Крымінальную справу Статкевіча і Вуса накіравалі ў суд

Дзьмітры Вус і Мікалай Статкевіч

Пракуратура Менску накіравала ў Менcкі гарадзкі суд крымінальную справу ў дачыненьні да экс-кандыдатаў на прэзыдэнта, палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса.

Пра гэта паведаміла агенцтва Інтэрфакс. "Пракуратура Менска сёньня для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці накіравала крымінальную справу па абвінавачваньні Статкевіча і Вуса па ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі(" Масавыя беспарадкі)", - паведаміў агенцтву "Інтэрфакс"старшы памочнік пракурора Менска Сяргей Балашоў.

Статкевіч і Вус абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня мінулага году. Абодвум палітыкам пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

У суд накіраваныя таксама матэрыялы ў дачыненьні да найбольш актыўных, як іх называюць у міліцыі, удзельнікаў масавых беспарадкаў: Аляксандра Квяткевіча, Дзьмітрыя Буланава, Андрэя Пазьняка, Арцёма Грыбкова, якія абвінавачваюцца ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 КК, і Аляксандра Класкоўскага, абвінавачанага па ч. 1 і ч. 2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых непарадках), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваеньне званьня ці ўлады службовай асобы).