Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра Калесьнікавай пацьвердзіла, што тая знаходзіцца ў мэдчастцы калёніі. Бацька на відэа расказаў пра сустрэчу

абноўлена

Марыя Калесьнікава падчас сустрэчы з бацькам. Фота з тэлеграм-каналу Рамана Пратасевіча
Марыя Калесьнікава падчас сустрэчы з бацькам. Фота з тэлеграм-каналу Рамана Пратасевіча

Тацяна Хоміч, сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што тая цяпер у мэдычнай частцы калёніі.

«Мы вельмі рады, што наш тата змог сустрэцца з Машай. Гэта вялікая радасьць для нашай сям’і. Галоўнае, Маша — жывая!», — напісала Тацяна Хоміч.

«Мы вельмі ўдзячныя за дазвол сустрэцца і ўдзячныя ўсім, хто мае дачыненьне. Спадзяёмся, што магчымасьць падтрымліваць сувязь зь ёю захаваецца. Мы ўстрымліваемся ад дадатковых камэнтароў. Спадзяёмся на ваша разуменьне, і дзякуй усім за падтрымку».

12 лістапада палітзьняволеная Марыя Калесьнікава сустрэлася са сваім бацькам, Аляксандрам Калесьнікавым, пасьля 21 месяца ізаляцыі. Сёньня ў тэлеграм-канале праўладнага блогера Рамана Пратасевіча, які першым паведаміў пра сустрэчу, бацька Калесьнікавай расказаў, як была арганізаваная сустрэча з дачкой.

На відэа Калесьнікаў кажа, што падчас сустрэчы Марыя «адчувала сябе бадзёрай, прыгожай, і ў мяне яе стан ня выклікаў нейкіх асьцярогаў».

Бацька Калесьнікавай кажа, што расказаў Марыі пра «вакно магчымасьцяў, якое адкрылася, дзякуючы чаму адбылася нашая сустрэча». Паводле яго, дачка сказала, што «будзе думаць».

Марыя Калесьнікава сустрэлася з бацькам. 12 лістапада 2024
Марыя Калесьнікава сустрэлася з бацькам. 12 лістапада 2024

Дагэтуль адзінае спатканьне Калесьнікавай з бацькам было яшчэ ў сьнежні 2022 году, адразу пасьля яе апэрацыі, і доўжылася каля 10 хвілін у мэдчастцы калёніі.

Сваякі Калесьнікавай ня мелі ніякай сувязі з Марыяй і навінаў ад яе зь сярэдзіны лютага 2023 году.

  • 7 верасьня 2020 году Марыю Калесьнікаву ў цэнтры Менску выкралі сілавікі. Яны адвезьлі Марыю, а таксама яе калегаў у штабе Івана Краўцова і Антона Раднянкова, на мяжу з Украінай і спрабавалі іх сілком выправадзіць з краіны. Калесьнікава адмовілася пакідаць Беларусь: яна парвала пашпарт, выскачыла з машыны і вярнулася на беларускі бок, дзе яе зноў затрымалі.
  • У верасьні 2021 году суд прыгаварыў Марыю Калесьнікаву да 11 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яе вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: змова з мэтай захопу ўлады; заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы; стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім. Яе і адваката Максіма Знака судзілі за зачыненымі дзьвярыма. Праваабаронцы прызналі Марыю Калесьнікаву палітзьняволенай.
  • У лістападзе 2022 году Калесьнікавай зрабілі экстраную апэрацыю ў Гомельскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі, куды яе даставілі ў цяжкім стане. У палітзьняволенай дыягнаставалі пэрытаніт (запаленьне брушыны), які стаў ускладненьнем прабадной язвы. Тады ж яна апошні раз бачылася з бацькам — ён наведаў яе ў мэдчастцы. Пасьля гэтага Калесьнікава знаходзілася ў рэжыме інкамунікада больш за паўтара года.
  • 23 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію брытанскаму журналісту Стывэну Розэнбэргу сказаў, што гатовы разгледзець магчымасьць памілаваньня палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, калі паступіць такая просьба, і заявіў, што яе сям'я, магчыма, ня хоча сустрэцца зь ёю. Сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч зьняпраўдзіла заявы Лукашэнкі, што сям’я Марыі нібыта ня хоча зь ёю сустрэцца, і сказала, што пасьля гэтых заяваў сям'я зноў будзе дамагацца спатканьня зь ёю, хоць усе папярэднія спробы скончыліся няўдала.
  • Рамана Пратасевіча затрымалі разам з Соф’яй Сапегай 23 траўня 2021 году ў выніку арганізаванай беларускімі ўладамі вымушанай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. У траўні 2023 году Пратасевіча, які пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам, асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, але ўжо 22 траўня 2023 году Лукашэнка яго памілаваў. Пасьля затрыманьня Пратасевіч неаднойчы ўдзельнічаў у перадачах дзяржаўных тэлеканалаў і даваў інтэрвію, у тым ліку гендырэктару АНТ, прапагандысту Марату Маркаву і расейскай журналістцы Ксеніі Сабчак, вёў этэры з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам. 26 верасьня Пратасевіч у этэры праграмы Маркава заявіў, што гатовы выступіць пасярэднікам паміж дзяржавай і беларусамі, якія зьехалі за мяжу з прычыны палітычнага перасьледу і хацелі б вярнуцца ў Беларусь, але баяцца адказнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG