Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна сьмерць палітвязьня за кратамі: у зьняволеньні памёр Ігар Леднік


Ігар Леднік, архіўнае фота
Ігар Леднік, архіўнае фота

У зьняволеньні на 64-м годзе жыцьця памёр былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадзкі актывіст і журналіст Ігар Леднік. Гэта пятая сьмерць палітвязьня за кратамі, пра якую дакладна вядома.

Пра сьмерць палітвязьня Ігара Ледніка паведаміла БСДП (Грамада). Прычынай сьмерці Ігара Ледніка называюць спыненьне сэрца. Мэдыкі спрабавалі яго рэанімаваць, аднак беспасьпяхова.

Ігар Леднік памёр у Менскай раённай лякарні, куды яго даставілі з Бабруйскай калёніі, дзе адбываў тэрмін, піша @BSDP_Hramada.

Ігара Ледніка затрымалі 12 красавіка 2022 году і асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле арт. 367 за нібыта паклёп на Лукашэнку ў ягонай публікацыі ў партыйным часопісе БСДП «Пазыцыя».

У турме стан яго здароўя істотна пагоршыўся, яму зрабілі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасьць 2-й групы з прычыны праблем з сэрцам.

Профіль Ігара Ледніка ў «Фэйсбуку» ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Як пішуць аднапартыйцы, Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі і лічыў, што Будапэшцкі мэмарандум быў парушаны ў Беларусі пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, што прывяло да ўсталяваньня ў Беларусі дыктатуры, збліжэньня яе з Расеяй і падрыву эўрапейскай бясьпекі ў рэгіёне.

У калёніях раней памерлі беларускія палітвязьні Вітольд Ашурак, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч.

Сьвятлана Ціханоўская ўсклала на ўлады адказнасьць за сьмерць палітвязьня Ігара Ледніка. Паводле яе слоў, калі пажылога актывіста адпраўлялі ў калёнію, улады цудоўна ведалі пра яго інваліднасьць. Імя Ледніка было ўключана ў «гуманітарны сьпіс» людзей, якіх трэба вызваліць па стане здароўя або з-за ўзросту.

Як судзілі Ледніка

6 верасьня 2022 судзьдзя Тацяна Шоцік вынесла Ледніку вырак: пазбаўленьне волі тэрмінам на 3 гады ў калёніі агульнага рэжыму.

Палітоляг, сябра БСДП Ігар Леднік напісаў для партыйнага часопіса «Пазіцыя» артыкул «Міжнародна прызнаны нэўтралітэт Беларусі — гарантыя бясьпекі ў рэгіёне АБСЭ». Артыкул выйшаў 28 сьнежня 2020 году, а 7 чэрвеня 2021 году ён зьявіўся ў інтэрнэце.

Пракуратура Беларусі знайшла ў ім «заведама лжывыя, ганебныя і зьневажальныя для гонару і годнасьці Лукашэнкі зьвесткі, спалучаныя з абвінавачаньнем яго ў асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бясьпекі чалавецтва». Ледніка абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 367 КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG