Пра прысуд берасьцейцу Віталю Чопіку паведаміў тэлеграм-канал абласнога ўпраўленьня ГУБАЗіКа «Первый рубеж», які назваў асуджанага «агентам», а праваабаронцаў абвінаваціў у тым, што «Вясна» нават нічога не напісала пра «свайго чалавека, які забясьпечваў іх інфармацыяй на сыстэматычнай аснове». Цяпер, на думку сілавікоў, «завэрбаваць новых ахвяраў, якія будуць хадзіць у суды і прадастаўляць інфармацыю экстрэмісцкім фармаваньням, будзе вельмі складана», піша «Первый рубеж».
Афіцыйна пракурор Генадзь Буры абвінаваціў Чопіка ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4) і ў «арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках» (артыкул 342 КК). Судзьдзя Яўген Брэган абвясьціў, што робіць працэс закрытым, абгрунтаваўшы гэта тым, што агучаныя на ім зьвесткі могуць пашкодзіць міліцыянтам, якія фігуруюць у справе. Маўляў, апублічацца іх асабістыя дадзеныя, тлумачыць у размове са Свабодай загадчык берасьцейскай абласной філіі «Вясны» Ўладзімер Вялічкін.
«Калі б у суду была трывалая доказная база, былі б сьведкі, рэчавыя доказы — не было б патрэбы рабіць працэс закрытым. А паколькі доказная база больш чым слабая, суд зрабілі закрытым.
Калі затрымлівалі Чопіка, яго вельмі моцна зьбілі, нават вазілі ў шпіталь. І, магчыма, пад катаваньнямі ён сам сябе агаварыў. А ў судзе ён мог заявіць, хто канкрэтна яго зьбіваў. Падазраю, што яму прызначылі пакараньне ня шляхам накладаньня аднаго пакараньня на другое, а шляхам складаньня. І засадзілі на 7 гадоў, каб схаваць усе сьляды надоўга», — перакананы Ўладзімер Вялічкін.
Рабочы на заводзе, аматар футболу
Віталь Чопік нарадзіўся ў 1983 годзе ў Берасьці. Быў рабочым на розных берасьцейскіх прадпрыемствах. Як расказалі Свабодзе знаёмыя асуджанага, з родных у Чопіка была толькі маці, якая нядаўна памерла.
Вядома таксама, што Віталь захапляўся футболам. З 2014 па 2020 год гуляў у розных камандах Берасьцейскай аматарскай лігі па міні-футболе, быў заўзятарам берасьцейскага «Дынама». На суды па палітычна матываваных справах Віталь Чопік пачаў хадзіць з 2020 году. У сьнежні 2021 году дома ў Віталя сілавікі правялі першы ператрус.
У верасьні 2022 году Чопіка затрымалі нібыта за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны ў ягонай кватэры. Як вядома праваабаронцам, тады ў будынку суду сілавікі завялі Віталя ў асобны пакой, дзе зьбілі і пагражалі больш жорсткімі наступствамі, калі ён не перастане хадзіць на палітычна матываваныя працэсы.
12 сакавіка 2024 году Віталя зноў затрымалі сілавікі з ГУБАЗіК, якія апублікавалі скрыншоты перапіскі, дзе Чопік пібыта абмяркоўваў з праваабаронцамі дэталі сваёй супрацы. Праваабаронцы назвалі апублікаваныя скрыншоты падробкай. Пасьля таго затрыманьня Віталь Чопік трапіў у шпіталь хуткай дапамогі са сьлядамі зьбіцьця.
«Віталя Чопіка адвольна затрымалі за абсалютна законную дзейнасьць. Канстытуцыя Беларусі (артыкул 114) і Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 14, абавязковы да выкананьня Беларусьсю) — замацоўваюць права на адкрытае судовае паседжаньне», — перакананая юрыстка «Вясны» Тацяна, якая не называе свайго поўнага імя зь меркаваньняў бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БТ паказалі затрыманых, якія хадзілі на суды і паведамлялі праваабаронцам вынікі«Эмпатычны чалавек, заўсёды з усьмешкай»
Пасьля затрыманьня ў сакавіку 2024 году Віталя Чопіка асудзілі паводле артыкула 24.3 КаАП за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі на 15 сутак, аднак пасьля іх адбыцьця ён на свабоду больш ня выйшаў. У красавіку на дзяржаўным тэлеканале ОНТ паказалі фільм «ГУБАЗіК прыйшоў да „Вясны“». У ім расказвалася, як байцы спэцатраду «Шторм» затрымалі «праваабаронцаў-экстрэмістаў» Аляксандра Вайцешыка з Баранавічаў, Аляксандра Рамановіча зь Пінску і Віталя Чопіка зь Берасьця.
