«Паказвае бесчалавечны характар рэпрэсіяў Лукашэнкі». У ЭЗ пракамэнтавалі сьмерць палітвязьня ў Беларусі

Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана

6 кастрычніка афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана пракамэнтаваў інфармацыю пра сьмерць у беларускай калёніі палітзьняволенага Дзьмітрыя Шлетгаўэра.

«Менш як празь месяц зьняволеньня Дзьмітры Шлетгаўэр стаў сёмым палітвязьнем, які памер за кратамі. Ён толькі што стаў бацькам. Гэта сумна і паказвае бесчалавечны характар рэпрэсіяў Лукашэнкі.

Каля 1300 палітвязьняў па-ранейшаму ўтрымліваюцца пад вартай у жахлівых умовах. Яны павінны быць неадкладна вызваленыя», — напісаў Пэтэр Стана ў сацыяльнай сетцы X і апублікаваў фатаздымкі беларускіх палітвязьняў, якія памерлі за кратамі.

Дзьмітры Шлетгаўэр — грамадзянін Расеі. Інфармацыя пра «таемны» суд над ім зьявілася ў канцы жніўня. Паведамлялі, што яго прызналі вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «шпіянажы» (арт. 358 КК) і прысудзілі 12 гадоў калёніі.

Пра сьмерць палітвязьня Дзьмітрыя Шлетгаўэра стала вядома на мінулым тыдні, ён памёр 11 кастрычніка. 22-гадовы палітзьняволены адбываў тэрмін у папраўчай калёніі № 15 у Магілёве.

З сацыяльных сетак стала вядома, што Дзьмітрыю было 22 гады. Ён нарадзіўся ў расейскім Слаўгарадзе. У 2018 годзе атрымаў беларускі ДНЖ. Хлопец працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасьці палімэрнай прадукцыі і ўпакоўкі.

6 лістапада знаёмы сям’і Шлетгаўэра расказаў «Люстэрку», што у пасьведчаньні аб сьмерці палітвязьня ўказаная прычына «мэханічная асьфіксія». Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах. «Кіраўніцтва калёніі не паведаміла родным Дзьмітрыя, што менавіта здарылася зь ім», — сьцьвярджае знаёмы сям’і Шлетгаўэра.

Раней ня менш як шасьцёра палітвязьняў памерлі за кратамі — у беларускіх турмах і калёніях. Гэта Аляксандар Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.

  • З 2020 году ў Беларусі з прычыны палітычнага перасьледу затрымалі каля 65 тысяч чалавек. Праваабаронцы зафіксавалі больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсіяў: ператрусаў, каротка- і доўгатэрміновых затрыманьняў, допытаў і інш. Вядома пра мінімум 6971 фігуранта крымінальных спраў.
  • Колькасьць прызнаных палітвязьняў у Беларусі за апошнія 4 гады вырасла ў 55,5 раза: 9 жніўня 2020 году іх было 25, цяпер — 1385. Больш за 2000 чалавек ужо маюць статус былых палітвязьняў.
  • Пяць чалавек загінулі падчас пасьлявыбарчых пратэстаў і затрыманьняў у Беларусі ў 2020 годзе. Гэта Аляксандар Віхор, Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка і Андрэй Зельцар.