Незалежнасьць цаной страты пятай часткі тэрыторыі. Ці застаецца надзея на тое, што Ўкраіна верне акупаваныя землі

Радаслаў Сікорскі, Уладзімір Зяленскі, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін. Ілюстрацыйны каляж

Усё больш прыкметаў таго, што вайна ва Ўкраіне неўзабаве можа спыніцца. Ня так, як марылі ўкраінцы. І ня так, як разьлічвалі расейцы.

Украіна адстаяла незалежнасьць, але дарагой цаной — хутчэй за ўсё, стратай значнай часткай тэрыторый, якія кантралюе Расея. Ці ўдасца ў пэрспэктыве вярнуць страчанае? І якія ўрокі можа вынесьці з гэтай драматычнай гісторыі Беларусь?

Сьцісла:

  • Абодва бакі збройнага супрацьстаяньня зьнясіленыя і вычарпаныя амаль трыма гадамі цяжкіх крывавых баёў. Вайна можа спыніцца проста таму, што не стае сілаў: адным — захопліваць новыя тэрыторыі, другім — адбіваць захопленае.
  • Крыўды і папрокі Кіева на адрас саюзьнікаў сьведчаць пра тое, што кожная краіна дбае пра ўласную бясьпеку найперш і значна болей, чым пра бясьпеку любой іншай дзяржавы — нават блізкай, нават саюзнай.
  • Расея ў вайне з Украінай паступова расходуе свой ваенны патэнцыял, слабее эканамічна, апустошвае арсэналы, сутыкаецца з усё большымі праблемамі з кадравымі вайскоўцамі. Складана ўявіць, што яна ў такім стане адразу пасьля ўкраінскай авантуры наважыцца на новую агрэсію супраць якой-небудзь з краін NATO.
  • Праводзячы татальную русыфікацыю на захопленых украінскіх тэрыторыях, Масква дамагаецца таго, каб празь некалькі гадоў (а тым больш дзесяцігодзьдзяў) там не засталося ніякай нацыянальнай базы, ніякага ідэйнага падмурку для таго, каб дамагацца ўзьяднаньня з Украінай.

Зьняможаныя і вычарпаныя

Галасы тых украінскіх палітыкаў, якія ўльтыматыўна патрабавалі вяртаньня да межаў 1991 году, гучаць усё больш ціха і няўпэўнена. Вайна выдыхаецца. Абодва бакі зьнясіленыя і вычарпаныя амаль трыма гадамі цяжкіх крывавых баёў. І ўсё больш прыкметаў таго, што ўжо ў хуткай будучыні збройнае супрацьстаяньне выдыхнецца на той лініі, якая склалася на момант спыненьня агню. Ня толькі таму, што да ўлады ў Белым доме вяртаецца Дональд Трамп — вядомы прыхільнік хуткага згортваньня баявых дзеяньняў. А проста таму, што не стае сілаў: адным — захопліваць новыя тэрыторыі; другім — адбіваць захопленае.

Украінская ўлада спрабуе з апошніх сіл падахвочваць і падштурхоўваць заходніх саюзьнікаў да больш дзейснага ўдзелу ў вайне дзеля будучай украінскай перамогі. Гучаць завуаляваныя, а часам ужо і адкрытыя папрокі і крыўды — за тое, што дапамога і ня тая, і ня ў тых аб’ёмах, і не такая, як магла б быць. Адметныя ў гэтым сэнсе нядаўнія папрокі прэзыдэнта Зяленскага на адрас Польшчы, выказаныя ім падчас сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовага самакіраваньня ў Закарпацьці. Маўляў, Польшча адмаўляецца зьбіваць расейскія ракеты над украінскай тэрыторыяй і ня хоча перадаваць Украіне зьнішчальнікі МіГ-29, якія мае ў сябе на ўзбраеньні: «Прасілі Польшчу, каб абараняла хаця б Стрый, дзе ў нас сховішча газу. Украіна ня мае дастатковай колькасьці супрацьракетных сыстэм, каб абараніць гэтыя сховішчы. Ці пачалі палякі зьбіваць расейскія ракеты? Не!»

Зяленскі таксама выказаў крыўду наконт таго, што і свае МіГі Польшча магла б перадаць — а не перадала...

