За дзень у абласным судзе толькі два працэсы, і абодва палітычныя
Гомельскі абласны суд у пэўныя дні тыдня разглядае толькі скаргі на пастановы раённых судоў. У іншыя дні — крымінальныя справы першай інстанцыі. Звычайна ў кампэтэнцыі такога суду цяжкія справы. Гэта забойствы, карупцыя, злачынствы на сэксуальнай глебе, арганізаваныя злачынныя групы. У тым ліку ў продажы наркотыкаў і іншае.
Паводле афіцыйнага раскладу, з 9 па 18 верасьня гэтага году Гомельскі абласны суд разглядае ў першай інстанцыі 10 палітычных крымінальных спраў.
Напрыклад, 9 верасьня Гомельскі абласны суд у першай інстанцыі разглядаў толькі адну справу за дзень. Гэта справа маці былога палітвязьня Дзяніса Давыдуліна са Жлобіна. Шматдзетную маці (у Натальлі Давыдулінай пяцёра дзяцей. — РС) затрымалі падчас рэйду сілавых органаў 23 студзеня 2024 году. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (часткі 1 і 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу). Яе сына Дзяніса затрымалі ў 2021 годзе, тады ж асудзілі на паўтара года калёніі за ўдзел у пратэстах.
10 верасьня ў Гомельскім абласным судзе прайшло 5 разглядаў крымінальных спраў. Зь іх чатыры за «палітыку» і адно забойства.
Адзін з працэсаў тычыцца хадайніцтва аб спагнаньні працэсуальных выдаткаў з Анатоля Кірэйчыка. Гэта 74-гадовы палітзьняволены пэнсіянэр з Хойнікаў, якога асудзілі на 3 з паловай гады калёніі.
Другі працэс ідзе ў дачыненьні Дзьмітрыя Цімашкова. Яго абвінавацілі паводле шэрагу палітычных артыкулаў. Гэта «гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненьні службовай асобы», «паклёп на прэзыдэнта», «арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», «распальваньне варожасьці». Цімашкову пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Столькі ж гадоў пазбаўленьня волі пагражае прадпрымальніцы з Гомля Алене Мохаравай. Яе затрымалі ў сакавіку 2024 году за камэнтар з нагоды тэракту ў маскоўскім «Крокус Сіці». Цяпер вядома, што прадпрымальніцу судзяць за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «распальваньне варожасьці».
Таксама паводле палітычных артыкулаў 10 верасьня судзілі Яўгена Кузьняцова — за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і «распальваньне варожасьці».
11 верасьня Гомельскі абласны суд разглядаў дзьве крымінальныя справы, абедзьве палітычныя.
Дзьмітрыя Сідарэнку судзяць паводле артыкулаў «Паклёп на прэзыдэнта», «Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», «Распальваньне варожасьці». За абразу Лукашэнкі, паклёп на Лукашэнку і распальваньне варожасьці судзяць і Аляксандра Даманцэвіча.
12 верасьня ў Гомельскім абласным судзе адзіны працэс. Судзяць Алену Коршунаву, за «распальваньне варожасьці».
17 і 18 верасьня ў раскладзе суду па адной справе, і абедзьве яны палітычныя. 18 верасьня судзяць за «паклёп» на Лукашэнку і «распальваньне варожасьці» Віталя Жалязнякова, 19 верасьня па аналягічных артыкулах судзяць Мікалая Дземчанку.
Закрыты рэжым, «здрада дзяржаве»
Берасьцейскі абласны суд у пэрыяд з 9 па 18 верасьня заняты ў асноўным разглядам скаргаў — апэляцыйных і касацыйных.
На 17 верасьня ў першай інстанцыі тут адзін працэс, і той палітычны. За «здраду дзяржаве» будуць судзіць былога міліцыянта з Кобрыні Дзьмітрыя Ператолчына. Сутнасьць абвінавачаньня невядомая, працэс закрыты.
18 верасьня ў Брэсцкім абласным судзе два працэсы, адзін зь якіх палітычны. Судзяць Алу Дзясяцік. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», «абразе прэзыдэнта», «абразе прадстаўніка ўлады», «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў», «удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», «паклёпе» на Лукашэнку. Дзясяцік пагражае да 7 гадоў.
У абласным судзе ў Горадні, апроч касацыйных і апэляцыйных скаргаў, 16 верасьня разглядаюць справу за «здраду дзяржаве» ў дачыненьні Ігара Бацяна, былога дырэктара шклозаводу «Нёман». Суд закрыты.
