Пяць кранальных гісторый беларускіх палітвязьняў у 2024 годзе

Рыгор Кастусёў, Паліна Шарэнда-Панасюк, Уладзімер Гундар, Ігар Ільяш, Марыя Калесьнікава. Каляж

Падман. Вызваленьне. Арышт. Творчасьць. Спатканьне. Свабода паглядзела, што прынёс 2024 год палітзьняволеным Паліне Шарэндзе-Панасюк, Рыгору Кастусёву, Ігару Ільяшу, Уладзімеру Гундару, Марыі Калесьнікавай.

Паліна Шарэнда-Панасюк: «Кожны дзень гляджу на вашы здымкі...»

Паліна Шарэнда-Панасюк перажыла, бадай, самы цяжкі з усіх чатырох гадоў свайго зьняволеньня, лічыць яе муж Андрэй. Мужчына ўспамінае, зь якімі пачуцьцямі ў траўні рыхтаваўся прывезьці Паліну ў віленскую кватэру, дзе ён жыве больш за тры гады разам з сынамі Славамірам і Стахам.

«Верыў і ня верыў. Сэрца замірала і хацела сустрэчы, а розум падказваў, што падмануць. Сыны нэрваваліся, асабліва малодшы Стах. Месца не знаходзіў, усё перапытваў. І вось нарэшце званок! Але... Зноў перажыў злосьць і расчараваньне: не, ня выпусьцілі! Больш за тое, выстаўляюць новае бязглуздае абвінавачаньне паводле 411-га артыкулу, а гэта значыць, што будзем у разлуцы яшчэ год!» — успамінае Андрэй падзеі 21 траўня.

Тады ў жонкі заканчваўся тэрмін зьняволеньня, але на выхадзе з калёніі яна так і не зьявілася, а Андрэй праз званок зь Беларусі даведаўся, што напярэдадні жонку перавялі ў СІЗА. Значыць, пакутніцкі шлях Паліны выйшаў на новы круг: зноў сьледзтва, брудная камэра, цынічныя вартаўнікі, якія прыносяць у камэру мех гнілых яблыкаў, каб быў патрачаны месячны ліміт на прадуктовыя перадачы, а тады новы суд і яшчэ плюс год да тэрміну.

Актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі ў 2021 годзе на 2 гады зьняволеньня, але з таго часу ўжо тройчы дадавалі па годзе зьняволеньня нібыта за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі».

«Яна трымаецца з апошніх сілаў, гэта дакладна. Паліна мае цяжкае захворваньне, падчас прыступаў хваробы рэзка страчвае вагу, ня можа ўжываць тыя харчы, якія там даюць. А нам з калёніі адказваюць, што нібыта здаровая. Псыхічны стан, ведаю, таксама цяжкі. Уявіце, якіх сілаў ёй далося тое інтэрвію БТ, якое яе прымусілі даць ўвесну ў калёніі, перад канцом тэрміну! Відаць, спадзявалася, што за гэта нарэшце выйдзе на волю, але падманулі! Бачыш ты, не хапіла ім ад яе словаў, што прызнае сябе вінаватай», — успамінае Андрэй і абураецца падступнасьцю беларускіх уладаў.

Андрэй жыве ў Вільні з сынамі, працуе і працягвае чакаць жонку. Кажа, што амаль 5 месяцаў з пражытага году ад жонкі не было зьвестак, потым ён атрымаў ад яе некалькі кароткіх лістоў зь сьпісам патрэбных рэчаў, а цяпер зноў маўчаньне. Набліжаюццца Каляды, на гэтае сьвята Паліна абавязкова прысылае дзецям ліст ці паштоўку зь віншаваньнямі, але пакуль нічога ад яе няма.

«Паказваю малодшаму леташнюю паштоўку і гэтак супакойваю, што мама хутка вернецца», — Андрэй дэманструе віншаваньне з Калядамі ад Паліны, якое яны атрымалі год таму.

«Мае любыя Славамір і Стах! Гэта мама, якая гвалтоўна зьнікла з вашага жыцьця тры гады таму. Стала туманнаю плямаю, як піша хто-ніхто. Але вы ўвесь час перад маімі вачыма: па рэдкіх фота, якія прарываюцца да мяне праз усе перашкоды, бачу, як вы вырасьлі. Кожны дзень гляджу на вашыя здымкі і мару ўбачыць увачавідкі, абняць, прытуліць. Хлопцы! Я віншую тату і вас з Раством! Сустрэньце яго годна!

