. Было б лепш, калі б і Ўкраіна зразумела, што ёй без Данбасу будзе лягчэй жыць. Уласна кажучы, менавіта да гэтага Ўкраіну падштурхоўваюць і заходнія партнэры, якія кажуць — займіцеся нарэшце рэформамі, займіцеся ўласнай эканомікай. Гэта цяжка, таму што гэта находзіць на інтарэсы буйных, уплывовых алігархічных структур, таму яны хочуць ваяваць. У працэсе вайны рэформы не праводзяцца, можна звальваць усё на вайну, а між тым пілаваць бюджэт або манапольна кантраляваць буйныя сэктары бізнэсу, адцягваючы ўвагу насельніцтва патрыятычнымі задачамі ваеннага часу.

Калі Ўкраіна паспрабуе сілавымі мэтадамі нешта выправіць на Данбасе, то гэта будзе самагубнай палітыкай. Хоць не мая справа ўказваць украінскім палітыкам, што рабіць.

Пуціну зараз атакаваць Украіну пакуль няма рацыі, калі яна сама ня дасьць падставы. А калі дасьць, то зьявіцца падтрыманая большасьцю расейскага насельніцтва падстава, каб давесьці справу да Кіева. Гэта была б поўная катастрофа і для Расеі, і для Ўкраіны. Але, на жаль, мы жывём у часы, калі поўныя катастрофы часта сустракаюцца.

— Ад самага пачатку шмат хто з экспэртаў выказваў меркаваньне, што сырыйская кампанія патрэбная Пуціну, каб вярнуцца ў сусьветную палітыку і ў пэўным сэнсе памірыцца з Захадам. У якой ступені Пуцін вырашыў гэтую задачу?

— Гэта задача ні ў якай ступені не была вырашана. Адзінае, што можна адзначыць, гэта тое, што з Пуціным пачалі размаўляць — але размаўляць прыкладна як з Кім Чэн Ынам. Калі ў чалавека ў руках атамная бомба і ён спрабуе займаецца сілавой экспансіяй, то гаварыць зь ім мусіш. Але з вуснаў афіцыйных асобаў ЗША неаднаразова прагучала, што ўмяшаньне Расеі ў сырыйскія справы хутчэй контрапрадуктыўнае. І з гэтым можна пагадзіцца, таму што кропкавымі апэрацыямі ЗША зьнішчылі вядомых лідэраў ІДзІЛ, захапілі ў палон вядучых спэцыялістаў ІДзІЛ, а Расея, па-першае, наносіла ўдар ня толькі па групоўках ІДзІЛ, але і антыасадаўскай апазыцыі, а па-другое, па сьведчаньні незалежных структураў, удары наносіла зусім ня кропкавыя, і падобна, што іх ахвярамі палі сотні мірных людзей. Таму калі Захад кажа, што лепш бы Расея ня ўмешвалася, то па-свойму ён мае рацыю.

— Пачынаючы з 2014 году, Расея заўсёды жыла ў стане вайны, актыўна падтрымлівалася ваяўнічая рыторыка, ствараўся міт пра «крэпасьць у аблозе». Крэмль цяпер адмовіцца ад гэтай ваяўнічай рыторыкі, каб засяродзіцца на ўнутраных справах?

— Вобраз ворага — гэта неабходны складнік таго мэханізму, які дазваляе захоўваць уладу безь пераменаў. Бо ўлада неэфэктыўная, са сваімі прамымі функцыямі яна не ўпраўляецца, ёй трэба на кагосьці звальваць адказнасьць. Адказнасьць можна звальваць або на зьнешняга ворага, або на ўнутранага. Гэтая сыстэма была адпрацаваная яшчэ пры таварышу Сталіну — рабочыя прымаюць рашэньне, што кагосьці трэба «расстраляць як шалёных сабак», і ім здаецца, што пасьля гэтага жыцьцё наладзіцца. Жыцьцё не наладжваецца, але затое ім прапануюць наступную партыю ворагаў і шкоднікаў.

Да гэтага моманту ў асноўным эксплюатаваўся вобраз зьнешняга ворага — ЗША, Украіна, ІДзІЛ і г.д. Але праблема ў тым, што гэта эксплюатавалася ў пераможным сэнсе: маўляў, мы паднімаемся з каленяў, таму адчуваем часовыя цяжкасьці. Але мы падымаліся, падымаліся, а цяжкасьцяў усё больш. Таму рыторыка пераходзіць зь пераможна-наступальнай у абаронча-пакрыўджаную: нам усе наносяць удары ў сьпіну, вакол ворагі, і нам трэба згуртавацца вакол любімай улады. Але паколькі рэсурсаў становіцца ўсё менш, то ўсё больш увагі будзе аддавацца ворагам унутраным — тым, хто на грошы Дзярждэпу «разгойдвае лодку» і г.д. Унутраны вораг — гэта таньней, і ў пэўным сэнсе гэта сьвежы вобраз — зьнешнія ворагі ўжо надакучылі.