Грамадзкая думка ў Польшчы досыць хваравіта адрэагавала на гэтыя выказваньні Зяленскага. Дапамога Ўкраіне з боку Варшавы (асабліва ў першыя месяцы вайны) была большая, чым ад якой-небудзь іншай краіны (у суадносінах да ВУП). З боку асобных палітыкаў пачалі гучаць сустрэчныя абвінавачаньні ў няўдзячнасьці, у тым, што Кіеў спрабуе ўцягнуць Варшаву ў сваю вайну... Зрэшты, колькі-небудзь заўважным трэндам гэта ня стала. Афіцыйны адказ з вуснаў міністра замежных спраў Сікорскага прагучаў добразычліва, але цьвёрда: Польшча была і застаецца з Украінай, але МіГі перадаць ня можа («яны неабходныя самім для аховы ўласнай паветранай прасторы»). Што да зьнішчэньня сіламі СПА Польшчы расейскіх ракет над украінскай тэрыторыяй, то для гэтага патрэбна супольнае рашэньне краін NATO. Рашэньня такога, як вядома, няма.

«Магчыма, будзе нічыя»

Цяжка сказаць, наколькі ў Кіеве ўсё яшчэ спадзяюцца на тое, што ў пазыцыі Захаду раптам можа адбыцца пералом і зьдзейсьніцца чаканае ва Ўкраіне: пастаўкі новай сучаснай зброі шматкроць вырастуць, а Захад зробіць усё магчымае, каб ажыцьцявіць украінскі «плян перамогі». Хутчэй за ўсё, пасьля двух гадоў бясплённых чаканьняў надзеі на гэта засталося зусім няшмат. А папрокі і крыўды Зяленскага адрасаваныя ня столькі Захаду, колькі ўласнаму ўкраінскаму грамадзтву. Якое ўжо цяпер патрабуе тлумачэньняў за ўсё, што адбылося і адбываецца з Украінай. А падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, якая, відавочна, пачнецца адразу пасьля спыненьня баявых дзеяньняў, тэма адказнасьці за страту тэрыторый паўстане асабліва востра. Як будзе апраўдвацца ўлада? Найбольшы акцэнт, відавочна, будзе рабіцца на тое, што перамога была магчымая, але падвялі саюзьнікі — не апраўдалі спадзяваньняў, не дапамаглі як належала, падманулі чаканьні...

Горкая для Ўкраіны ісьціна: кожная краіна дбае пра ўласную бясьпеку найперш і значна болей, чым пра бясьпеку любой іншай дзяржавы — нават блізкай, нават саюзнай.

Лукашэнка, разважаючы падчас нядаўняй Менскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі пра магчымы вынік вайны, казаў, што «магчыма быць нічыёй, калі сёньня». І такі сцэнар выглядае зусім верагодным. Калі пад ім мець на ўвазе тое, што публіцы ўсё будзе пададзена так, што і Захад не прайграе (спыніць вайну), і Расея ня выйграе (ня дойдзе ні да Кіева, ні да Адэсы), і Ўкраіна не пацярпіць поўнай паразы (адстаіць сваю незалежнасьць). Але тэрыторыі пры гэтым, хутчэй за ўсё, страціць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі — заходнім лідэрам: Украіне патрэбная дастатковая колькасьць узбраеньняў, а не падтрымка ў перамовах

Ніхто не хацеў ваяваць

Ці магло здарыцца так, што Захад абраў бы іншую стратэгію — уцягнуўся б у вайну ва Ўкраіне так, як хацеў Кіеў: і зброю даў самую сучасную і ў вялікай колькасьці, і расейскія ракеты зьбіваў над украінскай тэрыторыяй, і ўласныя самалёты і нават пілётаў прыслаў? Бо і сапраўды ж: калі Расея дасягне сваіх мэтаў ва Ўкраіне, то што можа спыніць яе ад наступных агрэсіўных крокаў — у напрамку краін Балтыі і Польшчы? Тым ня менш гэты аргумэнт, на якім увесь час настойваў Кіеў, не спрацаваў. Чаму?

