Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
Рашэньне аб рэгістрацыі кандыдатаў ЦВК ухваліла на пасяджэньні 23 сьнежня па выніках праверкі сапраўднасьці подпісаў, сабраных у падтрымку прэтэндэнтаў, і зацьвердзіла іх дакладную колькасьць.
У прыватнасьці, як сьцьвярджаюць у ЦВК, кандыдатуру Лукашэнкі нібыта падтрымалі 2 518 145 грамадзян, старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча — 134 472, першага сакратара Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Сяргея Сыранкова — 125 577, індывідуальнай прадпрымальніцы Ганны Канапацкай — 121 077, старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандра Хіжняка — 112 779.
Што вядома пра кандыдатаў
Алег Гайдукевіч пачынаў кар'еру супрацоўнікам аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. У 2007 годзе даслужыўся да начальніка Партызанскага РУУС беларускай сталіцы, а праз два гады ўзначаліў самы вялікі менскі РУУС — Фрунзэнскі.
З 2012-га заняўся палітычнай кар’ерай у партыі свайго бацькі Сяргея Гайдукевіча (Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі). Сяргей Гайдукевіч тройчы быў кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах, апошні раз — у 2015 годзе.
У 2016 годзе Гайдукевіч-малодшы балятаваўся дэпутатам у Палату прадстаўнікоў, але не прайшоў. Паўторна ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе і стаў дэпутатам. У 2020 годзе зьбіраўся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, але зьняўся на карысьць Лукашэнкі, стаўшы ягонай даверанай асобай.
Алег Гайдукевіч выступае ў падтрымку Лукашэнкі. У 2020 годзе ён асудзіў дзеяньні апазыцыі і пратэстоўцаў, назваў масавыя пратэсты «праплачанай спробай ЭЗ і ЗША зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На дзень выбараў 26 студзеня ў Менску зрабілі бясплатны праезд на грамадзкім транспарцеГанна Канапацкая нарадзілася ў Менску, яна дачка першага афіцыйнага даляравага мільянэра ў Беларусі Анатоля Трухановіча. Скончыла юрыдычны факультэт БДУ. Шырока імя Ганны Канапацкай стала вядома пасьля таго, як на выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2016 году яна стала адной зь дзьвюх дэпутатак ад апазыцыі, якія тады трапілі ў парлямэнт. Другой дэпутаткай стала Алена Анісім. Канапацкая была сябрам зьліквідаванай цяпер апазыцыйнай партыі АГП да 2019 году.
У Палаце прадстаўнікоў Канапацкая заклікала да скасаваньня саюзу з Расеяй, крытыкавала Эўразійскі саюз, СНД і тагачаснага расейскага амбасадара ў Беларусі.
У 2020 годзе Канапацкая ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах. Але адмовілася ўдзельнічаць у дэбатах зь іншымі апазыцыянэрамі, бо «ня мае ні права, ні жаданьня спаборнічаць з заведама больш слабымі апанэнтамі».
Пасьля масавых пратэстаў у Беларусі 2020–2021 году, зьняволеньня ці эміграцыі большай часткі апазыцыйных палітыкаў Ганна Канапацкая засталася ў Менску. Яе запрашаюць на прадзяржаўныя мерапрыемствы ў Палату прадстаўнікоў (2022 год) і на Ўсебеларускі народны сход (2021 год).
Цяпер Канапацкая крытыкуе ўсе прадэмакратычныя сілы, у тым ліку Сьвятлану Ціханоўскую і ўсіх іншых палітыкаў на эміграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народны Лукашэнка» і замежныя падпісчыкі. Як беларуская прапаганда перад выбарамі працуе ў TikTokПаводле зьвестак арганізацыі былых сілавікоў BelPol, Аляксандар Хіжняк працаваў юрыстам інстытуту «Белгіпрааграхарчпрам». З 2015 году ўзначальвае «БелНІІгорадабудаўніцтва». Гэта праектная арганізацыя, якая займаецца горадабудаўнічымі праектамі.
Аляксандар Хіжняк жанаты, мае траіх дзяцей. Ён лідэр прадзяржаўнай Партыі працы і справядлівасьці. Дэпутат Менскага гарадзкога савету. У 2006 і 2015 годзе Хіжняк атрымліваў узнагароды ад Лукашэнкі за «добрасумленную працу і актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці».
У 2023 годзе Хіжняк казаў, што чатыры партыі ў Беларусі дастаткова. Раней у краіне зьліквідавалі ўсе апазыцыйныя партыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары без магчымасьці выбіраць. Імітацыя, даведзеная да абсурдуСяргей Сыранкоў ачоліў праўладную Камуністычную партыю Беларусі толькі сёлета. З 2020 году ён таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Сыранкоў скончыў Магілёўскі ўнівэрсытэт імя Куляшова па спэцыяльнасьці «Ангельская і нямецкая мова», працаваў спэцыялістам у Краснапольскім раённым выканаўчым камітэце.
«Мы заўсёды былі ў камандзе прэзыдэнта. І наша сёньняшняе рашэньне дэманструе толькі адну з праграмных установак партыі — падтрымку дзеючага лідэра Беларусі, яго палітычнага курсу, цалкам сугучнага праграме КПБ па пабудове ў Беларусі дзяржавы для народу», — казаў Сыранкоў пра свой удзел у выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты з 6 краінаў ЭЗ і ЗША заклікалі не прызнаваць выбараў у Беларусі 26 студзеняВыбары прэзыдэнта Беларусі адбудуцца 26 студзеня. Перад гэтым будзе датэрміновае галасаваньне. А да таго, з 1 па 25 студзеня 2025 году, — перадвыбарная агітацыя.
Пасьля 1996 году ніводныя выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.
Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў за мяжой называюць тое, што адбываецца, «спэцапэрацыяй для ўтрыманьня ўлады», праваабаронцы зьвяртаюць увагу на імітацыю канкурэнцыі. Урады некалькіх заходніх краін ужо заявілі, што не прызнаюць вынікаў гэтых выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Эстоніі: Мы не прызнáем выбары ў Беларусі і дапаможам іншым убачыць, што гэта фарсВыбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.