Добра адпачыць на вакацыях! Хрыстос нарадзіўся! Славім яго!

Мама, ХІІ.2023».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская Жанна д’Арк. Хто такая Паліна Шарэнда-Панасюк, якую за кратамі судзілі ўжо тройчы

Рыгор Кастусёў. Барацьба за волю і жыцьцё

2024 год стаў годам вызваленьня для больш як двух соцень палітвязьняў, якія выйшлі на волю па памілаваньні або амністыі. Праваабаронцы вылічылі, што большасьць з вызваленых такім спосабам меліся хутка выйсьці зь вязьніц па сканчэньні іхных тэрмінаў, але каго сапраўды вызвалілі з гуманітарных прычын, дык гэта вядомага палітыка, былога кандыдата на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Рыгора Кастусёва.

У пачатку ліпеня, калі стала вядома, што Кастусёў ужо на волі, да заканчэньня ягонага тэрміну заставалася яшчэ амаль 7 гадоў. Тады ўжо ўся краіна ведала, што 67-гадовы вэтэран палітычнага змаганьня Рыгор Кастусёў цяжка хварэе на анкалёгію і рызыкуе не дажыць да часу вызваленьня.

З горадзенскай турмы, куды Кастусёва на пачатку 2024 году перавялі з івацэвіцкай калёніі, ад яго прыходзілі ўсё больш трывожныя зьвесткі. Палітык паведамляў, што яго вывозілі ў Бараўляны на лячэньне, але ўтойваюць дыягназ. Скардзіўся на болі, якія не дазваляюць яму нармальна спаць ноччу. Паводле сваякоў, спадар Рыгор трымаўся мужна, але не выключаў самага горшага, нават рыхтаваў да гэтага блізкіх яму людзей.

Палітвязень змог аправіць на волю верш пра вёску Цяхцін, дзе ён нарадзіўся і дзе на могілках пахаваныя ягоныя сваякі. У апошніх радках верша Рыгор Кастусёў фактычна пакінуў тэстамэнт на выпадак сьмерці ў вязьніцы.

...Пад шэры камень. Толькі той,

Што ўзяты з родных мне мясьцінаў.

І невялікаю плітой,

Дзе бачна, хто каго пакінуў.

Сваякі ўсё ж прызнаюць, што за кратамі Рыгора Кастусёва не пакінулі без мэдычнай дапамогі. Як потым стала вядома, у красавіку палітыку зрабілі апэрацыю для вывядзеньня катэтара з мачавіка, яму стала лягчэй перасоўвацца, а галоўнае, ён змог нармальна спаць. Але зноў бяз жорсткасьці з боку турэмнай сыстэмы не абышлося, адзначаў зяць палітыка Дзьмітры Антончык. Па ягоных зьвестках, пасьля апэрацыі Кастусёва не пакінулі ў лякарні, а перавялі ў турэмную камэру. У чэрвені Дзьмітры Антончык расказаў праваабаронцам, што з пачатку траўня ад спадара Рыгора на волю не дайшоў ніводны ліст, што раней такога вялікага перапынку ў ліставаньні не было. Сваякі ламалі галаву, што азначаюць гэтыя «арэлі»: то клапоцяцца пра здароўе, то зноў мучаюць? Чаго чарговым разам чакаць ад уладаў?

Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

І вось 3 ліпеня стала вядома, што па амністыі і памілаваньні на волю выйшлі 18 былых палітвязьняў, але прозьвішчы ўсіх вызваленых датэрмінова не былі названыя. Празь некалькі гадзін у прэсу ўсё ж прасачыліся імёны чатырох зь іх, і сярод іх — Рыгора Кастусёва.

Зяць Кастусёва Дзьмітры Антончык, які жыве зь сям’ёй у Польшчы, быў першай крыніцай, якая пацьвердзіла вызваленьне палітыка.

«Вось 20 хвілінаў таму бачыў спадара Рыгора па відэасувязі. Ён ужо дома, з жонкай. Выглядае бадзёра, але бяз вусаў. Цікавіўся нашымі навінамі, усім перадаваў прывітаньне!» — расказаў Дзьмітры.

У кароткай размове Дзьмітры Антончык дадаў, спасылаючыся на словы Рыгора Кастусёва, што таго вызвалілі паводле закону аб амністыі, прынятага да 3 ліпеня.