У фільме выкарыстаныя апэратыўныя здымкі допыту Чопіка, дзе ён сядзіць да аб’ектыву сьпінаю. Праваабаронцы мяркуюць, што такім чынам сілавікі хавалі сьляды зьбіцьця актывіста. У стужцы паказалі кадры жорсткага затрыманьня ня толькі Чопіка, але і дваіх ягоных сяброў — мужчыны і жанчыны. У відэа паказана, як брыгада АМАПу ў поўнай экіпіроўцы з аўтаматамі выбівае дзьверы ў кватэру, кладзе людзей на падлогу тварамі ўніз, на заламаныя за сьпіну рукі ім чапляюць кайданкі.
«Чалавек вельмі эмпатычны, ён заўсёды дапамагаў людзям, не чакаючы нічога наўзамен. У яго проста абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Віталю адпомсьцілі за тое, што ён ходзіць на суды, каб расказаць праўду, як фальсыфікуюцца палітычна матываваныя справы», — расказвае Свабодзе сябар Віталя Чопіка, які дзеля бясьпекі не называе свайго імя.
«Пастаянна адчуваў, што не вярнуся дадому»
Пасьля падзей жніўня 2020 году і пачатку палітычна матываваных судовых працэсаў праваабаронцы, юрысты і валянтэры пачалі фіксаваць на іх парушэньні і публікаваць справаздачы з паседжаньняў. Жорсткі ціск на наведнікаў такіх працэсаў пачаўся амаль адразу, кажуць праваабаронцы.
Прыкладам, назіральніцу затрымалі на працэсе над кіраўніцтвам «Вясны» на пачатку 2023 году. На суд па справе Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча з Масквы прыляцелі Кацярына Яньшына і Алег Арлоў з «Мэмарыялу». Пасьля першага паседжаньня Кацярыну затрымалі. Суд над ёй праходзіў праз скайп — судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Тацяна Матыль абвінаваціла праваабаронцу ў дробным хуліганстве і прызначыла 15 сутак за тое, што нібыта тая лаялася на тэрыторыі РУУС. Пасьля вызваленьня Яньшыну дэпартавалі ў Расею і забаранілі ёй уезд у Беларусь на 10 гадоў.
Грамадзкі актывіст Сяргей Мельянец рэгулярна наведваў палітычна матываваныя судовыя працэсы да сакавіка 2024 году. Мельянец расказвае, што на ўваходзе ў будынак суду ў яго заўсёды перапісвалі пашпартныя дадзеныя і пільна яго надглядалі.
«Пастаянна адчуваў трывогу, што пасьля суду не вярнуся дадому. Так адбылося 19 сакавіка, калі я пайшоў на суд да журналіста Ігара Карнея. Хацеў паслухаць абвінавачаньне і пасьпець яшчэ на суд музыкаў з гурту Nizkiz. Паказаў Ігару ў клетцы знак малітвы. Калі выходзіў з залі, мяне затрымалі супрацоўнікі КДБ, надзелі кайданкі і вывелі праз чорны ўваход, павезьлі ў РУУС. У маім Інстаграме знайшлі карцінку і верш „Пахне чабор“ — нібыта я правёў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства сярод сваіх падпісчыкаў. Спачатку далі 15 сутак, але ня выпусьцілі, дадалі яшчэ два тэрміны арышту», — расказвае Мельянец.
Пасьля вызваленьня Сяргей Мельянец зьехаў зь Беларусі разам з жонкай і семярымі дзецьмі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі «палітычных» спраў, адзінкавыя — за забойствы. Чым цяпер занятыя абласныя суды«Судам ёсьць што хаваць»
На думку юрысткі «Вясны» Тацяны, зьявы, якія назіраюцца на судовых працэсах Беларусі, адлюстроўваюць стан усёй судовай сыстэмы краіны.
«Менавіта таму, што судам ёсьць што хаваць, улады дэманструюць, што яны гатовыя перасьледаваць нават тых, хто імкнецца хаця б сьведчыць несправядлівасьць, якая адбываецца ў судовых залях. А злачынствы супраць чалавечнасьці і непрыхаваныя парушэньні правоў патрабуюць цішыні. Лукашэнкаўская ўлада карае наўпрост усіх, хто дэманструе эмпатыю і падтрымку тым, каго несправядліва перасьледуюць», — мяркуе праваабаронца.
Суразмоўца дадае, што ў дэмакратычных краінах назіральнікі высока цэняцца, бо яны кантралююць, як судзьдзі выконваюць свае абавязкі і прытрымліваюцца вяршэнства права.
«Менавіта прысутнасьць назіральнікаў і можа сьведчыць пра тое, што суды сапраўды адкрытыя для грамадзкасьці і ім няма чаго хаваць. Суды павінны быць падсправаздачныя грамадзкасьці, праводзіць належную прававую працэдуру, гарантаваць людзям справядлівы разгляд справы», — перакананая праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўжо 19 іншаземцаў асудзілі за «агентурную дзейнасьць». Хто гэтыя людзі? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можна падумаць, рэпрэсіі спыніліся». Праваабаронцы заўважылі новую тактыку ўладаў у асьвятленьні барацьбы з палітычнымі апанэнтамі