Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да вязьняў «амэрыканкі» не даходзяць лісты салідарнасьці


Belarus - KGB headquarters, Minsk 13mar2011
Belarus - KGB headquarters, Minsk 13mar2011
Мікалай Статкевіч знаёміўся з матэрыяламі справы, упершыню карыстаючыся акулярамі. Да былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага ў вязьніцу не даходзяць лісты салідарнасьці. Стан здароўя Зьмітра Бандарэнкі непакоіць дактароў. Эдуарду Лобаву перадалі ў турму кнігі па гісторыі Беларусі.

У вязьня «амэрыканкі» Мікалая Статкевіча пачаліся праблемы са здароўем — рэзка пагоршыўся зрок. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч са спасылкай на атрыманы ліст:

«Упершыню напісаў пра праблему са здароўем — што рэзка пагоршыўся зрок. Нехта з сукамэрнікаў аддаў яму паламаныя акуляры, ён ніткамі замацаваў іх і чытае праз акуляры. Раней у яго быў добры зрок, ён акулярамі не карыстаўся».

Паводле прэсавай службы міліцыі, крымінальная справа Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса ўжо перададзеная ў пракуратуру. Экс-кандыдатаў на прэзыдэнта вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Таксама ў справе фігуруюць 5 удзельнікаў падзей 19 сьнежня, якім інкрымінаваны ўдзел у масавых беспарадках. Сярод іх — былы міліцыянт Аляксандр Класкоўскі, якога абвінавачваюць яшчэ ў двух злачынствах, у тым ліку ў прысваеньні ўлады. 29 сакавіка Класкоўскаму дазволілі сустрэчу з жонкай Натальляй. Бацька вязьня пераказаў зьвесткі, атрыманыя ад сына па выніках спатканьня:

«Сказаў, што ліставаньне зь ім так і не наладзілася. Толькі адзін ліст ён ад мяне атрымаў, і я ад яго толькі адзін ліст, хоць паслана было значна болей з абодвух бакоў. І што зусім не даходзіць да яго гэтак званая пошта салідарнасьці, калі іншыя людзі пішуць словы падтрымкі.
Ілюзіяў наконт прысуду няма, рыхтуецца да доўгага тэрміну.
Ілюзіяў наконт прысуду няма, рыхтуецца да доўгага тэрміну, бо ўражаньне такое, што ўсё ўжо запраграмавана. І нейкія аргумэнты абароны, мусіць, будуць як гарох аб сьцяну».

30 сакавіка сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму Ўладзімеру Някляеву, Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазьняку, Андрэю Дзьмітрыеву, Віталю Рымашэўскаму і Насьце Палажанцы прад’яўленае новае абвінавачаньне па 342-м крымінальным артыкуле.

Ён прадугледжвае адказнасьць за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо за актыўны ўдзел у іх. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — да 3 гадоў зьняволеньня.

Жонка Дзьмітрыя Бандарэнкі Вольга дамагаецца, каб з 5-га менскага шпіталя, дзе раней лячыўся яе муж, тэрмінова накіравалі ў СІЗА КДБ ягоны клінічны дыягназ і вынікі іншых дасьледаваньняў. У Дзьмітрыя небясьпечная хвароба хрыбетніка, з-за якой ня рухаецца нага і ўзьніклі іншыя сур’ёзныя праблемы са здароўем. «Яму неабходна тэрміновае лячэньне, а бяз гэтых папер мяне нават і слухаць ня хочуць», — кажа Вольга Бандарэнка. Жонка вязьня «амэрыканкі» не выключае, што хваробы мужа абвастрыліся пасьля катаваньняў альбо ў выніку дрэнных умоваў у вязьніцы.

Маці актывіста «Маладога фронту» Эдуарда Лобава, асуджанага на 4 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве, мела з сынам гадзінную сустрэчу на «Валадарцы». Марына Лобава распавяла:

Трымаецца бадзёра, сказаў, што выйдзе да наступных выбараў.
«Трымаецца бадзёра, сказаў, што выйдзе да наступных выбараў. Не разгубіўся ад прысуду, плянуе потым паступаць вучыцца. Пра сябе мала распавядаў, бо яго вельмі цікавілі апошнія палітычныя падзеі, усе суды, што прайшлі. Як яго перавялі на „Валадарку“, дык прэса не даходзіла, таму вельмі ўсім цікавіўся. Адсюль хацеў бы хутчэй у калёнію, бо тут зусім некамфортныя ўмовы. Спадзяецца, што будзе лепш, што не настолькі будуць перапоўненыя камэры».

Разам з Эдуардам Лобавым на мінулым тыдні быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Актывістка Наста Палажанка, якая прасіла сустрэчы са Зьмітром, атрымала ад судзьдзі адмову. У апошнім лісьце Дашкевіч паведаміў Палажанцы, што знаходзіцца ў камэры разам з 50 вязьнямі, прычым яны не выключаюць, што да іх яшчэ дададуць зьняволеных.

Вязьняў «Валадаркі» Зьмітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава і Мікіту Ліхавіда, якога асудзілі ўчора, 29 сакавіка, «Міжнародная амністыя» прызнала вязьнямі сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG