Зяленскі падзякаваў партнэрам за падтрымку Ўкраіны, адзначыўшы пры гэтым, што для абароны патрэбная «дастатковая колькасьць узбраеньняў, а не падтрымка ў перамовах».
«Абдымкі з Пуціным не дапамогуць. Некаторыя з вас робяць гэта на працягу 20 гадоў, і гэта толькі пагаршае сытуацыю. Ён думае толькі пра войны і ня зьменіцца. Яго можа стрымаць толькі ціск», — сказаў ён.
Прэзыдэнт Украіны зьвярнуў увагу, што большасьць краін-удзельніц саміту падключыліся да дыпляматычнай працы, якая можа падштурхнуць Расею да справядлівага міру.
«Гэтая вайна ідзе на ўкраінскай зямлі. Украіна ўдзячная за падтрымку нашых партнэраў, мы адкрытыя для любых канструктыўных ідэй для дасягненьня справядлівага міру ў нашай краіне. Але Ўкраіна мае вырашыць, што павінна, а што не павінна быць на парадку дня, каб спыніць гэтую вайну», — дадаў ён.
Зяленскі таксама паўтарыў, што расплачвацца за агрэсію павінна Расея, а не Ўкраіна, каб пазьбегнуць далейшых тэрытарыяльных прэтэнзіяў Крамля «да ўсіх вакол — ад краінаў Балтыі да Балканаў».
Гаворачы пра ўступленьне Фінляндыі і Швэцыі ў NATO, Зяленскі заявіў, што лідэры Эўропы бачаць у Паўночнаатлянтычным альянсе гарантыі бясьпекі, і Ўкраіна «прыняла гэта да ведама».
Ён падзякаваў краінам, якія падтрымліваюць выкарыстаньне сродкаў з расейскіх актываў для абароны Ўкраіны ад расейскай агрэсіі. Пры гэтым украінскі прэзыдэнт зьвярнуў увагу на тое, што Расея па-ранейшаму абыходзіць санкцыі і забірае прыбытак ад продажу нафты для працягу вайны.
Гэта першы візыт Зяленскага ў Вугоршчыну з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
- 7 лістапада ў Будапэшце праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, падчас якога эўрапейскія лідэры абмяркоўваюць вынікі выбараў у ЗША і падтрымку Ўкраіны. У саміце бяруць удзел больш за 40 кіраўнікоў практычна ўсіх эўрапейскіх дзяржаваў (акрамя Беларусі і Расеі).
- Учора ўвечары Зяленскі паведаміў у сацсетцы Х, што паразмаўляў праз тэлефон з Дональдам Трампам, які перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Украінскі прэзыдэнт назваў размову «выдатнай», а перамогу Трампа — «гістарычнай» і «пераканаўчай». Па словах Зяленскага, ён дамовіўся з Трампам пра шчыльны дыялёг і разьвіцьцё супрацоўніцтва, а таксама падкрэсьліў важнасьць лідэрства ЗША «для справядлівага міру».
Форум