Так гэта ці не, паводле Дзьмітрыя, дагэтуль праверыць немагчыма. Спадар Рыгор больш нічога не расказваў пра зняволеньне і прасіў абмежаваць кантакты з мэдыя, спаслаўшыся на тое, што яму трэба папраўляць здароўе.

З таго часу мінула амаль паўгода. Як цяпер пачуваецца былы старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў?

«У пачатку сьнежня ляжаў у лякарні ў Бараўлянах. Была апэрацыя. Я зь ім размаўляў на мінулым тыдні, ён быў бадзёры. Верыў, што ўсё будзе добра. Цяпер ён дома, у Шклове. Мы ўсе таксама верым, што ён паправіцца і ўсё будзе добра», — сказаў зяць Рыгора Кастусёва.

Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў арыштаваны ў траўні 2021 году. У верасьні 2022 году суд прызнаў палітыка вінаватым у «змове з мэтай захопу ўлады» і асудзіў на 10 гадоў зьняволеньня. Беларускія праваабаронцы тады прызналі Рыгора Кастусёва палітычным вязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 223 новыя палітвязьні супраць 178 памілаваных: праваабаронцы падлічылі, ці зьменшылася колькасьць палітвязьняў у Беларусі

Ігар Ільяш: «Мару сустрэць жонку з калёніі з кветкамі»

Калі журналіст Ігар Ільяш выйдзе на волю, магчыма, ён назаве 2024 год самым драматычным у сваім жыцьці. Бо для Ігара спраўдзіліся найгоршыя папярэджаньні, якія ён чуў яшчэ ў лістападзе 2020 году, калі арыштавалі ягоную жонку, карэспандэнтку «Белсату» Кацярыну Андрэееву (Бахвалаву).

У той месяц ён таксама трапіў за краты, але, адбыўшы 15 дзён адміністрацыйнага арышту, выйшаў на волю, а вось жонка Кацярына за кратамі засталася надоўга. Вядомую журналістку затрымалі за стрым з «плошчы Перамен» у Менску і пасьля 7 дзён на Акрэсьціна перавялі ў жодзінскую турму, з чаго стала зразумела, што на яе завялі крымінальную справу. Усё падказвала Ігару, што ягоную Кацярыну чакае суд і калёнія на некалькіх гадоў. А што рабіць яму? Ігар Ільяш упершыню пачуў парады найхутчэй выехаць з краіны, бо рана ці позна прыйдуць і па яго.

Але Ігар не вагаўся ні хвіліны. «Застануся дома!» — упарта казаў ён тым, хто раіў неадкладна пакінуць Беларусь.

Ігар Ільяш пасьля 10 сутак зьняволеньня

Мінула паўгода. Кацярыну ўжо асудзілі і зьмясьцілі ў гомельскую жаночую калёнію, Ігар зьбіраў для яе перадачы, слаў лісты са словамі падтрымкі, каханьня і вернасьці, часам атрымліваў вестачкі і ад яе.

«Самае галоўнае ўражаньне сёньня — неба! Промні сонца на маёй скуры! КВЕТКІ! Упершыню за паўгода я проста ішла па асфальце, а над галавой быў гэты аграменны блакітны купал з пушыстымі аблокамі», — Ігар з захапленьнем цытаваў адзін зь першых лістоў Кацярыны, дасланы з калёніі.

Як раптам у сярэдзіне ліпеня 2021 году яго зноў затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Праз 10 дзён па выхадзе зь вязьніцы Ігар прызнаўся, што зусім не разьлічваў на вызваленьне і што ўспрымае нечаканую свабоду як падарунак лёсу, які зьбіраецца прысьвяціць жонцы.

«Зараз я ведаю, якое гэта шчасьце, калі выходзіш на волю. Мару сустрэць Кацю з кветкамі з калёніі», — казаў Ігар журналістам, якіх убачыў у той дзень каля Акрэсьціна, і нават адмаўляўся разважаць пра ад’езд з краіны.