У Магілёўскім абласным судзе 16 верасьня адзін працэс. Судзяць 19-гадовага Данілу Гарасіма за «ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні ці канфлікце», «здраду дзяржаве» і «незаконныя дзеяньні ў дачыненьні зброі». Гарасіма паказвалі ў сюжэце прапагандысцкага фільму. Там сьцьвярджалася, што Даніла хацеў трапіць у полк Каліноўскага. Але, пэўна, напісаў у фальшывы бот. Там яму далі «заданьне» — зрабіць фота ракетна-артылерыйскай брыгады і перадаць прыладу для вывядзеньня са строю цягнікоў актывістам руху «Супраціў». За хлопцам сачылі.
18 верасьня ў абласным судзе два працэсы, адзін зь якіх у дачыненьні да Максіма Хвашчынскага. Яго затрымалі ў лютым 2024-га па вяртаньні з Польшчы і абвінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім» і «паклёпе» на Лукашэнку.
У Віцебскім абласным судзе 10 верасьня прайшоў адзіны суд першай інстанцыі, за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці». У гэтым абвінавацілі Аляксея Галыню.
11 верасьня тут ішлі два працэсы: адзін за забойства, другі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «праходжаньне навучаньня да ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці». Паводле палітычных артыкулаў судзяць Аляксея Кісялёва, былога інспэктара сэктару спорту і турызму Верхнядзьвінскага райвыканкаму. Яго затрымалі ў межах справы «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі».
12 верасьня ў Віцебскім абласным судзе два працэсы, і абодва палітычныя. Аляксандра Трацэнку судзяць за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Вядомую палітзьняволеную, ужо асуджаную Вольгу Брыцікаву судзяць зноў, цяпер за «заклікі да санкцый», «распальваньне варожасьці», «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
17 верасьня адбудзецца адзіны суд першай інстанцыі. І гэта зноў палітычны працэс. Яўгена Сьцяпанава будуць судзіць за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня».
«Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» ў Менску
Менскі абласны суд таксама займаецца пераважна палітычнымі справамі. 12 верасьня тут адзіны суд першай інстанцыі — за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» ў дачыненьні Іны Плахатнюк.
16 верасьня тут заплянавана два працэсы, і абодва палітычныя. Будзе працэс, зьвязаны зь «іншымі пытаньнямі, датычнымі прывядзеньня прысуду» ў дачыненьні палітвязьня Эдуарда Бабарыкі. Таксама заплянавы суд над Аленай Бобр за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». За тое ж будуць судзіць 18 верасьня Ірыну Клязовіч (гэта адзіны працэс за дзень) і Тацяну Шапуцьку (суд над ёй адбудзецца 23 верасьня).
У Менскім гарадзкім судзе на 11 верасьня прызначана пяць працэсаў першай інстанцыі. Сярод іх тры палітычныя. Натальлю Зайцаву судзяць за «распальваньне варожасьці». Яўгена Пугача, Тацяну Марыніч і Анастасію Хамянкову судзяць за «заклікі да санкцый», «нявыплату падаткаў», «злоўжываньне ўладай», «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», «распальваньне варожасьці», «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці», «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным канфлікце, вэрбаваньне ці падрыхтоўка да яго», «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», «змову з мэтай захопу ўлады».
Ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.
Яўген Пугач — прадстаўнік менскага стартап-хабу «Імагуру», ён пад вартай зь ліпеня 2023 году. Тацяну Марыніч і Анастасію Хамянкову будуць судзіць завочна.
Таксама 11 верасьня Менскі гарадзкі суд разгледзеў справу гісторыка Ігара Мельнікава за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
12 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе — два працэсы першай інстанцыі, абодва палітычныя, за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «заклікі да санкцый».
16 верасьня тут жа заплянаваныя тры працэсы ў першай інстанцыі, зь іх два палітычныя, за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», «заклікі да санкцый», «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». 18 верасьня ў судзе два слуханьні крымінальных спраў, адна зь якіх — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
19 верасьня гарадзкі суд у першай інстанцыі разглядае толькі дзьве справы, і абедзьве — за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
23 верасьня ў судзе тры справы, усе палітычныя, у тым ліку будзе разгляд крымінальнай справы за выбух на аэрадроме ў Мачулішчах. Сярод фігурантаў — украінец Мікалай Швец (ён ужо ва Ўкраіне, куды трапіў у межах абмену палоннымі. — РС) і былы кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў.
26 верасьня суд разгледзіць дзьве палітычныя справы: за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Новыя склады злачынстваў
Былы судзьдзя Міхаіл (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) патлумачыў Свабодзе, што, паводле артыкулу 268 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, абласным і Менскаму гарадзкому судам падсудныя крымінальныя справы пра злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва, злачынствы супраць дзяржавы, а таксама злачынствы, за якія пагражае сьмяротнае пакараньне. У частцы 32 Крымінальнага кодэксу прапісаны злачынствы супраць дзяржавы, куды ўваходзяць і злачынствы так званай экстрэмісцкай накіраванасьці.
«Гэта фармальная прычына, чаму абласныя суды разглядаюць такія справы па першай інстанцыі», — зазначыў былы судзьдзя.
