Праваабаронцы «Вясны» атрымалі пацьверджаньне, што ў магілёўскай калёніі № 15 памёр грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітры Шлетгаўэр.
Пакуль адбываліся судовыя пасяджэньні, у яго нарадзілася дзіця. Па папярэдняй інфармацыі, сьмерць здарылася 11 кастрычніка. Ён прабыў у калёніі менш за месяц. Дакладная прычына сьмерці невядомая.
Летам Дзьмітрыя асудзілі да 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «шпіянаж» (арт. 358 КК) і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Гэта сёмая сьмерць палітвязьня за кратамі.
З сацыяльных сетак стала вядома, што Дзьмітрыю было 22 гады. Ён нарадзіўся ў расейскім Слаўгарадзе. У 2018 годзе атрымаў беларускі ВНЖ. Хлопец працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасьці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.
Раней у беларускіх турмах і калёніях ня менш за шасьцёра палітвязьняў памерлі за кратамі. Гэта Аляксандар Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.
- За чатыры гады з прычыны палітычнага перасьледу было затрымана каля 65 тысяч чалавек.
- За чатыры гады зафіксавана больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсіяў: ператрусаў, каротка- і доўгатэрміновых затрыманьняў, допытаў і інш.
- За чатыры гады колькасьць прызнаных палітвязьняў вырасла ў 55,5 раза: 9 жніўня 2020 году іх было 25, сёньня — 1385. Больш за 2000 чалавек ужо маюць статус былых палітвязьняў.
- Вядома пра мінімум 6971 фігуранта крымінальных справаў.
- 1140 палітвязьняў адбылі ў месцах няволі свае тэрміны цалкам.
- 51 чалавек вызвалены па амністыі і памілаваньні.
- Сёлета 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, «датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці». Але, тым ня менш, некаторых палітычных зьняволеных усё ж вызвалілі ў рамках гэтай амністыі.
- Мінімум 2671 чалавек асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту (паводле ч. 2 арт. 293 і арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Сямёра палітвязьняў памерлі за кратамі. Гэта Дзьмітры Шлетгаўэр, Аляксандар Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.
- Пяць чалавек загінулі падчас пратэстаў і затрыманьняў. Гэта Аляксандар Віхор, Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка і Андрэй Зельцар.
Форум