Падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі Дональд Трамп даваў вялікія абяцаньні адносна таго, што будзе, калі ён верне сабе Белы дом.
«Пры вашай падтрымцы мы вернем моц, дамінаваньне, росквіт і гонар нашай нацыі, — сказаў Трамп за два тыдні да дня выбараў. — Гэта будзе новы залаты век Амэрыкі».
Цяпер, калі Трамп выйграў другі прэзыдэнцкі тэрмін, чаго можна чакаць ад ягонай будучай адміністрацыі? Адказ на гэтае пытаньне шмат у чым залежыць ад асобы, якую вы спытаеце.
Прыхільнікі Трампа вераць, што ён зноў зробіць Амэрыку вялікай як унутры краіны, так і за мяжой. А яго нядобразычліўцы папярэдзілі, што Трамп падарве дэмакратыю ў Злучаных Штатах.
Пакараньне
Трамп часта крытыкаваў сваіх палітычных праціўнікаў, называючы іх «ворагамі знутры» і мяркуючы, што зь імі «вельмі лёгка справіцца» вайскоўцам у выпадку хаосу пасьля выбараў.
Гэтыя камэнтары прымусілі віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс, якая балятавалася і прайграла Трампу, заявіць непасрэдна перад галасаваньнем, што Трамп «апантаны помстай, паглынуты крыўдай і імкнецца да бескантрольнай улады».
Унутры краіны судовая сыстэма ЗША зьяўляецца адной са сфэраў, дзе Трамп, як чакаецца, навядзе парадак, у асноўным з прычыны шматлікіх крымінальных спраў, зьвязаных зь ягоным першым тэрмінам, у тым ліку адносна меркаванага ўмяшаньня ў выбары і спробаў сарваць перадачу ўлады пасьля ягонай паразы на выбарах 2020 году.
Трамп таксама заявіў, што «абсалютна» памілаваў бы сваіх прыхільнікаў, якія знаходзяцца ў турме за іхны ўдзел у нападзе на Капітолій ЗША 6 студзеня пры няўдалай спробе сарваць ухваленьне перамогі Джо Байдэна. У шырэйшым сэнсе многія прагназуюць, што Трамп будзе выкарыстоўваць «Праект-2025» — ініцыятыву, задуманую правым аналітычным цэнтрам Heritage Foundation у Вашынгтоне для зьнішчэньня г. зв. «глыбіннай дзяржавы» (кансьпіралягічнае ўяўленьне пра сыстэму сакрэтнай паралельнай улады), у якасьці ўзору для сваёй палітыкі.
Трамп дыстанцыяваўся ад «праекту-2025» падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі, сьцьвярджаючы, што ня ведае, хто за ім стаіць, але расьсьледаваньне паказала, што ў ім задзейнічаныя як мінімум 140 чалавек, якія працавалі ў папярэдняй адміністрацыі Трампа.
«Трамп любіць гаварыць жорстка, але рэдка выконвае сказанае, — сказаў Кіт Нотан, сузаснавальнік амэрыканскай фірмы сувязяў з грамадзкасьцю Silent Majority Strategies. — Усе пакараньні будуць выпадковымі, а выконваць іх будуць супрацоўнікі. Я думаю, што ў Міністэрстве юстыцыі будзе шмат зьменаў».
Вайна і мір
Тое, як Злучаныя Штаты аказваюць свой уплыў ва ўсім сьвеце, таксама напэўна зьменіцца.
Трамп заявіў, што можа спыніць вайну Расеі ва Ўкраіне «за 24 гадзіны». Паколькі Ізраіль уцягнуты ў вайну на два фронты на Блізкім Усходзе супраць узброеных груповак, якія падтрымліваюцца Іранам, Трамп заклікаў Ізраіль «скончыць працу».
Пітэр Скеры, прафэсар паліталёгіі з Бостану, заявіў, што чакае, што Трамп «падштурхне нейкае ўрэгуляваньне» паміж Масквой і Кіевам, якое, паводле яго прагнозаў, будзе «азначаць вялікія саступкі з боку Украіны». Што Трамп будзе рабіць адносна Ізраіля, значна менш ясна, сказаў Скеры, але ён сказаў, што «ён будзе моцна падтрымліваць Ізраіль» і ў той жа час спрабаваць адрадзіць «Паразуменьні Абрагама», дэклярацыю, накіраваную на араба-ізраільскую нармалізацыю.
Кітай, зь якім Трамп разьвязаў гандлёвую вайну падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну, непрадказальны. Трамп паабяцаў увесьці больш высокія мыты на прадукцыю, вырабленую ў Кітаі, калі Пэкін «пойдзе на Тайвань».
Раней ён заяўляў, што яму не давядзецца выкарыстоўваць вайсковую сілу ЗША для перадухіленьня магчымай кітайскай блякады Тайваню дзякуючы яго адносінам з прэзыдэнтам КНР Сі Цзіньпінам.
Глябальны сьлед
За чатыры гады свайго знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта Трамп дамагаўся ад сяброў NATO дасягненьня неабходных узроўняў выдаткаў на абарону, большасьць з тых часоў дасягнула гэтых мэтаў.
Трамп таксама кантраляваў выхад ЗША з культурнага органа ААН UNESCO, Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД) з Расеяй, ядзернай угоды з Іранам, выпрацаванай з сусьветнымі дзяржавамі, Парыскага пагадненьня аб зьмякчэньні наступстваў зьмены клімату і спыненьне фінансаваньня для Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў сувязі зь яе рэакцыяй на эпідэмію каранавірусу.
Адміністрацыя Байдэна, якая цяпер сыходзіць, імкнулася аднавіць уплыў ЗША ў такіх пагадненьнях і інстытутах, але цяпер многія прагназуюць чарговы разварот пры Трампу. Скеры сказаў, што Трамп — «мэтанакіраваны эгаістычны актар», засяроджаны на ўнутраных праблемах.
Не было б нічога дзіўнага, калі б Трамп «вярнуўся на шлях» абмежаваньня ролі Вашынгтону ў некаторых сусьветных інстытутах, сказаў ён. Нотан сказаў, што «Трамп і далей будзе хацець рабіць усё сам». Але ён дадаў, што Кангрэс ЗША наўрад ці «пойдзе насуперак» і будзе супраціўляцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская: «У нас ёсьць кантакты з прадстаўнікамі Дональда Трампа»Лябедзька пра наступствы амэрыканскіх выбараў для Беларусі: «Інтрыга ўзьнікне, але рэзкіх зьменаў ня будзе».Кавалеўскі ацаніў працяг Стратэгічнага дыялёгу беларускай апазыцыі і ЗША пасьля выбараў Замежныя лідэры віншуюць Трампа: Зяленскі, Орбан і іншыяПрэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.