«Адзін з нас». Дакумэнтальны фільм пра Сяргея Ціханоўскага, зьняты пры ўдзеле адвакаткі Натальлі Мацкевіч, выходзіць 12 студзеня

Сяргей Ціханоўскі. 20 траўня 2020

Дакумэнтальны фільм пра палітвязьня Сяргея Ціханоўскага «Адзін з нас» прэзэнтуе тэлеканал «Настоящее время. Док» 12 студзеня.

Сёньня ў праграме «ПіК Свабоды» адвакатка Натальля Мацкевіч, якая бараніла Сяргея Ціханоўскага і выступіла кансультанткай і ўдзельніцай фільму «Адзін з нас», раскажа падрабязьней пра асобу і значэньне Ціханоўскага для найноўшай гісторыі, а таксама пра зьяўленьне відэа з палітвязьнем Віктарам Бабарыкам пасьля амаль двух гадоў інкамунікада і працу адвакатаў у сучасных абставінах.
Глядзіце ПіК у 19:30 паводле менскага часу.

29 траўня 2020 года за Сяргеем Ціханоўскім зачыніліся дзьверы турэмнай камэры. З таго часу, амаль пяць гадоў, Сяргей застаецца ў зьняволеньні. Вялізны «сталінскі» тэрмін, які яму прысудзілі (19 з паловай гадоў), разам з поўнай інфармацыйнай ізаляцыяй выглядае як спроба беларускіх уладаў сьцерці з грамадзкай сьвядомасьці сам факт існаваньня Сяргея. Нават у турме, пад тэрмінам, блізкім да пажыцьцёвага, Ціханоўскі застаецца небясьпечным для рэжыму.

Аўтары фільму «Адзін з нас» асэнсоўваюць, кім сёньня зьяўляецца Сяргей Ціханоўскі для беларусаў, якое месца ён займае як у грамадзкай сьвядомасьці ў цэлым, так і ў сьвядомасьці звычайных людзей, і чаму беларускія ўлады так баяцца Ціханоўскага.

Прэм’ера дакумэнтальнага фільму пра палітвязьня Сяргея Ціханоўскага «Адзін з нас» адбудзецца 12 студзеня на тэлеканале «Настоящее время. Док».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «​​​​​​​Спрачаецца ён нармальна, трымае плянку». Палітвязень з суседняй з Ціханоўскім камэры расказаў пра Сяргея