Чаму цяпер у судах на адно забойства — пятнаццаць «экстрэмісцкіх» злачынстваў? Міхаіл кажа, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс ствараўся ў 90-х, тады гэтым займалася экспэртная навуковая супольнасьць. Яна стварала ідэю, укладала структуру. Кодэксы былі напісаныя так, што асабліва важныя злачынствы былі аддадзеныя па падсуднасьці ў вышэйшы суд як больш кампэтэнтны. Напрыклад, абласны.
Паводле былога судзьдзі, пасьля 2020 году стваральнікі законаў дабавілі новыя склады злачынстваў, якія б аблягчалі працу сілавікам. У гэтым выпадку — барацьбу з іншадумствам.
«Гэтая вось „экстрэмісцкая“ дзейнасьць, яна па факце такой не зьяўляецца. Гэта прыцягнуты за вушы „гумавы склад злачынства“, які вельмі зручна выкарыстоўваць. А ён тэарэтычна трапляе ў разьдзел злачынстваў „супраць дзяржавы“, які да гэтага быў унесены як асобная падсуднасьць абласным судам», — лічыць Міхаіл.
Ён мяркуе, што гэта адбылося па інэрцыі, органам трэба было такі склад злачынства дадаць, ён нікуды не падыходзіў, вось і ўключылі ў разьдзел «супраць дзяржавы». Потым ужо зразумелі, што такія справы давядзецца разглядаць абласным судам. Атрымалася, што абласныя суды цяпер заваленыя гэтымі так званымі «экстрэмісцкімі» справамі.
Міхаіл лічыць, што наўрад ці супрацоўнікі абласных судоў задаволеныя такой сытуацыяй, бо аб’ём нагрузкі на іх значна вырас. Былы судзьдзя бачыць плюс для ўлады ў такой сытуацыі.
«Гэта паляпшае кантроль. Бо адбор па ляяльнасьці ў другую інстанцыю — абласны суд — нашмат вышэйшы, чым у першую інстанцыю. У абласны суд больш суровы адбор», — зазначыў ён.
Чаму на аднаго чалавека цяпер навешваюць па 5-7 крымінальных спраў? Былы судзьдзя лічыць, што сілавікі могуць мець справаздачнасьць па гэтых справах, таму за кошт колькасьці спраў паляпшаюць якасьць — паказваюць сваю эфэктыўнасьць. Да «асноўнага складу злачынства» яны дадаюць яшчэ некалькі, каб, калі будзе блага з доказамі, такім чынам «падстрахавацца».
«Змагаюцца за колькасьць, калі гаворка ідзе пра справаздачнасьць», — дадаў Міхаіл.
Рэпрэсіі як машына
Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка кажа, што напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2025 году ўсё будзе скіраванае на зьнішчэньне таго, што не падпарадкоўваецца ці не кантралюецца ўладай. Пра гэта сьведчыць і расклад абласных судоў.
Праваабаронца ўспамінае, што ў 2021 годзе такія справы (ён таксама тады быў асуджаны на 3 гады. — РС) разглядаў раённы суд. Цяпер — толькі абласны.
«Пасьля абласнога абскарджваць можна толькі ў Вярхоўным. Так яны перастрахаваліся, каб людзі былі пазбаўленыя магчымасьці падаць касацыю. Такім чынам, працэсамі ў абласных судах яны адрэзалі людзей ад касацыйнай праверкі, будзе толькі апэляцыя і наглядная скарга», — лічыць Судаленка.
Ён нагадаў, што ГУБАЗіК ствараўся для барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. «Але яе як такой цяпер няма, бо цяпер арганізаваная злачыннасьць — гэта ўлада. Але супрацоўнікі ГУБАЗіКу не чапаюць улады, таму пачалі перасьледаваць цывільнае насельніцтва», — зазначыў праваабаронца." у
Ён дадаў, што супрацоўнікі ГУБАЗіКу прыйшлі на заводы, прадпрыемствы, «цягнуць адтуль рабацяг, якія па сваёй наіўнасьці паставілі недзе ня там «лайк» у «Аднаклясьніках», прыйшлі да інтэлігенцыі і нават дзяржаўных службоўцаў.
Судаленка ня думае, што ў Беларусі спыніліся забойствы, карупцыя, продаж наркотыкаў. Але ўвага органаў адцягнутая на «экстрэмізм», таму так шмат працэсаў у судах за «палітыку».
«У нашай краіне, як той казаў, „часам не да законаў“. Рэпрэсіі цяжка спыніць, гэта як машына, якая завялася і едзе. Гэтая сытуацыя — як дзьверы, якія круцяцца ў краме. Адны людзі заходзяць, іншыя выходзяць. Па „памілаваньні“ выпусьцілі, скажам, 30 чалавек, схапілі яшчэ больш», — дадаў праваабаронца.
Форум