Калі адбыўся першы працэс над Кацярынай Андрэевай, па выніку якога яна атрымала 2 гады зьняволеньня нібыта за «грубае парушэньне грамадзкага парадку», Ігар пракамэнтаваў прысуд стрымана:

«Гэта нам выпрабаваньне, мы вытрымаем». Але ні ён, ні Кацярына не маглі ўявіць, што яшчэ праз год яе чакае другі суд, які дадасьць да першага тэрміну яшчэ 6 гадоў і 3 месяцы нібыта за «здраду дзяржаве». Але і пасьля другога суду Ігар не зьмяніў звыклых плянаў на далейшае жыцьцё: «Усё роўна застануся тут і буду чакаць. Трэба будзе далей слаць Каці перадачы, будуць тэлефонныя званкі, спадзяюся на спатканьні. Будзем трымацца і далей», — спадзяваўся на лепшае Ігар Ільяш.

Наступныя два гады прайшлі для яго ў тых жа турботах, знаёмых тысячам беларусаў — сваякоў палітвязьняў: рэгулярныя зборы шматкіляграмовых перадач, цяжкія для сямейнага бюджэту наведваньні адваката, лісты са скаргамі на здароўе, адпраўка мэдычных бандэроляў, за якія кожны раз даводзіцца турбавацца, бо могуць не прыняць.

Суд над Кацярынай Андрэевай, 2021

Кацярыну Андрэеву трымаюць у жаночай калёніі ў Гомлі, яна працуе швачкай на пашыве адзеньня, як усе. Стамляецца ад цяжкай працы, пакутуе ад холаду ў цэху і бытавых нязручнасьцяў, парысе траціць здароўе. Ігар быў у курсе большасьці яе праблемаў, пры гэтым не падаваў выгляду што таксама стаміўся, заўсёды дэманстраваў сябрам і сваякам аптымізм: «Усё будзе добра!».

І вось сёлета 22 кастрычніка стала вядома, што Ігара Ільяша ўсё ж арыштавалі і гэтым разам праверкай кампутара для яго справа не закончыцца. У той жа дзень набліжаны да ГУБАЗІКу тэлеграм-канал паказаў відэа, на якім Ігар Ільяш з кайданкамі на руках прызнаецца, што даваў інтэрвію «экстрэмісцкім» мэдыя, а таксама што камэнтаваў падзеі ва Ўкраіне. У лістападзе беларускія праваабаронцы знайшлі пацьверджаньне, што Ігар Ільяш зьмешчаны ў менскі СІЗА ў Калядзічах і супраць яго заведзеная крымінальная справа. Аднак дагэтуль невядома, паводле якога артыкулу падазраюць журналіста.

Беларускі закон забараняе ліставаньне паміж людзьмі, якія адбываюць пакараньне зьняволеньнем ці знаходзяцца пад сьледзтвам.

Калі справа Ігара Ільяша закончыцца судом, для яго і ягонай жонкі Кацярыны Андрэевай гэта азначае, што яшчэ амаль 4 гады яны ня змогуць хаця б некалькі разоў на год бачыцца і ліставацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Ігара Ільяша прызналі палітвязьнем

Уладзімер Гундар: «Зямлю ноч агарнула, сьпіць спакойным сном прырода»

Сёлета палітвязень Уладзімер Гундар аднавіў пісаньне ў турме белых вершаў, якія ён называе складанкамі. Кранальныя радкі аб прыродзе, што выходзяць з-пад рукі палітвязьня-інваліда, дадаюць ягоным сваякам упэўненасьці, што яму хопіць фізычных і маральных сілаў пратрымацца ў няволі.

Уладзімеру Гундару 64 гады, ён з Баранавічаў, займаўся выдавецкай справай, захапляўся літаратурай і краязнаўствам. Жыцьцё Ўладзімера Гундара значна ўскладніла хвароба сасудаў, празь якую яму ампутавалі нагу вышэй калена. Але яшчэ больш моцным выпрабаваньнем стаў арышт у 2020 годзе і два судовыя працэсы пасьля гэтага. На першым судзе палітвязень атрымаў 3 гады зьняволеньня за нібыта гвалт адносна міліцыянта (падчас ператрусу Гундар разьбіў свой мабільны тэлефон), а вынікам другога стаў прысуд у 20 гадоў зьняволеньня нібыта за тэрарызм (справу Гундара сьледчыя «прычапілі» да справы Мікалая Аўтуховіча, які нібыта рыхтаваў тэракт).

