Камітэт ААН па правах чалавека пацьвердзіў парушэньне правоў Сяргея Ціханоўскага на свабоднае выказваньне меркаваньня з выкарыстаньнем мірнага сходу, гарантаваных кожнаму артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пра гэта паведаміў «Салідарнасьці» праваабаронца Леанід Судаленка.
Рашэньне прынятае на апошняй 142-й сэсіі Камітэту ў кастрычніку, але апублікаванае толькі цяпер.
Хаця рэжым Лукашэнкі ў 2023 годзе дэнансаваў Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (грамадзяне Беларусі больш ня могуць зьвяртацца са скаргамі ў Камітэт ААН па правах чалавека), гэта не вызваляе афіцыйны Менск ад абавязацельстваў па выкананьні прынятых у ААН рашэньняў, кажа Леанід Судаленка.
Паводле яго, цяпер дзяржава абавязаная прадаставіць Сяргею Ціханоўскаму эфэктыўныя сродкі кампэнсацыі шкоды ў сувязі з парушэньнямі ягоных правоў, уключаючы грашовую кампэнсацыю.
Таксама ўраду Беларусі прадпісана перагледзець нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах, каб яго выкананьне на практыцы не прыводзіла да такіх парушэньняў.
Аб выкананьні прынятага рашэньня беларускія чыноўнікі абавязаныя паведаміць Камітэту ААН на працягу 180 дзён, а таксама забясьпечыць публікацыю і шырокае распаўсюджваньне гэтага рашэньня на дзяржаўных мовах.
У 2020 годзе блогер Сяргей Ціханоўскі двойчы зазнаваў адміністрацыйны арышт. Разам з гомельскім праваабаронцам Леанідам Судаленкам абодва арышты ён абскардзіў у Гомельскім абласным і ў Вярхоўным судах, аднак там яму ў абароне правоў адмовілі. Тады падалі індывідуальную скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека «ў сувязі зь невыкананьнем беларускім рэжымам міжнародных абавязацельстваў». Пасьля арышту Леаніда Судаленкі весьці распачатую на міжнародным узроўні справу працягнула адвакатка Натальля Мацкевіч.
14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня. Пасьля прысуду ён спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дабавілі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
Форум