Захад, чуйна прыслухоўваючыся да грамадзкай думкі ўнутры сваіх краін, пазьбягае таго, каб з галавой акунацца ў вір вялікай вайны на эўрапейскім кантынэнце. Ніхто ня хоча гінуць за ўмоўныя Данбас ці Крым — нават дзеля высокіх ідэалаў. Прывід Трэцяй сусьветнай блукае па ўкраінскіх стэпах і няспынна нагадвае эўрапейцам пра драматычны і крывавы досьвед ХХ стагодзьдзя. Улетку 1914-га, калі Расея, а разам зь ёю Францыя і Вялікая Брытанія, каб заступіцца за маленькую пакрыўджаную Аўстра-Вугоршчынай Сэрбію, абвяшчалі ўсеагульную мабілізацыю, мала хто ўяўляў, якое полымя ў выніку шугане ва ўсім сьвеце і як несувымерна дорага давядзецца заплаціць за чыесьці дробязныя амбіцыі і крыўды. Паўтараць той досьвед Захад яўна ня хоча.

Расея паступова страчвае, выпрацоўвае, расходуе свой ваенны патэнцыял у вайне ва Ўкраіне, слабее эканамічна, апустошвае арсэналы, сутыкаецца з усё большымі праблемамі з кадравымі вайскоўцамі. Уявіць, што яна ў такім стане адразу пасьля ўкраінскай авантуры наважыцца на новую агрэсію супраць якой-небудзь з краін NATO, досыць складана. Міне не адзін год, перш чым страчаны ваенны патэнцыял удасца аднавіць. За гэты час многае можа зьмяніцца, у тым ліку і ў самой Расеі. Уласна, на гэта і разьлік.

Акупаваныя, але не прызнаныя

Пэўным суцяшэньнем, заспакаеньнем для грамадзкай думкі можа стаць тое, што ні Ўкраіна, ні Захад, відавочна, не прызнаюць анэксаваныя Расеяй тэрыторыі. Дзеці ва Ўкраіне будуць вывучаць геаграфію па мапах, на якіх украінская дзяржава ўключае і Крым, і Данбас, і азоўскае ўзьбярэжжа. Такія ж мапы і геаграфічныя атлясы будуць ва ўжытку на Захадзе. Але ў рэальнасьці ўсе будуць ведаць, што пяць колішніх украінскіх абласьцей на поўдні і ўсходзе Ўкраіны дэ-факта сталі часткай Расеі. Украінскаму грамадзтву пакінуць надзею, што калі-небудзь пры пэўным зьбегу гістарычных акалічнасьцяў яны могуць вярнуцца. Найбольш відавочны і аптымістычны прыклад на памяці сёньняшніх постсавецкіх пакаленьняў — лёс краін Балтыі.

У 60–70-я гады мінулага стагодзьдзя здавалася неверагодным і немагчымым, што калі-небудзь у агляднай гістарычнай пэрспэктыве Савецкі Саюз пагодзіцца на незалежнасьць «рэспублік савецкай Прыбалтыкі». Заўважым, Злучаныя Штаты і некаторыя іншыя заходнія краіны на працягу ўсіх пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў не прызнавалі савецкай анэксіі 1940 году, хоць і вымушаныя былі зь ёю мірыцца. Што адбылося потым, напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х, — агульнавядома. Ці ня можа здарыцца нешта падобнае і з акупаванай «Наваросіяй»?

Цешыцца такой надзеяй можна. Хоць у рэальнасьці шанцаў на тое будзе значна меней, чым у выпадку з краінамі Балтыі. Чаму?

Плюс татальная русыфікацыя

Пуцін зрабіў высновы з савецкага досьведу. Сталінскі СССР пасьля 1940 году, імкнучыся падсаладзіць горкую пілюлю страты незалежнасьці, пакінуў эстонцам, латышам і літоўцам досыць шырокую нацыянальна-культурную аўтаномію. І яны гэтым напоўніцу скарысталіся. Так, русыфікацыя праводзілася і там, але зусім не ў такіх маштабах, як, напрыклад, у Беларусі. Калі на пачатку 90-х адкрылася вакно магчымасьцей, усе тры балтыйскія рэспублікі былі фактычна цалкам гатовыя да абвяшчэньня незалежнасьці: мова, культура, нацыянальная сьвядомасьць, нават дзяржаўныя інстытуты — усё было падрыхтавана.

Нічога падобнага на анэксаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях не адбываецца. Усе пяць акупаваных рэгіёнаў уключаныя непасрэдна ў склад Расеі, на правах абласьцей — безь якой-небудзь хоць бы дэкаратыўнай нацыянальнай аўтаноміі накшталт Татарстану ці Буратыі. Ад самага пачатку там ажыцьцяўляецца палітыка жорсткай русыфікацыі.