Першы дзень у судзе над Мікалаем Аўтуховічам і групаў палітвязьняў, у тым ліку Ўладзімера Гундарам

Цяпер вязьня з інваліднасьцю трымаюць у магілёўскай крытай турме, пэўны час ён правёў у адзіночнай камэры. Ня дзіва, што сваякі непакояцца ня толькі пра фізычнае здароўе Ўладзімера, але і пра ягоны псыхалягічны стан.

Але пакуль Уладзімер Гундар знаходзіўся пад сьледзтвам ды ў бабруйскай калёніі, значных прычын турбавацца нібыта не было. На волю ад яго рэгулярна прыходзілі лісты, некаторыя з вершамі. Гэта давала надзею на тое, што ён не разгубіўся, ня склаў рук, а працягвае змагацца за сябе нават у цяжкіх умовах.

«Уладзімер такога складу чалавек, які ня можа жыць бяз творчай актыўнасьці», — казала пра палітвязьня крыніца, якую ў мэтах бясьпекі назваць нельга.

Паводле крыніцы, да лістападу 2023 году агулам на волю дайшло каля ста вершаў Уладзімера Гундара, адзін зь іх нават быў адзначаны вядомай літаратурнай прэміяй.

Уладзімер Гундар, архіўнае фота

Але калі Ўладзімера Гундара з бабруйскай папраўчай калёніі перавялі ў магілёўскую турму № 4, вершы зь ягоных лістоў паступова зьніклі. Аб прычынах ён аднойчы напісаў, што «перастаў зьмяшчаць вершы ў лістах, бо заўважыў, што такія лісты не трапляюць да адрасатаў», а яму вельмі важнае ліставаньне.

І вось дакладна праз год, у лістападзе ўжо 2024 году, ад Уладізмера Гундара зноў прыйшоў ліст зь вершам-складанкай. Крыніца, якая расказала пра гэтую падзею, мяркуе, што штуршком да напісаньня верша стаў фатаздымак дрэва, які ўдалося перадаць палітвязню. Уладзімер Гундар, мяркуючы па ягоным лісьце, быў у захапленьні і адгукнуўся на здымак наступнымі радкамі.

Зямлю ноч агарнула, сьпіць спакойным сном прырода.

І толькі ў небе цёмным

Поўня нябёсным ясьніцца сьвятлом,

Зь нябеснай высі вітаньне зямлі шле.

І поўні яркае сьвятло ліецца цераз дрэваў і кустоў галінкі,

Церазь іх жывыя, дзівосныя карункі.

30 сьнежня споўніцца 4 гады, як інваліда Ўладзімера Гундара трымаюць за кратамі. Як мяркуе крыніца, у любых умовах Уладзімер працягвае знаходзіць станоўчыя ўражаньні ад кантактаваньня з прыродай і яе жыцьцём.

«У сваім турэмным жыцьці ён радуецца любым праявам: прагулцы ў дворыку, паху паветра, колеру неба і цёпламу душу, а калі пасьля гэтага яшчэ атрымае ліст — дык яму найвялікшая радасьць», — расказала пра Ўладзімера Гундара дасьведчаная крыніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Гундар за кратамі напісаў 100 вершаў, але апошнім часам іх не прапускаюць на волю

Марыя Калесьнікава. З рэжыму «інкамунікада» ў сытуацыю няпэўнасьці

Для былой кіраўніцы выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, адной з самых вядомых палітычных зьняволеных Беларусі Марыі Калесьнікавай 2024 год стаў нібы вяртаньнем з прымусовага забыцьця. Але, як адзначаюць назіральнікі, пакуль гэта толькі фрагмэнтарнае вяртаньне бяз пэўных вынікаў на будучыню.

Вяртаньне з інкамунікада адбылося пасьля 21 месяца інфармацыйнай ізаляцыі, якую сярод праваабаронцаў прынята называць рэжымам «інкамунікада». Зь лютага 2023 году сваякі не атрымлівалі ад Марыі Калесьнікавай ніякіх зьвестак, ад яе не прыйшло ніводнага ліста ці паштоўкі, а тэлефонныя званкі ёй былі забароненыя. Часам даходзілі асобныя зьвесткі пра Марыю ад былых вязьняў калёніі, але тое былі назіраньні, якія тычыліся розных пэрыядаў. Дакладна засьведчыць, што вось цяпер з Марыяй усё нармальна, ніхто ня мог. Паводле апошніх такіх зьвестак, Марыя моцна схуднела, бо пакутуе ад недахопу ежы, паколькі ня можа ўжываць турэмныя стравы праз хваробу, а для набыцьця прадуктаў у турэмнай краме ёй не хапае грошай.

