Сілавыя структуры і суды прыкладна пасьля 30 кастрычніка замаўчалі пра рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў. У дзяржаўнай прэсе калі і пішуць пра палітычны перасьлед, то выключна ў рэчышчы «памілаваньняў» і «гуманных крокаў» з боку Лукашэнкі. Тым часам праваабаронцы «Вясны» палічылі, што па некалькіх хвалях «памілаваньняў» з 3 ліпеня з калёній выйшлі 178 палітвязьняў. За гэты ж пэрыяд «Вясна» прызнала палітычнымі зьняволенымі 223 чалавек.
Зноў судзяць у РАУСах
Свабодзе стала вядома, што ў лістападзе ў Гомлі было некалькі хваляў затрыманьняў. Апошняя адбылася 27 лістапада. Затрымлівалі былых палітвязьняў, пэнсіянэраў, людзей з анкалягічнымі захворваньнямі, былых актывістаў недзяржаўных арганізацый, якія спынілі любую сваю дзейнасьць яшчэ ў 2020–2021 годзе. Нехта зь іх трапіў у ізалятар часовага ўтрыманьня па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў), некаторыя — у гомельскі СІЗА па падазрэньні ў крымінальным злачынстве. Па інфармацыі Свабоды, некаторымі затрыманымі зацікавіўся КДБ.
Некаторых арыштаваных на пачатку лістапада «на суткі» не выпускаюць пасьля адбытага тэрміну. Іх судзяць паўторна і пакідаюць у ізалятарах.
«Раней былі выпадкі, калі міліцыянты, не знайшоўшы „экстрэмізму“ ў тэлефоне, самі падпісвалі чалавека на які-небудзь канал і з такімі „доказамі“, скрыншотам падпіскі ішлі ў суд. Цяпер жа быў выпадак, калі міліцыянт нават не даваў у судзе ніякіх доказаў, нават скрыншоту. Проста вусна засьведчыў, што нешта там забароненае бачыў у тэлефоне затрыманага», — расказаў Свабодзе чалавек, які быў затрыманы ў лістападзе.
Затрыманых у Гомлі зноў пачалі судзіць у будынках РАУС, іх ня возяць у суды. Пра гэта расказалі Свабодзе нядаўна асуджаныя.
«Прывезьлі адразу чалавек 15 у РАУС і «прапусьцілі» праз судовы канвэер. «Палітычным — „суткі“, алькаголікам штрафы ці мінімальныя 5 сутак», — кажа адзін з суразмоўцаў.
Як заўважыла Свабода, мясцовы гомельскі рэгіянальны тэлеграм-канал, зьвязаны з ГУБАЗіК, а таксама агульнарэспубліканскі перасталі выкладваць так званыя «пакаяльныя відэа». Апошні падобны ролік быў апублікаваны 30 кастрычніка. Дагэтуль іх публікавалі некалькі разоў на тыдзень.
Свабодзе вядомыя як мінімум 6 выпадкаў, калі людзей затрымалі і асудзілі на «суткі», але іх прозьвішчы не зьяўляліся ў раскладзе судоў.
«Можна падумаць, што рэпрэсіі спыніліся. Але гэта ня так! Калі ў мяне аднаго за адзін дзень схапілі сябра, сына суседа і гэтак далей. Пра якое спыненьне рэпрэсій можна гаварыць?» — дадаў суразмоўца Свабоды.
«Мы ведаем, што адбываецца ў рэгіёнах»
Праваабаронца Алена Масьлюкова пацьвярджае, што сапраўды на канале сілавікоў каля месяца не зьяўляюцца так званыя «пакаяльныя відэа». Але, па словах праваабаронцы, гэта ня можа сьведчыць пра спыненьне рэпрэсій.
«Рэпрэсіўная машына не спыняецца і бярэ аднекуль рэсурсы, імкнецца „зачысьціць“ нават тое, што не падлягае разуменьню», — кажа Масьлюкова.
Праваабаронца пацьвярджае, што ў раскладзе судоў практычна няма паседжаньняў па справах аб «распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў».
«Тым ня менш ім ня ўдасца схаваць свае злачынствы. Мы, праваабаронцы, ведаем, што адбываецца як у рэгіёнах, так і па Беларусі. Мы цяпер працуем, як мэдыкі, у рэжыме „не нашкодзь“. Таму таксама шмат якой інфармацыі ня робім публічнай, каб не нашкодзіць людзям», — патлумачыла Алена Масьлюкова.
На думку праваабаронцы, тактыку схаваных рэпрэсій улада прыняла ў сувязі з выбарчай кампаніяй.
«Рэпрэсіі зьвязаныя з запалохваньнем людзей, каб разьвесьці грамадзтва па розных пакоях, кутках, каб людзі баяліся патэлефанаваць адзін аднаму, зрабіць грашовы перавод, дапамагчы іншаму. Хаваюць рэпрэсіі, каб напярэдадні выбараў «не бударажыць народ», — кажа суразмоўца.
«Сілавікі не глядзяць — хто перад імі, старыя, хворыя, шматдзетныя бацькі. Ім важна зрабіць плян, атрымаць прэміі і зорачкі на пагоны. Гэта людзі, якія фактычна пазбаўленыя разуменьня, што ёсьць закон, ёсьць чалавечае сумленьне. Яны думаюць, што пра іх злачынствы ніхто ня ведае, што яны ня будуць пакараныя», — падсумавала праваабаронца.
Форум