Усё ідзе да таго, што празь некалькі год там не застанецца нічога ўкраінскага — ні школ, ні газэт, ні тэатраў, ні кніг на ўкраінскай мове. Працэс гэты будзе тым больш імклівым, што і гістарычна, яшчэ з часоў УССР, расейская мова ў тым рэгіёне дамінавала — нягледзячы на сьціплыя спробы ўкраінізацыі. Да таго ж Масква ўжо цяпер заахвочвае міграцыю на «вызваленыя» тэрыторыі з уласна расейскіх рэгіёнаў. Многія этнічныя ўкраінцы пакінулі і працягваюць пакідаць акупаваныя тэрыторыі. Зусім зразумела, чаго гэтым дамагаецца Масква: каб празь некалькі гадоў (а тым больш дзесяцігодзьдзяў) там не засталося ніякай нацыянальнай базы, ніякага ідэйнага падмурку для таго, каб дамагацца ўзьяднаньня з Украінай. Нічога з таго, што на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў падчас савецкай анэксіі сілкавала нацыянальныя сілы ў краінах Балтыі.

Вечных межаў не існуе

Спосаб можа быць зусім эфэктыўны і ўжо ня раз апрабоўваўся, у тым ліку ў савецкай гісторыі. Згадайма: падчас фармаваньня БССР яе стваральнікі, грунтуючыся на этнаграфічных мапах, прэтэндавалі на ўключэньне ў склад беларускай рэспублікі многіх раёнаў сёньняшніх Смаленскай, Бранскай, Пскоўскай абласьцей, дзе панавалі беларускія гаворкі. Сёе-тое атрымаць удалося, але многія раёны, дзе жылі пераважна беларусы, апынуліся ў складзе РСФСР. Безь беларускіх школ, культурных асяродкаў, СМІ... У выніку за мінулыя сто год на тых тэрыторыях не засталося амаль ніякіх сьлядоў беларускасьці.

Шматлікія развагі Пуціна пра незалежнасьць, якую нібыта падараваў былым імпэрскім ускраінам Ленін, дастаткова выразна паказваюць, што ён імкнецца зрабіць з усімі тэрыторыямі, якія яму ўдалося і яшчэ ўдасца вярнуць ва ўлоньне новай Расейскай імпэрыі. Была б ягоная воля — і на месцы сёньняшніх балтыйскіх дзяржаў зноў зьявіліся б, як за царызмам, чатыры расейскія губэрні: Ковенская, Курляндзкая, Ліфляндзкая ды Эстляндзкая. Дый Лукашэнку ён неяк ужо прапаноўваў увайсьці ў склад РФ шасьцю абласьцямі. І гучала гэта не зусім як жарт.

Зразумела, для ўкраінцаў страта 20 працэнтаў тэрыторыі краіны стала б вялікай нацыянальнай траўмай, якая доўга ня будзе загойвацца. Але з падобнымі стратамі ў не такой ужо далёкай гісторыі сутыкаліся многія эўрапейскія нацыі. Пакрысе неяк усе прызвычайваліся і да стратаў, і да новых межаў. Так, Фінляндыя прывыкла жыць без Паўднёвай Карэліі і бяз выхаду да Баранцавага мора; Польшча — бяз «Крэсаў Усходніх» (цяперашніх заходняй Беларусі і заходняй Украіны), Румынія — без Букавіны, Баўгарыя — без эгейскага ўзьбярэжжа... Усе дзяржаўныя межы — досыць рухомыя, яны рэдка існуюць на працягу стагодзьдзяў.

Для Беларусі і іншых постсавецкіх краін усё гэта наглядны ўрок — чаго чакаць ад распаду імпэрыі і як уберагчыся ад абломкаў, якія падчас абрынаньня гэтых імпэрый непазьбежна ўтвараюцца. І ўрок гэты пакуль што і не завершаны, і не засвоены.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўвогуле ня ўцягнуты ў гэты канфлікт». Навошта Лукашэнка імкнецца дыстанцыявацца ад пуцінскай вайны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы яшчэ ўбачыце, хто такі Пуцін». Як выжыць па суседзтве з агрэсіўнай імпэрыяй