Марыя Калеснікава, 22 жніўня 2020

Але 12 лістапада нечакана для ўсіх нарэшце зьявіліся зьвесткі пра Марыю Калесьнікаву зь першых рук. Праўладны блогер Раман Пратасевіч напісаў у сваім тэлеграм-канале пра яе сустрэчу з бацькам Аляксандрам Калесьнікавым, выклаў фота Марыі і відэа яе размовы з бацькам.

Назаўтра факт сустрэчы пацьвердзіла сястра Марыі Тацяна Хоміч, якая паведаміла, што сустрэча адбылася ў мэдчастцы калёніі. «Галоўнае, Маша жывая!» — напісала Тацяна Хоміч у фэйсбуку і выказала падзяку за дазвол сустрэцца бацьку з дачкой.

«Спадзяёмся, што магчымасьць падтрымліваць сувязь зь ёю захаваецца. Мы ўстрымліваемся ад дадатковых камэнтароў. Спадзяёмся на ваша разуменьне, і дзякуй усім за падтрымку», — дадала Тацяна Хоміч.

Марыя Калесьнікава сустрэлася з бацькам. 12 лістапада 2024

Яе бацька Аляксандр Калесьнікаў апісаў стан здароўя Марыі. Ён сказаў, што падчас сустрэчы яна «адчувала сябе бадзёрай, прыгожай» і ў яго «ейны стан ня выклікаў нейкіх асьцярог». Аднак прычына, празь якую Марыя Калесьнікава трапіла ў мэдчастку, так і не была названая. Таксама пакуль няма адказу на пытаньне, што стала штуршком да апошняй сустрэчы бацькі і дачкі Калесьнікавых і ці ня стаў дазвол на сустрэчу вынікам умяшаньня Аляксандра Лукашэнкі.

Варта нагадаць, што 23 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію брытанскаму журналісту Стывэну Розэнбэргу сказаў, што гатовы разгледзець магчымасьць памілаваньня палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, калі паступіць такая просьба, і заявіў, што яе сям’я, магчыма, ня хоча сустрэцца зь ёю. Неўзабаве сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч зьняпраўдзіла гэтыя заявы Лукашэнкі.

Тацяна сказала, што пасьля такіх словаў сям’я зноў будзе дамагацца спатканьня зь Марыяй, хоць усе папярэднія спробы скончыліся няўдала. Нагадаем, былая сустрэча Аляксандра Калесьнікава са зьняволенай дачкой Марыяй адбылася яшчэ ў лістападзе 2022 году ў палаце гомельскага клінічнага шпіталя, дзе палітзьняволенай зрабілі экстраную апэрацыю.

24 кастрычніка Тацяна Хоміч агучвала сваё меркаваньне пра імавернасьць датэрміновага вызваленьня сястры. У камэнтары «Настоящему времени» яна адзначала, што ня ведае, ці пісала Марыя Калесьнікава прашэньне аб памілаваньні і ці ёсьць у яе такое жаданьне.

«Але мы чулі, што ў апошнія месяцы ў беларускія калёніі прыходзілі прадстаўнікі пракуратуры і розных структур, якія размаўлялі зь іншымі палітвязьнямі, зьбіралі гэтыя прашэньні. І я спадзяюся, што ў Машы таксама будзе магчымасьць напісаць прашэньне аб памілаваньні. Я спадзяюся, што яна гэта зробіць сапраўды, таму што ёй трэба ратаваць сябе, ёй трэба папраўляць здароўе», — казала Тацяна Хоміч.

Можна меркаваць, што падчас сустрэчы з бацькам 12 лістапада Марыя пэўна даведалася пра магчымасьці выйсьці на волю датэрмінова. На гэта намякнуў Аляксандар Калесьнікаў, калі сказаў на відэа, што расказаў Марыі пра «акно магчымасьцяў, якое адкрылася, дзякуючы чаму адбылася нашая сустрэча». Паводле Аляксандра, дачка на гэта адказала, што «будзе думаць».

Але пакуль застаецца невядомым, напісала ці не Марыя Калесьнікава прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра Калесьнікавай пацьвердзіла, што тая знаходзіцца ў мэдчастцы калёніі. Бацька на відэа расказаў пра сустрэчу