Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку выпусьцілі з "амэрыканкі"


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, аднаго зь вязьняў СІЗА КДБ выпусьцілі зь ізалятара. Пра гэта Свабодзе паведаміў ягоны сын Арцём. Анатоль Лябедзька будзе ўдзельнічаць сёньня ў паседжаньні Нацкома АГП у 11.30.

"Гэта для нас была прыемная нечаканасьць. Бацька выглядае добра, праблем са здароўем у яго няма," – сказаў Арцём Лябедзка.

Паводле БелаПАН, Анатоль Лябедзька быў адпушчаны са сьледчага ізалятара КДБ вечарам 6 красавіка.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Анатоль Лябедзька быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП Яраслава Раманчука. Зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

Лідэр АГП быў затрыманы ў сталіцы ў ноч з 19 на 20 снежня ва ўласнай кватэры і дастаўлены ў СІЗА КДБ. 22 сьнежня стала вядома, што на знак пратэсту супраць свайго незаконнага затрыманьня Лябедзька аб'явіў галадоўку, аднак неўзабаве спыніў яе паводле просьбы жонкі. Адвакат Лябедзькі ня меў магчымасьці сустрэцца з падабаронным з 29 снежня. Сустрэча Лябедзькі з адвакатам адбылася толькі 23 сакавіка.

Раней пад падпіску аб нявыезьдзе з СІЗА КДБ былі адпушчаны экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі і Алесь Міхалевіч, рэдактар сайту charter97.org Натальля Радзіна, кіраўнік выбарчага штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзмітрыеў і актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Сяргей Вазьняк. Міхалевіч і Радзіна ўцяклі за мяжу.

Яшчэ два фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках былі адпушчаны з СІЗА КДБ пад дамашні арышт — экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў і журналістка расійскай "Новой газеты" Ірына Халіп, жонка былога кандыдата Андрэя Саннікава.

Застаюцца ў сьледчым ізалятары больш за 30 фігурантаў справы, у тым ліку палітыкі Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG