У калёніі № 3 «Віцьба» памёр 50-гадовы палітзьняволены Вадзім Храсько, паведамляе «Вясна».
У жніўні 2023 года судзьдзя Сяргей Хрыпач прызначыў яму 3 гады зьняволення за некалькі данатаў, нягледзячы на тое, што мужчына меў сур’ёзнае захворваньне.
Паводле праваабаронцаў, на 13 кастрычніка 2023 году быў прызначаны разгляд апэляцыйнай скаргі Вадзіма ў Вярхоўным судзе. Судовая калегія пад старшынствам Аляксея Цяцюхіна пакінула прысуд у сіле.
Вадзім памёр у ноч з 8 на 9 студзеня ад пнэўманіі. У лякарню мужчыну даставілі, калі ўжо нельга было яго выратаваць. Афіцыйныя структуры не камэнтуюць інцыдэнту ў віцебскай калёніі. 12 студзеня Вадзіма пахавалі ў Менску.
Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо чацьвёртая сьмерць у зьняволеньні асуджанага з палітычных матываў.
21 траўня 2022 года ў шклоўскай калёніі № 17 (Магілёўская вобласьць) памёр 50-гадовы актывіст і грамадзкі дзеяч Вітольд Ашурак, 7 траўня 2023-га ў віцебскай калёніі — 61-гадовы блогер і актывіст Мікалай Клімовіч з хворым сэрцам. 11 ліпеня 2023 — прывезены ў бальніцу з горадзенскай турмы № 1 57-гадовы мастак Алесь Пушкін, у якога дыягнаставалі прабадную язву.