Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«​​​​​​​Спрачаецца ён нармальна, трымае плянку». Палітвязень з суседняй з Ціханоўскім камэры расказаў пра Сяргея


Глеб Гатоўка
Глеб Гатоўка

Былы палітзьняволены Глеб Гатоўка правёў 2 гады і 4 месяцы ў жодзінскай турме. Ён кажа, што ягоная камэра была побач з камэрай палітзьняволенага Сяргея Ціханоўскага. У інтэрвію Свабодзе Глеб распавёў, якім бачыў вядомага палітзьняволенага і што чуў ад яго.

«На момант таго, як я вызваляўся — якраз гэта быў Дзень Волі (25 сакавіка 2024 году), — ён [Сяргей Ціханоўскі] знаходзіўся па суседзтве», — узгадвае Глеб.

Праз кепскую ізаляцыю ён чуў некаторыя размовы адміністрацыі з самім Сяргеем, для якога ў жодзінскай турме створаныя адмысловыя ўмовы: яму не аддаюць лісты, бандэролі і не даюць нават паперы.

«І вось я чуў, як ён зь імі размаўляў.

— Мне прыйшла там бандэроль ці... так, бандэроль, здаецца, дзе мае рэчы?

— Яны на складзе, пішыце заяву.

— У мяне няма паперы напісаць заяву. І наагул нідзе не рэглямэнтавана, што заява павінна быць у нейкім пісьмовым выглядзе, я вам вусна кажу на камэру».

Па словах Глеба, Сяргей сядзіць адзін у 4-меснай камэры у 1-м корпусе.

«Вельмі жорстка ў яго па рэжыму. Увесь графік дня, любыя стандарты адзеньня, усё рэглямэнтавана, і ня дай бог ён там нешта парушыць — адразу ў ізалятар. То бок кожны дзень галіцца там, хутчэй за ўсё, будзе трэба. То бок каб усё чыста. Ён там кожны дзень прыбірае, — расказвае Глеб Гатоўка. — І нават ня тое што прапісана. Калі нейкі чалец адміністрацыі захоча яго неяк патурбаваць, сказаць: ідзі прыбірайся, — слова ёсьць закон. І нават калі гэта ніяк не прапісана, калі ён гэтага ня зробіць, то знойдуць сто іншых прычынаў, каб напісаць на яго рапарт і зноў закрыць у ізалятар. Таму ўсё, што яму кажуць, ён стараецца выконваць».

Глеб Гатоўка кажа, што пэрыядычна Сяргей трапляе ў ізалятары — адзіночныя камэры:

«Першы час, калі ён толькі прыехаў у турму, ён вельмі часта там быў, да таго, як на яго завялі крымінальную справу і асудзілі паводле 411 артыкула. Ну, цяпер трошкі радзей яго саджаюць у ізалятар. Але таксама, напэўна, раз на два месяцы стандартна езьдзіць так. Там змрачней, умовы трошкі горшыя. Там бэтон, там неяк усё змрочна, пашарпана ў 4-м корпусе. І, думаю, там яму цяжэй сядзець».

Больш за год ад Ціханоўскага няма ніякай інфармацыі. Глеб лічыць, што такі вакуўм ствараецца адмыслова, каб у палітвязьня не было ніякіх кантактаў зь сьветам.

«Быў апэратыўнік адзін, ён прагаварыўся. Калі адзін зьняволены напісаў у лісьце нешта пра Ціханоўскага, гэты ліст яму вярнулі, выклікалі ў кабінэт, і апэратыўнік тады сказаў, што гэтую інфармацыю пакуль рана ведаць людзям».

Нягледзячы на створаныя ўмовы, Сяргей Ціханоўскі і ў турме спрабуе адстойваць свае правы.

«Спрачаецца ён нармальна як бы. Трымае плянку. Адно што ён вельмі схуднеў. Я яго бачыў у калідорах, калі яго выводзілі на прагулку, і я б яго не пазнаў. Я яго бачыў на відэа, калі ён свой канал вёў, калі яшчэ на волі быў, ён быў такі поўненькі, наедзены, а цяпер ён моцна схуднеў».

Aўтар Youtube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі, муж цяперашняй апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай, быў арыштаваны 29 траўня 2020 году ў Горадні ў выніку правакацыі. Ён зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году. 14 сьнежня 2021 году ў закрытым судзе Ціханоўскаму далі 18 гадоў турмы. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні варожасьці, перашкодзе працы ЦВК.

У лютым 2023 году Ціханоўскага асудзілі яшчэ на 1,5 года турмы нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG