Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў інтэрвію часопісу «Атлянтык», прысьвечаным пытаньням зьнешняй палітыкі, даў ацэнку расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну.
Па словах Абамы, Расея заплаціла за зьнешнепалітычныя дзеяньні Пуціна вялікую цану.
У размове з прэзыдэнтам ЗША журналіст Джэфры Голдбэрг падзяліўся ўражаньнем, якое склалася ў яго, што Абама лічыць Уладзімера Пуціна «непрыемным і грубаватым». Абама адказаў, што ня можа назваць Пуціна непрыемным:
«На самай справе, Пуцін на ўсіх нашых сустрэчах быў выключна ветлівы, вельмі шчыры. Нашы сустрэчы былі вельмі дзелавымі. Ён ніколі не прымушаў мяне чакаць дзьве гадзіны, як ён гэта рабіў з многімі іншымі», — сказаў прэзыдэнт ЗША.
Па словах Абамы, Пуцін лічыць адносіны з ЗША важнымі:
«Ён заўсёды зацікаўлены ў тым, каб выглядаць з намі на роўных, выглядаць як чалавек, які працуе з намі. Пуцін усё ж такі не зусім дурны. Ён разумее, што ў цэлым пазыцыі Расеі ў сьвеце істотна саслаблі. І тое, што ён уварваўся ў Крым або спрабуе падтрымаць Асада, ня робіць яго раптоўна (важным) гульцом. Вы ня ўбачыце яго ні на адной з сустрэч, дзе вызначаецца парадак».
«Дзеяньні Пуціна ва Ўкраіне — рэакцыя на аддаленьне дзяржавы-сатэліта з-пад яго кантролю. І ён імправізаваў, каб захаваць кантроль. Ён зрабіў тое ж самае ў Сырыі, заплаціўшы занадта высокую цану, ахвяраваўшы дабрабытам сваёй краіны. І ўяўленьне, што Расея нейкім чынам цяпер знаходзіцца ў больш моцнай пазыцыі, у Сырыі ці ва Ўкраіне, чым яна была да ўварваньня ва Ўкраіну ці разьмяшчэньня вайскоўцаў у Сырыі, — гэта фундамэнтальнае неразуменьне прыроды магутнасьці ў міжнародных адносінах або наогул у сьвеце. Сапраўдная магутнасьць азначае, што ты можаш атрымаць жаданае, не зьвяртаючыся да гвалту. Расея была значна больш магутная, калі Ўкраіна выглядала незалежнай краінай, але на самай справе была клептакратычным рэжымам, які можна тузаць за нітачкі».
Голдбэрг так выкладае пазыцыю Абамы: Украіна адносіцца да ключавых інтарэсаў Расеі, але не Амэрыкі, і таму пры эскаляцыі Расея заўсёды будзе ў стане дамінаваць.
«Факт у тым, што Ўкраіна — краіна, якая не ўваходзіць у НАТО — будзе ўразьлівая перад ваенным дамінаваньнем Расеі, што б мы ні рабілі», — сказаў Абама.
Абама заявіў, што існуюць спосабы стрымліваньня, але яны патрабуюць яснай пазыцыі, дзеля чаго варта пачынаць вайну, а дзеля чаго ня варта: «Калі ёсьць нехта ў Вашынгтоне, хто сьцьвярджае, што мы павінны разглядаць магчымасьць таго, каб ісьці на вайну з Расеяй з-за Крыму ці Ўсходняй Украіны, яны павінны казаць пра гэта на ўвесь голас і вельмі выразна».
Крыху пазьней у інтэрвію абмяркоўваецца, ці ня больш карысна паводзіць сябе такім чынам, пры якім Пуцін будзе лічыць, што, у выпадку новай пагрозы зь яго боку Абама можа раззлавацца і пачаць дзейнічаць ірацыянальна.
Абама выказвае сумнеў у дзейснасьці падобнай лініі: «Ідэя, што жорсткая размова або ўцягнутасьць у нейкія вайсковыя дзеяньні можа аказаць уплыў на прыняцьце рашэньняў у Расеі ці Кітаі, супярэчыць усяму, што мы бачылі за апошнія 50 гадоў».
Абама таксама заўважае, што варта больш баяцца аслабленага і запалоханага Кітая, чым пасьпяховага і ўзьнімальнага Кітая. Слабая Расея, паводле слоў прэзыдэнта, таксама ўяўляе пагрозу, хоць і не такога ўзроўню: «У адрозьненьне ад Кітая, у рускіх дэмаграфічныя праблемы, структурныя эканамічныя праблемы, для пераадоленьня якіх спатрэбіцца ня толькі іх разуменьне, але і час цэлага пакаленьня».
«Шлях, абраны Пуціным, не дапамагае пераадолець гэтыя выклікі. Але ў гэтай абстаноўцы моцная спакуса выкарыстоўваць ваенную сілу, каб прадэманстраваць веліч, і Пуцін да гэтага схільны. Так што я не недаацэньваю тут пагрозы», — сказаў Абама.