Цяпер ясна, што барацьба з «ісламскай дзяржавай» не была сапраўднай мэтай ўмяшаньня Масквы, і нават задача па ўмацаваньні прэзыдэнта Башара Асада была другараднай.
Галоўная мэта — прымусіць Захад, які адхіснуўся ад Расеі з-за Украіны, зноў мець справу з Крамлём. Гэтак міжнародная прэса рэагуе на нечаканую заяву Ўладзіміра Пуціна аб вывадзе войскаў з Сырыі.
«Вайна, якая палыхае ў Сырыі ўжо амаль пяць гадоў, працягвае абвастраць становішча ў рэгіёне і спараджае сотні тысяч уцекачоў. Яна зганьбіла арабскі сьвет і агаліла нядбайства Эўразьвязу і заходняга грамадзтва ў шырокім сэнсе. Яна дала Расеі стратэгічную магчымасьць, за якую ўхапіўся Ўладзімір Пуцін, які ўзяўся ўчора дэманстраваць драматычнае ператварэньне з распальніка вайны ў міратворца з дапамогай заявы аб частковым вывадзе расейскіх войскаў» — піша The Times.
Вайсковыя аналітыкі абсалютна не прадбачылі, што Расея выведзе войскі з Сырыі, адзначае The Guardian. Расплывіста сфармуляваная мэта расейскага ўмяшаньня ў Сырыі — «барацьба з тэрарызмам» — відавочна не дасягнутая: «ісламская дзяржава» нікуды ня зьнікла. «Пасьля падзей на Ўкраіне ніхто не хацеў мець справу з Расеяй, і задача сырыйскай кампаніі заключалася ў тым, каб прымусіць Захад зноў мець справу з Расеяй. Гэтая мэта дасягнутая, і цяпер Расея выходзіць з канфлікту зь мінімальнымі стратамі. Па-мойму, бліскучы тактычны крок» — газэта цытуе вайсковага аналітыка Аляксандра Гольца.
«Для Пуціна расейскае ўмяшаньне ў Сырыі — спосаб зноў умацаваць ролю Масквы як дзяржавы, якая мае ўплыў на глябальную палітыку далёка за сваімі межамі» — мяркуе The Financial Times.
«Адвод Пуцінам сваіх сілаў у Сырыі, па ўсёй бачнасьці, азначае, што праціўнікі Асада паслабленыя настолькі, што сырыйскі рэжым больш ня мае патрэбы ў дапамозе Расеі» — піша Tagesspiegel.
«На думку некаторых крыніц, гаворка ідзе пра манэўры з мэтай даць перамовам у Жэневе магчымасьць дасягнуць рэальных вынікаў. Масква нібыта спрабуе ўмацаваць пазыцыі апазыцыянэраў, падтрымліваных Расеяй, то бок курдаў, і іншых, якія таксама знаходзяцца ў Сырыі і гатовыя сфармаваць касьцяк будучага пераходнага ўраду, пагадненьне аб якім — у праграме жэнэўскіх перамоваў. У Маскве экспэрты лічаць, што гаворка ідзе пра ўмацаваньне расейскай пазыцыі на перамовах аб будучыні Сырыі» — лічыць Le Figaro.
«Пуцін дасягнуў многіх з сваіх асноўных мэтаў: вярнуць Расею ў цэнтар падзей як сусьветную дзяржаву, прадухіліць — паводле прынцыповых меркаваньняў — зьмену рэжыму зьнешнімі сіламі, асабліва заходнімі, больш трывала асталявацца ў Сырыі, зьнішчыць расейскіх джыхадыстаў на сырыйскім фронце і ўмацаваць пазыцыі Асада» — гаворыцца ў артыкуле The New York Times. Таксама можна сьцьвярджаць, працягвае выданьне, што Пуцін практычна нічога не губляе: Расея можа калі заўгодна зь лёгкасьцю аднавіць ўдары са сваёй базы, і яна ў стане падтрымліваць сырыйскія войскі і іншых саюзьнікаў Асада на месцах расейскай зброяй, адначасова забясьпечваючы грашыма сырыйскі ўрад.