Фядута: Падзеі 19 сьнежня сталі стрэсам як для улады, так і для апазыцыі

Аляксандар Фядута, фота — <a href="http://www.facebook.com/album.php?aid=35358&id=124828694231668">«Гавары праўду»</a>

У сьледчым ізалятары КДБ да мяне адносіліся, як і да астатніх сукамэрнікаў — ніякіх асаблівых умоваў не стваралі, але і катаваньняў не было.

Пра гэта заявіў Аляксандар Фядута ў інтэрвію Радыё Рацыя.

«Стаяў я на той расьцяжцы, але ня дзьве гадзіны, як казаў Міхалевіч, а ня больш за тры-чатыры хвіліны. Мне стала дрэнна, я пачаў траціць прытомнасьць, мне ня проста. „Фядута, вам дрэнна?“ — пытаюцца. Я насамрэч ня чуў, што мне кажуць. Мне падалі столак і пасадзілі на яго, калі ўбачылі, што мне дрэнна. І не таму, што я такі добры — для іх я такі ж абвінавачаны, як і ўсе астатнія. Ніякіх асаблівых умоў для мяне не стваралі, але і ніякага катаваньня не было».
Ніякіх асаблівых умоў для мяне не стваралі, але і ніякага катаваньня не было.


Аляксандар Фядута моцна схуднеў і фізычна аслабеў — нават сумкі ў хату дапамаглі занесьці супрацоўнікі КДБ, якія прывезьлі яго з ізалятара.

«Падзеі 19 сьнежня сталі стрэсам як для улады, так і для апазыцыі, пасьля якога ўсім стала зразумела, што сытуацыю ў краіне трэба мяняць», — сказаў Аляксандар Фядута.

«Усе разумеюць, што больш так існаваць нельга. Можна казаць пра тое, што апазыцыя дрэнная, прадажная, што Захад яе падтрымлівае, альбо Расея падтрымлівае, альбо ніхто не падтрымлівае. Але 30 тысяч асобаў, якія прайшлі вось гэты шлях — ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. І я спадзяюся на тое, што ва ўлады хопіць розуму і хопіць моцы пераступіць праз уласныя амбіцыі, праз жаданьне, як кажуць, зашчаміць усім пальцы, і зрабіць пэўныя высновы наконт таго, што з апазыцыяй усё-такі трэба размаўляць».

8 красавіка Аляксандар Фядута быў вызвалены са сьледчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.