Лінкі ўнівэрсальнага доступу

223 новыя палітвязьні супраць 178 памілаваных: праваабаронцы падлічылі, ці зьменшылася колькасьць палітвязьняў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні

З трэцяга ліпеня ў Беларусі адбыліся шэсьць хваляў памілаваньня палітзьняволеных — агулам на волю выйшлі 178 чалавек. За гэты час праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі яшчэ 223 чалавекі, падлічыла «Вясна».

Апошняя хваля памілаваньня, паводле праўладных крыніц, адбылася 20 лістапада. Агулам зь ліпеня за гэты час на волю выйшлі 178 чалавек:

  • 20 лістапада Аляксандар Лукашэнка памілаваў яшчэ 32 чалавек, асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Сярод памілаваных 8 жанчын і 24 мужчыны.
  • 7 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 палітвязьня, асуджанага паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў: 2 жанчын і 29 мужчын.
  • 16 верасьня, напярэдадні так званага Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасьня, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 37 чалавек.
  • 4 верасьня стала вядома пра выхад на волю 30 асуджаных па «палітычных» артыкулах. Сярод іх сем жанчын і 23 мужчыны. Большасьць зь іх — бацькі непаўналетніх дзяцей.
  • 16 жніўня Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці». У іх ліку — 14 жанчын і 16 мужчын. Некаторыя маюць сур’ёзныя захворваньні.
  • 3 ліпеня на волю выйшлі 18 палітвязьняў. Гэта былі 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку анкалягічны хворы экс-старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

За гэты час праваабарончая супольнасьць Беларусі прыняла 24 заявы аб наданьні новым фігурантам крымінальных палітычных спраў статусу «палітвязень» — з 3 ліпеня па 20 лістапада такі статус атрымалі 223 чалавекі. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, якіх абвінавачваюць паводле шэрагу палітычных артыкулаў, адзначаюць праваабаронцы.

Такім чынам, зь ліпеня на волю па памілаваньні выйшлі 178 палітвязьняў, а 223 чалавекі атрымалі статус палітычнага зьняволенага.

На 21 лістапада за кратамі ў Беларусі застаюцца 1273 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю, на 1 ліпеня іх было 1410. Рэальная колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі, можа быць значна большай.

27 верасьня праваабарончая ініцыятыва Dissidentby паведаміла, што КДБ «масава і гвалтоўна» вэрбуе палітвязьняў, якія ў апошнія месяцы выйшлі на свабоду паводле ўказаў аб памілаваньні. Паводле зьвестак праваабаронцаў, супрацоўнікі спэцслужбы «настойваюць на падпісаньні [вызваленымі] шэрагу папераў, згодзе на ўдзел у прапагандысцкіх відэароліках і забараняюць выезд з краіны», а таксама «пад пагрозай новага перасьледу і ціску на сям’ю» патрабуюць ад былых палітвязьняў «супрацоўніцтва ў агентурнай дзейнасьці супраць дэмакратычных сіл».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG